Василий Васильевич Медведский — один из трёх лауреатов звания «Человек Года Витебщины» от Ушачского района

Ими гордятся

З трох ушацкіх лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны” па выніках работы за мінулы год на цырымоніі ўзнагароджання ў абласным цэнтры самым спакойным выглядаў Васіль Васільевіч Мядзведскі. Гэта дрэнна стасуецца з тым, што менавіта яго прафесія – вадзіцеля цягача – найменш медыйная. Здаецца, на такім прадстаўнічым форуме ветэран Ушацкай ПМК-66, атрымліваючы сертыфікат і нагрудны знак да ганаровага звання, слухаючы словы ўдзячнасці ад губернатара, абавязкова павінен быў хвалявацца. І эмоцыі, канечне, перапаўнялі, вось толькі стрымліваць іх мужчына навучыўся даўно, бо ў лік перадавікоў на ўзроўнях ад ведамаснага да раённага трапляе ледзь не кожны год, быў, дарэчы, у ліку намінантаў на “Чалавека года Віцебшчыны” і раней. Таму да ўвагі прывык і адносіцца да яе спакойна: “Мабыць па сукупнасці стажу прайшоў, нічога асаблівага ў мінулым годзе я не здзейсніў – працаваў, як звычайна”, – кажа Васіль Васільевіч. Але ў прымяненні да яго, гэта “звычайна” азначае старанна, адказна і бездакорна.

Інакш адносіцца да справы ён проста не ўмее. З пачатку прафесійнай дзейнасці ў сярэдзіне 70-х ужо мінулага стагоддзя В.В.Мядзведскі меў справу толькі з грузавымі аўтамабілямі. Вадзіцельскае пасведчанне стала адным з першых самастойных дакументаў – ура­джэнец Заазер’я атрымаў яго неўзабаве пасля заканчэння Матырынскай васьмігадовай і Ушацкай сярэдніх школ.

У ПМК‑66 ён уладкаваўся ў далёкім 1978 годзе, дзе з невялікім перапынкам працуе і па сённяшні дзень. Кажа, што свайму прадпрыемству, да якога прыкіпеў душой, ніколі не здрадзіў бы, ды прымусілі сямейныя абставіны.

Работы вясковы хлопец ніколі не баяўся і сваю зарплату не атрымліваў, а менавіта зарабляў, абслугоўваючы два і нават тры аўтамабілі. У часы вялікай будоўлі была вельмі напружаная праца. Аб’ёмы прымушалі вывозіць цэмент з Полацка вагонамі. Канечне, працаваў Васіль Васільевіч не адзін, але, бывала, для таго, каб справіцца з заданнем, рабіў запар шэсць рэйсаў на Полацк і рабочы дзень перарастаў у рабочыя суткі.

Да гэтага ён паспеў некаторы час “пакруціць баранку” ў сельгасхіміі на ЗіЛе. Потым запрасілі ў ПМК‑50 на новы аўтамабіль, абяцалі выдзеліць кватэру ў доме, што будаваўся за ўнівермагам. Аднак у трэсце ва ўключэнні ў спісы адмовілі – “яшчэ і году не адпрацаваў”. Тады Васіль Васільевіч перайшоў у МПМК‑38, такую назву тады насіла асноўная будаўнічая арганізацыя раёна. Тут быў патрэбны кранаўшчык, а Васіль Васільевіч якраз меў навыкі гэтай прафесіі, авалодаўшы ёй яшчэ падчас армейскай службы.

На той час у арганізацыях была магчымасць як след заахвоціць работнікаў: “Калі бу­дзеш старацца, то твая кватэра вунь, на другім паверсе!” – паказваў на недабудаваную пяціпавярхоўку на Дзяржынскага дырэктар ПМК. “Ну я і “ламаў” рэйсы!” – на прафесійным слэнгу кажа В.В.Мядзведскі. На кране, праўда, папрацаваць не прыйшлося і Васіль Васільевіч працягваў кіраваць грузавымі ЗіЛамі. Словы кіраўніка прыняў да ўвагі і… план сацыялістычных спаборніцтваў выконваў так, што прэміі за першыя месцы па выніках месяца і кварталаў за выпрацоўку тонакіламетраў нязменна даставаліся яму!

Набылі стары трохмоставы ўжо спісаны МАЗ – і за два месяцы Васіль Васільевіч прывёў яго ў рабочы стан. “Твой аўтамабіль павінен быць як пажарны – завёў у любы час сутак і паехаў”, – казала кіраўніцтва. І аўтамабіль стаў адной з асноўных адзінак на перавозках, прычым калясіў не па “завуголлі”, а адпраўляўся за будматэрыяламі і за межы вобласці.

Дырэктар Л.Стэльмах аказаўся чалавекам слова – праз год старанны працаўнік атрымаў новую трохпакаёвую кватэру з выгодамі і трэцяя дачушка нарадзілася ўжо гараджанкай. У дзевяностыя цяжка прыйшлося бацькам, калі адразу ўсе трое сталі студэнткамі.

– Малодшай дачцэ на першым курсе не далі месца ў інтэрнаце. Як зараз памятаю, што за кватэру трэба было плаціць 18 тысяч рублёў, а атрымліваў я на той час 45-50. А трэба было і старэйшых вучыць, і самім з жонкай неяк жыць. Прыйшлося ісці да прыватніка на работу, ды бацькі дапамагалі. Але праз два гады, калі старэйшая дачка скончыла інстытут, вярнуўся ў ПМК‑66.

Тады ўзводзілі шматкватэрныя дамы, домікі на сяле. У жыллё­вых кааператывах, што як грыбы раслі на Віцебскай, – таксама яго заслуга. Падвозіць матэрыялы Васіль Васільевіч і на сучасныя будоўлі. Усё лета дастаўляў плітку і бардзюрны камень з Оршы на фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Дарэчы, МАЗ В.В.Мядзведскага самы новы, а прабег у яго ўжо самы вялікі.

Зараз адлегласці нязначныя, а ў савецкія часы намотваў на вось тысячы кіламетраў за адзін рэйс, прывозіў шыфер аж з Кіева, Карэліі.

– Многія хлопцы баяліся ездзіць у дальнія паездкі, некаторых і ў Мінск не адправіць было. А я далёкія камандзіроўкі любіў – калі тэхніка ў нармальным стане, то нічога страшнага. У Васкрасенск, напрыклад, выязджаў у панядзелак, а вяртаўся ў пятніцу, комплекс тады ў Двор Пліне будавалі. Браў з сабой у дарогу падушку, коўдру і спаў прама ў аўтамабілі – спакойна было на дарогах, можна было спыніцца на любой стаянцы без страху быць абрабаваным. Малады быў, косці яшчэ не балелі. Зараз у вялікай кабіне за сядзеннямі ёсць спальнае месца, толькі вось ехаць далёка няма неабходнасці, – усміхаецца Васіль Васільевіч.

Яго брат працаваў на поўначы, добра зарабляў. Улічваючы тое, што дома бываў рэдка, а Васіль Васільевіч быў асноўным памочнікам у бацькоў у Заазер’і, у складчыну набылі яму “шасцёрку”. Дзевяць тысяч тады каштавалі “Жыгулі”, пяць даў брат, тысячу бацька. Пра адносіны В.В.Мядведскага да тэхнікі гаворыць і той факт, што тыя “Жыгулі”, хоць і служаць зараз іншаму чалавеку, а ўсё яшчэ на хаду!

Працуе Васіль Васільевіч вадзіцелем, але дзень будаўніка для яго – галоўнае свята па праве, тым больш што рукі, як кажуць у народзе, у яго “растуць адкуль трэба”. Мае дачу ў Ваўчо, якая дасталася ў спадчыну ад цёткі жонкі. “Я заўсёды там дапамагаў працаваць, вось на нас і перапісалі”, – проста расказвае мужчына і дзіву даешся, як у яго на ўсё хапае часу. Дачу ён адрамантаваў, пабудаваў лазню і альтанку, паклаў плітку і паставіў новую агароджу з металапрофілю – ёсць дзе сабрацца дочкам і ўнучкам. Гледзячы на Васіля Васільевіча, не верыцца, што ў хуткім часе ён ужо можа стаць прадзедам – старэйшай унучцы хутка споўніцца 19 гадоў!

Ён жа з прафесіяй ужо неаднаразова спрабаваў закончыць, ды не адпускаюць на прадпрыемстве, складана знайсці замену такому неабыякаваму работніку. Напрыклад, да апошняга рэйса ў Салігорск за соллю для гаспадарак раёна Васіль Васільевіч рыхтаваўся ўсе выхадныя, вымятаў кузаў, латаў шчыліны, каб не прасыпаўся каштоўны груз. І зараз у свае амаль 65 В.В.Мядзведскі пры неабходнасці садзіцца за руль не толькі свайго МАЗа, можа, калі гэта патрэбна прадпрыемству, кіраваць любым аўтамабілем і ехаць у рэйс любой складанасці. Нягледзячы на ўзрост ён працягвае шчыра любіць свой калектыў і дарогі, якія сталі яго жыццём. А яго ён пабудаваў нястомнай працай, з бязмежнай любоўю бацькі і дзядулі.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *