Трое ушачан удостоены звания «Человек года Витебщины-2016»

Ими гордятся Наш современник Наши земляки Общество Официально Экономика и малый бизнес

Яшчэ адзін дзень і чарговая адметная ўрачыстасць увайшлі ў гісторыю Прыдзвінскага краю – у мінулую пятніцу ўшаноўвалі самых старанных рупліўцаў з усіх рэгіёнаў вобласці, якія стваральнай, творчай працай, інавацыйным падыходам робяць усё магчымае для росквіту і развіцця роднай зямлі.  Званне “Чалавек года Віцебшчыны-2016” атрымалі сто лепшых прадстаўнікоў прамысловага і аграпрамысловага комплексаў, аховы здароўя, адукацыі, навукі, культуры, мастацтва, сферы паслуг, сродкаў масавай інфармацыі, бізнесу, праваахоўных органаў, архітэктуры, будаўніцтва, дарожнай і жыллёва-камунальнай гаспадарак, спорту, сацыяльнай абароны, энергетыкі, транспарту і іншых сфер. З года ў год рэгіёны вобласці ўпісваюць у гісторыю свайго развіцця новыя старонкі, а разам з імі і імёны людзей, якія з’яўляюцца іх гонарам, самым вялікім багаццем. З гэтага моманту гордасцю не толькі Ушацкага раёна, а ўсяго Прыдзвіння, з’яўляюцца і нашы землякі, Віктар Міхайлавіч Шыркевіч, Святлана Фёдараўна Папко і Васіль Васільевіч Мядзведскі (на здымку).

Ну а першыя словы віншаванняў і ўдзячнасці ў гэты дзень члены дэлегацыі раёна пачулі ад старшыні райвыканкама Віктара Віктаравіча Родзіча, які ўзначаліў дэлегацыю раёна – прадстаўнікі ўлады рэгіёнаў, кіраўнікі прадпрыемстваў, дзе працуюць лепшыя людзі вобласці, таксама былі запрошаны на ўрачыстасць, каб падтрымаць сваіх землякоў і шчыра раздзяліць з імі хвалюючыя імгненні.

“Са святам!” – віталі адзін аднаго ў канцэртнай зале “Віцебск” удзельнікі ўрачыстай цырымоніі. А святочная атмасфера панавала тут яшчэ да пачатку мерапрыемства. На выставе можна было азнаёміцца з інавацыйнай прадукцыяй вядучых прадпрыемстваў прамысловасці вобласці, якую добра ведаюць і за межамі нашага рэгіёна. І сапраўды, для Віцебшчыны маштабнае ўшанаванне сваіх перадавікоў – сапраўднае свята, бо ў тым, што вобласць па выніках мінулага года аказалася на добрым рахунку ў рэспубліцы, у многім заслуга тых, хто пад апладысменты ўздымаўся на сцэну за ўзнагародамі.

Як адзначыў у сваім выступленні старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта М.М.Шарснёў, прафесійная дзейнасць заўсёды была і застаецца той меркай каштоўнасцей, якая аб’ядноўвае людзей, напаўняе жыццё сэнсам і зместам. “Гісторыя вучыць: мір, праца, згода і згуртаванасць у грамадстве з’яўляюцца надзейнымі фундаментамі дабрабыту любой краіны”, – падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч.

Вітаючы ўдзельнікаў свята, ён засяродзіў увагу на леташніх дасягненнях. Губернатар нагадаў, што 2016-ы быў стартавым годам новай пяцігодкі, асноўныя напрамкі развіцця якой адобраны на пятым Усебеларускім народным сходзе. І па шэрагу пазіцый вобласці ўдалося дабіцца станоўчай дынамікі. Многія прадпрыемствы нарасцілі аб’ём выпуску і рэалізацыі прадукцыі, знізілі складскія запасы, павялічылі экспарт. А па працэнце вытворчасці інавацыйнай прадукцыі ў прамысловасці Віцебшчына займае лідзіруючае месца ў рэспубліцы. У сельскай гаспадарцы ўдалося ўзняць надоі малака, аднавіць пагалоўе свіней, у 1,4 раза павялічыць паказчык нарыхтаваных кармоў. М.М.Шарснёў адзначыў, што ў 2017 годзе вобласць разлічвае на значнае павышэнне эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці за кошт далейшага развіцця чатырох буйных аграхолдынгаў, створаных на базе Віцебскага мясакамбіната, Глыбоцкага камбікормавага завода, Аршанскага і Полацкага камбінатаў хлебапрадуктаў – ужо зараз яны даюць звыш пятай часткі аб’ёму прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. Маштабнае рэфармаванне галіны ўжо пачалося і закране практычна ўсе рэгіёны, у тым ліку і наш раён.

Неабходна захоўваць і нарошчваць патэнцыял малога і сярэдняга бізнесу, ствараць працоўныя месцы, асабліва ў невялікіх гарадах і сельскай мясцовасці. Для дзяржавы гэта адзін з прыярытэтаў, але ў сённяшніх складаных умовах людзі павінны разумець, што гэта не толькі справа ўлады, праяўляць ініцыятыву самім. У якасці яскравага прыкладу такога гаспадарчага падыходу да справы М.М.Шарснёў прывёў аднаго з сёлетніх лаўрэатаў, заснавальніка сялянскай фермерскай гаспадаркі з Расон Анатоля Барадулькіна: фермер развівае на сяле дрэваапрацоўку, стварае кожны год 10-15 працоўных месцаў, актыўна дапамагае ветэранам, установам адукацыі, за што карыстаецца заслужанай павагай землякоў.

У сферы правапарадку асноўнымі задачамі застаюцца папярэджанне злачынстваў і правапарушэнняў, карупцыі, забеспячэнне належнага ўзроўню грамадскай бяспекі. Стабільнасць і спакой – аснова паспяховага развіцця рэгіёна. Дапамагчы органам улады і праваахоўнікам павінны і самі грамадзяне, займаць актыўную пазіцыю.

Губернатар прывёў прыклады і шматлікіх здабыткаў Віцебшчыны ў невытворчай сферы. У Год культуры ў вобласці праведзена больш 120 тысяч мерапрыемстваў, у тым ліку 8 міжнародных і 38 абласных. Прыемна, што сярод важнейшых прагучала і абласное свята на абноўленым мемарыяльным комплексе “Прарыў”, прысвечанае Дню Перамогі.

Шмат робіцца на Віцебшчыне для развіцця спорту. У мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю комплекс гульнявых відаў спорту з лыжаролернай трасай “Алімпіец” у Оршы, рэканструяваны фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў Сянно і Шуміліне, вядзецца будаўніцтва новага ў нас ва Ушачах, плавальных басейнаў у Гарадку і Лёзне, стадыёна ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Добра вядома, што губернатар сам актыўна і паспяхова займаецца гіравым спортам, высока цэніць тых, хто праслаўляе рэгіён на мяжы сваіх магчымасцей. Званне “Чалавека года Віцебшчыны-2016” удастоены спартсмены, вядомыя ўсяму свету: пераможца Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра батутыст Уладзіслаў Ганчароў і ўладальнік залатога медаля Паралімпіяды ў Бразіліі Андрэй Парэвіч (на здымку). Дарэчы, ганаровы грамадзянін Полацка прыехаў на цырымонію са збораў. Сёння ён займае першае месца ў сусветным рэйтынгу сярод фехтавальшчыкаў на інваліднай калясцы і рыхтуецца прадстаўляць Беларусь на Кубку свету, які хутка пройдзе ў Венгрыі. Лаўрэатамі сталі і трэнеры спартсменаў.

Акрамя іх у спісе ўзнагароджаных багата людзей вядомых не толькі ў межах вобласці. Моладзь у сваёй намінацыі годна прадставіў Дзмітрый Куксо, студэнт 4-га курса фінансава-эканамічнага факультэта Полацкага дзяржуніверсітэта, лаўрэат стыпендыі імя Максіма Багдановіча, які ў мінулым годзе стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Студэнт года”. Сярод лаўрэатаў – ігумення Спаса-Еўфрасінеўскага жаночага манастыра ў Полацку Любоў Ляўшук, фотакарэспандэнт БелТА Аляксандр Хітроў.

2017-ы аб’яўлены Годам навукі і, па-меркаванні губернатара, менавіта з перадавымі распрацоўкамі звязаны інтэлектуальнае развіццё нацыі і рост дабрабыту грамадзян. Гэта ў канчатковым выніку стане для рэгіёна вызначальным, дапаможа павелічэнню канкурэнтаздольнасці.

– Галоўным клопатам улады ёсць і будзе заставацца павышэнне якасці жыцця насельніцтва, збалансаваны падыход да вырашэння сацыяльных пытанняў. Увага да сацыяльнай сферы – барометр здароўя нацыі, – зазначыў напрыканцы цырымоніі кіраўнік вобласці і яшчэ раз паўтарыў, што за ўсімі падзеямі, дасягненнямі ў жыцці Віцебшчыны стаяць людзі.

Усіх лаўрэатаў адрознівае ўменне мысліць наватарскі, спалучаць вопыт і майстэрства з імкненнем удасканальвацца ў прафесіі. Пры ўручэнні ўзнагарод губернатар падзякаваў кожнаму работніку за добрасумленную працу на карысць Прыдзвінскага краю і Беларусі, выказаў упэўненасць, што іх поспехі натхняюць на новыя здзяйсненні іншых.

У канцы ўрачыстасці М.М.Шарснёў уручыў дзяржаўную узнагароду – медаль “За працоўныя заслугі” атрымаў старшыня племяннога завода па развядзенні буйной рагатай жывёлы “Детскосельский” Юрый Брагінец. “Слава працы!” – гэтыя глыбока сімвалічныя словы кіраўніка падвялі рысу пад урачыстай часткай мерапрыемства.

На святочным канцэрце лепшыя творчыя зоркі вобласці радавалі майстэрствам зорак-працаўнікоў – менавіта так вядучы мерапрыемства назваў лаўрэатаў ганаровага звання. Вітаў іх і знакаміты спявак Руслан Аляхно.

Старшыню аблвыканкама радуе, што кожны раз пры вызначэнні вартых звання “Чалавек года Віцебшчыны” даводзіцца сутыкацца не з праблемай, як выбраць лепшых, а як вылучыць найлепшых. На такой урачыстасці давялося прысутнічаць упершыню і трэба сказаць, што пачуццё гонару сапраўды перапаўняе за кожнага з лаўрэатаў. Але ж, зразумела, за землякоў было радасна асабліва. За тое, што залаты фонд раёна сёлета павялічыўся яшчэ на тры працаўнікі. Дарэчы, усе яны сталі лаўрэатамі ў сферах, дзе раней у нас не было пераможцаў. А яшчэ няцяжка падлічыць, што па працэнтных суадносінах жыхароў да колькасці ўладальнікаў ганаровага звання наш аграгарадок Арэхаўна стаў бы пераможцам сярод усіх населеных пунктаў Віцебшчыны! Менавіта тут ажыццяўляюць сваю дзейнасць пераможца міжнароднага конкурсу, настаўнік пачатковых класаў мясцовай школы Святлана Фёдараўна Папко, лаўрэат у намінацыі “Адукацыя, навука”, і Віктар Міхайлавіч Шыркевіч, начальнік участка УП ЖКГ Ушацкага раёна, лаўрэат у намінацыі “Жыллёва-камунальная гаспадарка”. Зрэшты, у адносінах апошняга гэта будзе не зусім дакладна, бо рабочыя ўчастка не толькі спраўна абслугоўваюць жыллёвы фонд аграгарадка, але і працуюць у гарпасёлку, іншых населеных пунктах раёна. Часта пакідае Ушачы і накіроўваецца ў рэйсы за будматэрыяламі наш трэці “Чалавек года Віцебшчыны-2016” Васіль Васільевіч Мядзведскі, вадзіцель сядзельнага цягача ПМК-66, лаўрэат у намінацыі “Архітэктура, будаўніцтва, дарожная гаспадарка”, які амаль усё вялікае працоўнае жыццё прысвяціў адной справе і адной арганізацыі.

Дадому нашы лаўрэаты вярталіся шчаслівыя і ўзнёслыя. Такая высокая ацэнка працы стала для іх прыемнай нечаканасцю. “Проста сумленна працавалі на сваіх рабочых месцах, выконвалі даведзеныя заданні і стараліся дасягнуць большага”, – у адзін голас казалі людзі года, дзякавалі калектывам і сцвярджалі, што без падтрымкі калег і кіраўнікоў сваіх арганізацый не было б і звання. І дадавалі, што зараз у абавязковым парадку прыйдзецца адпавядаць пачэснаму статусу, які стане стымулам для новых дасягненняў.

У хуткім часе білборд з іх партрэтамі стане дастойным упрыгожаннем уезду ў гарпасёлак, а мы больш падрабязна раскажам пра працоўны шлях кожнага з лаўрэатаў, бо яны, безумоўна, гэтага дастойныя.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *