У фотографа Виктора Ярмоша ежедневная работа и любимое занятие для души совпадают

Экономика и малый бизнес

Дамовіцца з В.М.Ярмошам аб падрыхтоўцы артыкула аказалася няпростай задачай. І калі расказаць пра сябе, сваю работу мужчына яшчэ пагаджаўся, то вось ад фатаграфавання катэгарычна адмаўляўся: для чалавека, які ўсё жыццё знаходзіцца пераважна па той бок фотакамеры, самому трапіць у кадр было нязвыкла і няёмка.

Любоў да фатаграфіі ў Віктара Мікалаевіча з дзяцінства. Мужчына прыгадвае, як больш за 50 гадоў таму ў Строкты, адкуль ён родам, прыязджаў прафесійны фотакарэспандэнт, хадзіў па хатах, рабіў партрэты жыхароў. Адзін, на якім адлюстраваны тата героя нашага аповеду, і па сённяшні дзень як рэліквія захоўваецца ў сям’і Ярмошаў. Віктар Мікалаевіч, цяпер ужо прафесійны фатограф, кажа, што зрабіць штосьці падобнае зараз – нават пры камп’ютарных тэхналогіях – практычна немагчыма: настолькі творчым і мастацкім быў раней працэс стварэння фатаграфіі. Тады, зусім яшчэ хлапчуком, ён з захапленнем назіраў за работай незнаёмца і ўяўляў, як некалі таксама возьме ў рукі фотаапарат.

Падчас вучобы ва Ушацкай школе В.М.Ярмош адным з першых запісаўся ў фотагурток, заняткаў не прапускаў. Заахвочаным юнакам і дзяўчатам па чарзе давалі фотаапарат “Змена-7”, якім яны лавілі цікавыя кадры – пасадку льну ці праполку прышкольнага ўчастка. Грошай на плёнку наш герой ніколі не шкадаваў. Вельмі любіў і праяўляць яе, рабіць здымкі разам з кіраўніком гуртка Яўгенам Пятровічам Васілеўскім. А пасля ўрокаў абавязкова падыходзіў да будынка РКБА, дзе праз акно назіраў за работай прафесіянальных фатографаў (фотаатэлье размяшчалася тады на першым паверсе).

Бачачы такую любоў сына да фатаграфіі, тата Віктара Мікалаевіча падарыў яму апарат “Чайка-2”, які мог здымаць па 72 кадры. Паступова з’явіліся ў арсенале юнага фотааматара і спецыяльныя ванначкі, праяўляльнікі, лямпы, набыць якія ў той час было сапраўднай удачай.

– Памятаю, як аднойчы, едучы на веласіпедзе, няўдала прызямліўся і адбіў у ванначцы кавалак, – расказвае В.М.Ярмош. – Некалькі гадзін прыходзіў у сябе і, не знайшоўшы іншага варыянту, склеіў звычайным пластылінам, ды настолькі якасна, што праслужыла потым прылада не адзін год. Нават калі ўжо прыехаў на працу ў КБА, узяў яе з сабой.

А тады ўвесь свой вольны час юнак траціў на фатаграфію. Наяўнасць мапеда дазваляла аб’ехаць за дзень па некалькі населеных пунктаў. А калі самастойна праявіў першую плёнку, на якой удала атрымаліся лясныя пейзажы, аббег з гэтай навіной усю родную вёску – дзяліўся радасцю з сябрамі, суседзямі. Зрэшты, і па сённяшні дзень нярэдка сніцца Віктару Мікалаевічу яго дамашняя фоталабараторыя і тыя “магічныя” дзеянні па стварэнні першых фотаработ.

Зразумела, калі прыйшоў час выбару будучай прафесіі, іншых варыянтаў для Віктара Мікалаевіча не ўзнікала. Па накіраванні Ушацкага РКБА ён адвучыўся ў Віцебскім політэхнічным вучылішчы і пасля службы ў арміі стаў выязным фатографам на малой радзіме. У памяць В.М.Ярмоша ўрэзаліся часы правядзення першай пашпартызацыі. З самага ранку і да позняга вечара разам з начальнікам пашпартнага стала райаддзела міліцыі Уладзімірам Фядосавічам Смаляком яны ездзілі па вёсках Ушаччыны, фатаграфавалі іх жыхароў (да здымкаў у пашпартах былі прад’яўлены новыя патрабаванні). Увесь наступны дзень праходзіў за праяўкай зробленых кадраў, колькасць якіх нярэдка перавальвала за сотню. Спаць клаўся ў лепшым выпадку апоўначы. І так на працягу амаль трох гадоў…

– Памятаю і першае вяселле, якое давялося здымаць, – расказвае Віктар Мікалаевіч. – Вельмі хваляваўся, але прайшло ўсё, на шчасце, удала. Па некалькі разоў пераглядаў зробленыя здымкі і разумеў, што ў многім знайшоў сябе. Я і зараз вельмі люблю працаваць менавіта на вяселлях, дзе ў кадр можна злавіць самае трапяткое і шчырае – чалавечыя пачуцці.

Паслуг, якія зараз выконвае В.М.Ярмош, цэлы спіс. Гэта фота на дакументы, раздрукоўка здымкаў з носьбіта кліента, сканіраванне, ксеракапіраванне, афарбоўка чорна-белых фотаздымкаў, ламініраванне, замена фону на партрэтах, фотамантаж некалькіх выяў, мастацкае фота. Асабліва многа работы летам: выпускныя балі, здымкі для афармленне віз, іншыя абставіны. З 1996 года майстар працуе як індывідуальны прадпрымальнік, мае сваіх пастаянных кліентаў. Размешчаны яго фотасалон па-ранейшаму ў будынку РКБА, толькі з нядаўняга часу на другім паверсе.

На наша пытанне, чым мужчына любіць займацца ў вольны час, той толькі ўсміхаецца:

– Іншага захаплення ў мяне няма – толькі фатаграфія. Люблю здымаць пейзажы, асабліва ў начны час, ды і ўсё, што прыцягвае ўвагу. Так што фотаапарат з рук стараюся не выпускаць. Мая штодзённая работа і занятак для душы цалкам супадаюць, таму без перабольшвання магу назваць сябе шчаслівым чалавекам!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *