Юбилей Фонда мира в Ушачах

В общественных организациях Общество

Беларускі Фонд міру сёлета адзначыў 55-годдзе з дня свайго заснавання. Урачыстыя мерапрыемствы прайшлі на ўзроўні рэспублікі і вобласці. У пятніцу ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці пад дэвізам “Нам мір завешчана берагчы” адбылося і раённае свята, прысвечанае юбілею грамадскай арганізацыі.

Лепшыя міратворцы ў вобласці

Ушацкая раённая арганізацыя стабільна працуе і развіваецца ўжо больш 15 гадоў. Яна займае высокія пазіцыі ў рэспубліцы, з’яўляецца лепшай у вобласці. Заслуга ў гэтым, канечне, і яе актыўнага, мэтанакіраванага лідара – Таццяны Міхайлаўны Малак, “Чалавека Года Віцебшчыны-2014” у намінацыі “грамадская дзейнасць”. На юбілейным мерапрыемстве раённай арганізацыі ўручана Ганаровая грамата раённага Савета дэпутатаў.

– У Фонду міру шмат высакародных спраў і традыцый, у нашай раённай арганізацыі – таксама. У самой назве змешчана ключавое слова – мір. Гэта адна з вялікіх каштоўнасцей. Хачу падзякаваць усім вам за вашу пазіцыю і падтрымку Фонду, – адзначыла ў сваім выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка.

Падзякі раённага Савета дэпутатаў атрымалі педагог-псіхолаг Ушацкай школы Вольга Дзмітрыеўна Сідарчук і загадчык аддзела маркетынгу раённай бібліятэкі Лідзія Міхайлаўна Шкаруба. Падзяка раённага выканаўчага камітэта ўручана паштальёну аддзялення паштовай сувязі вёскі Двор Пліна Наталлі Генадзьеўне Апёнак.

За актыўнае садзейнічанне ў рэалізацыі праектаў фонду міру на ўшацкай зямлі, вялікі ўклад у міратворчы рух вобласці Падзякамі Віцебскага абласнога аддзялення “Беларускі фонд міру” былі адзначаны працоўныя калектывы цэнтральнай аптэкі, Арэхаўскай, Плінскай, Глыбачанскай, Вяркудскай школ, дзіцячага ясляў-сада №3 г.п.Ушачы, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага аддзела ўнутраных спраў, ААТ “Ільюшынскі”.

Падзякі абласной і раённай арганізацыі за важкі ўклад у міратворчы рух былі ўручаны яшчэ 35-ці ўшачанам – актывістам і нераўнадушным людзям.

Шмат добрых спраў

На рахунку раённай арганізацыі нямала добрых спраў. Не раз мы расказвалі аб дзейнасці фонду па выяўленні і ўвекавечанні імён невядомых герояў вайны. Сёлета ж галоўнай і асноўнай тэмай стала рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу “Прарыў” – на работы, звязаныя з яго рэстаўрацыяй, раённай арганізацыяй было пералічана больш за 20 мільёнаў недэмінаваных рублёў. Але нямала і такіх дабрачынных спраў, якія не на слыху ва ўсіх.

– Хачу падзяліцца з вамі і прывесці канкрэтны прыклад дабрачыннасці Фонду, – хвалюючыся, пачала свой аповед падчас мерапрыемства В.Д.Сідарчук. – Гэтым летам я была начальнікам лагера ў Турасполлі. Неяк мне патэлефанаваў дырэктар цырка (з забаўляльнай праграмай яны гастралявалі па гарадах) і прапанаваў свае паслугі. З 50 выхаванцаў лагера 38 былі сіротамі, адразу падумалася, што нічога не атрымаецца. Але ж так хацелася, каб і гэтыя дзеці не адчувалі сябе абдзеленымі… Я вырашыла звярнуцца да Таццяны Міхайлаўны Малак, ведала, што ў гэтым годзе шмат сродкаў ідзе на “Прарыў”, але ж на ўсялякі, як кажуць, выпадак агучыла ёй праблему. У нашым лагеры адпачывалі дзеці і з суседніх раёнаў, Таццяна Міхайлаўна звязалася са сваімі калегамі і да нас праз тыдзень прыехаў цырк! Вы б бачылі зачараваныя вочы малых падчас прадстаўлення… Дзякуй грамадскай арганізацыі за дапамогу і спагаду,  – ледзь стрымала слёзы падчас свайго выступлення Вольга Дзмітрыеўна.

Рады ўвазе і пажылыя людзі, калі арганізацыя напярэдадні навагодніх святаў праводзіць акцыю “Вы не адзінокія – мы з вамі” і наведвае з падарункамі бальніцы сястрынскага догляду  ў Вялікіх Дольцах, Дубраўцы і Глыбачцы. Важкія падарункі ад Фонду міру атрымлівае і дзіцячы сацыяльны прытулак у гарпасёлку. Летась раённая арганізацыя выступіла спонсарам народнага квартэта “Натхненне” для ўдзелу ў міжнародным конкурсе харавых і вакальных калектываў “Магутны Божа”, дзе ансамбль быў прызнаны лепшым і ўзнагароджаны Дыпломам 1-й ступені.

Гэта далёка не ўвесь пералік дабрачынных спраў.

– Поспех нашай арганізацыі залежыць ад многіх фактараў, асноўныя з якіх – разуменне і павага жыхароў Ушаччыны, вялікая падтрымка раённай улады. Дзякуй вам за гэта, разам мы зможам многае!  – адзначыла Т.М.Малак.

Дзіця міру ў юбілейны год

Існуе добрая традыцыя ўшаноўваць малышоў, якія нараджаюцца 21 верасня – у Дзень міру. Маленькія беларусы атрымліваюць адпаведны статус “Дзіця міру”. Так, напрыклад, за шэсць гадоў існавання акцыі ганаровае пасведчанне атрымалі больш за 170 дзяцей Віцебшчыны. Сёлета гэты спіс папоўніла і маленькая ўшачанка!

– Мы зайздросцілі іншым раёнам, дзе кожны год менавіта ў гэты дзень нараджаюцца малышы, і чакалі, калі дзіця міру з’явіцца ў нас. І я вельмі рада, што ў юбілейны для Фонду год на Ушаччыне 21 верасня ў сям’і Ільі і Ксеніі Загародніх з Завячэлля на свет з’явілася дачушка Ульяна, – з радасцю паведаміла прысутным Таццяна Міхайлаўна Малак.

Ушанаванне сям’і было прымеркавана да святочнага мерапрыемства. Вядома ж, маленькая Ульяна не змагла прысутнічаць на гэтым свяце – сертыфікат “Дзіця міру”, грашовая дапамога ў памеры трох базавых велічынь і падарунак ад Фонду міру ўручаны яе бацькам. Ульяна Загародняя стала другім “Дзіцём міру” на Ушаччыне і склала кампанію таксама Ульяне, якая нарадзілася 21 верасня 2013 года ў сям’і Свідзінскіх. Для трохгадовай дзяўчынкі грамадская арганізацыя таксама падрыхтавала падарунак, які Т.М.Малак перадала яе бабулі Галіне Іванаўне. Спадзяёмся, што да дзвюх Ульян у наступным годзе далучацца новыя маленькія ўшачане.

“Шчасце – жыць у мірнай краіне!”

У конкурсе сачыненняў пад такой назвай прынялі ўдзел вучні ўсіх школ раёна. Прысвечаны ён быў 55-годдзю Беларускага фонду міру.

“Давайце будзем цаніць кожнае імгненне нашага жыцця, радавацца кожнаму мірнаму дню, любіць людзей! Давайце свежасць ветру ўдыхаць, сагравацца праменямі сонца, слухаць шум лесу, бо сапраўднае шчасце – адчуваць сябе свабодным! Кожнаму хочацца жыць мірна і спакойна. Мы павінны берагчы і любіць сваю Радзіму, не дапусціць вайны. Вось яно, шчасце!” Так яго апісала вучаніца Вяркудскай школы Дзіяна Герцык. Яна, а таксама  Алеся Літвін і Ганна Кандзякова з Глыбачанскай і Ушацкай школ, сталі пераможцамі раённага этапу конкурсу.  Дзяўчынкі атрымалі ў падарунак патрэбную рэч – флэш-накапляльнікі. Тэксты іх сачыненняў будуць змешчаны ў спецыяльным альбоме рэспубліканскага аб’яднання.

* * *

Дапаўнялі юбілейнае свята яркія канцэртныя нумары. У гэты дзень на ўшацкай сцэне выступілі артысты з Полацкага Палаца культуры, якіх поўная зала вітала цёплымі і шчырымі апладысментамі, а разыходзячыся, ушачане дзяліліся ўражаннямі ад цікавага і запамінальнага мерапрыемства.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *