Материалы из зала суда Ушачского района

Закон - один для всех

Прыазёрныя скарбы

Нездарма ў народзе кажуць, што алкаголь да дабра не даводзіць. Упэўніцца ў праўдзівасці гэтых слоў на ўласным прыкладзе давялося напрыканцы чэрвеня жыхару вёскі Любжына 1982 года нараджэння. Запрасіўшы да сябе таварыша, Васіль устроіў невялікае застолле. І ўсё б нічога, аднак пасля спусташэння бутэлькі віна і каля чатырох літраў піва, мужчына задумаў нядобрае. Узяўшы мяшок і сумку, прымацаваўшы іх да дарожнага веласіпеда, ён праз лес накіраваўся да вёскі Пола. Разам з ім пайшоў і таварыш, праўда, мэты такой начной вылазкі той не ведаў. На пад’ездзе да населенага пункта Васіль папрасіў свайго спадарожніка затрымацца, сам жа пайшоў бліжэй да возера Палазер’е. І там яго чакала нямала “знаходак”: палівачныя шлангі, помпы “Ручаёк”, вудзільны. Усё гэта багацце пацягнула на агульную суму больш за 300 дэнамінаваных рублёў.

Склаўшы здабыты прыазёрны інвентар па сумках, мужчыны пайшлі дамоў. Адну вуду ў часовае карыстанне папрасіў у Васіля яго таварыш, астатні ж здабытак той прыхаваў у кустах за закінутай фермай і ля могілак. Вось толькі ад адказнасці гэта яго ўсё роўна не выратавала. Суд прызнаў жыхара Любжына вінаватым у крадзяжы і на падставе ч.1 арт.205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь назначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год. Улічваючы ж чыстасардэчнае прызнанне мужчыны, раскаянне і поўнае пакрыццё ім прычыненага ўрону, было вырашана не прыводзіць гэтае пакаранне ў выкананне, калі на працягу года грамадзянін не здзейсніць новага злачынства, будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязкі.

Цікаўнасць не заўсёды на карысць

Празмерная цікаўнасць прывяла нядаўна двух жыхароў гарпасёлка 1993 і 1982 гадоў нараджэння, работнікаў ПУП “КВАТ” на лаву падсудных. Так, у чэрвені, пад заканчэнне працоўнай змены, адзін з іх прыйшоў да металічнай скрыні, што размяшчаецца на тэрыторыі прадпрыемства, – хацеў даведацца, што знаходзіцца ўнутры. Агледзеўшы аб’ект, Дзяніс прыйшоў да высновы, што “разгерметызаваць” яго ў адзіночку не зможа: перашкаджаў металічны дрот на дзверцы. Шукаць памочніка доўга не прыйшлося – у бытоўцы ўбачыў калегу Мікалая, які пагадзіўся далучыцца да “разгадкі” таямніц аб’екта. Знайшоўшы непадалёк трубу, мужчыны хутка перабілі ёй дрот. Калі ж убачылі “начынне” скрыні – зварачны апарат з падаўжальнікам, шліфмашынку, розныя інструменты на агульную суму амаль 700 дэнамінаваных рублёў – не змаглі ўтрымацца і прысвоілі названыя рэчы.

Вось толькі схаваць ад праваахоўнікаў, здавалася б, незаўважаную аперацыю не ўдалося. У адносінах мужчын была ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.205 КК Рэспублікі Беларусь. Суд прызнаў іх вінаватымі ў крадзяжы, здзейсненым групай асоб, і назначыў Дзянісу пакаранне ў выглядзе 1 года і 6 месяцаў, а Мікалаю – 1 год пазбаўлення волі. Праўда, абодвум дадзены шанс на выпраўленне: гэтая санкцыя не будзе прыменена, калі на працягу года грамадзяне зноў не пераступяць мяжу закона.

М.КАСТАГРЫЗАЎ,  суддзя суда Ушацкага раёна.

“Радасць” бацькоўства

Жыхар гарпасёлка 1989 года нараджэння станавіцца татам у сваім узросце зусім не збіраўся. Таму калі знаёмая, з якой маладога чалавека звязвала ўсяго адна “блізкая” сустрэча, заявіла, што чакае дзіця, не паверыў у сваё дачыненне да гэтага факту. Нават калі на свет з’явіўся малыш, як дзве кроплі вады на яго падобны, Мікіта не спяшаўся яго прызнаваць. Зрэшты, як і тады, калі атрымаў станоўчы вынік тэста ДНК.

Ведаючы аб сваім абавязку выплачваць аліменты на ўтрыманне дзіцяці, шукаць патрэбныя сумы новаспечаны тата не імкнуўся: ніякіх мер па працаўладкаванні і пагашэнні запазычанасці не прымаў, хаваў ад судовага выканаўцы памеры і крыніцы сваіх даходаў, на ўлік у службу занятасці не станавіўся. У выніку з 1 лістапада 2014 года па 31 мая 2016-га ў яго па аліментах назбіралася сума запазычанасці ў памеры 1 тысячы 909 рублёў.

У дадзеным выпадку гаворка ідзе не толькі пра парушэнне грамадзянінам пэўных маральных устояў, аднак і пра парушэнне ім існуючага заканадаўства. Дзеянні Мікіты кваліфікуюцца як злачынства, прадугледжанае ч.1 арт.174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – ухіленне бацькоў больш 3 месяцаў на працягу года ад выплаты па судовай пастанове сродкаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. Суд назначыў ушачаніну дастаткова мяккую меру пакарання – не звязаную з пазбаўленнем волі. Аднак варта нагадаць гора-бацькам, што за “эканомію” на ўласных дзецях можна нават сесці ў турму на тэрмін да 1 года.

С.ШАЙТАР, старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *