Чем живёт ОАО «Промкомбинат» и какие планы в перспективе

Общество

Вось ужо восем месяцаў, як новую для сябе вытворчасць асвойвае дырэктар ААТ “Прамкамбінат”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў М.М.Лёля. Як гэта атрымліваецца, чым жыве камбінат, якія планы мае ў перспектыве, з якімі пытаннямі звяртаюцца да кіраўніка як да дэпутата, у нашым інтэрв’ю з Міхаілам Мікалаевічам.

– Для прамкамбіната ва ўсе часы, асабліва апошнія, галоўным было знайсці заказчыка, выйграць тэндэр. Як абстаяць справы зараз?

– У гэтым плане нічога не змянілася, па-ранейшаму удзельнічаем у тэндэры за тэндэрам, каб толькі атрымаць заказы. А зрабіць гэта становіцца ўсё цяжэй. Па-першае, мяняюцца ўмовы: калі раней дастаткова было сертыфіката Мытнага саюза, то зараз дадаткова патрэбны і Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Па-другое, у наш няпросты з эканамічнага боку час любыя прадпрыемствы імкнуцца выжываць, працаўладкоўваць вызваленых пасля аптымізацыі людзей і адкрываюць новыя вытворчасці. Швейная – адна з іх. Напрыклад, арганізавалі пашыў спецадзення дарожнікі вобласці, а мы з-за гэтага, зразумела, згубілі патэнцыйных кліентаў. Адкрываюць цэхі па шыццю і закрытыя, выпраўленчыя ўстановы, якія маюць значныя прэферэнцыі пры правядзенні тэндэраў. Таму нават калі мы скідваем цану да сабекошту і нават ніжэй, усё роўна не можам канкурыраваць з імі.

– І тым не менш першы квартал прамкамбінат не прастойваў, людзі своечасова атрымліваюць зарплату, на якую вы не берыцё крэдытаў.

– Так, трымаемся на плыву дзякуючы таму, што знаходзімся ў пастаянным пошуку. У канцы года выйгралі тры буйных тэндэры на 77 тысяч рублёў, аднак толькі адзін заказчык пацвердзіў заказ і тое ў намнога меншых аб’ёмах, на якія мы ж разлічвалі. Таму даводзіцца перабіраць усіх ранейшых кліентаў, пагаджацца на любыя, нават невялікія партыі, прывабліваць коштам, каб толькі не стаяла вытворчасць. Пагаджаемся і на бартэр, калі з намі не могуць разлічыцца грашыма, як напрыклад, Мінская птушкафабрыка. Хоць ўсе нашы кліенты маюць адтэрміноўку плацяжоў, тым не менш ёсць і такія, якія не разлічваюцца. Дэбіторская запазычанасць складае 90 тысяч рублёў. Выйгралі дзве справы ў судзе, прадчуваю, што давядзецца падаваць трэці іск. Усё гэта, зразумела, ускладняе работу. Хоць наш асноўны профіль – спецадзенне, не адмаўляемся і ад вытворчасці бялізны, пледаў. Буйным вытворцамі мы не канкурэнты, тэндэр на пастаўкі вялікіх партый не выйграем, але шыем і гандлюем у межах рэспублікі, пастаянна пашыраем асартымент. Дарэчы, зараз у нас шырокі выпуск бялізны і не толькі з бязі, але і больш дарагіх тканін, так што карыстаючыся выпадкам, запрашаю за пакупкамі ўшачан.

– На які тэрмін у вас гарантаваныя заказы?

– З упэўненасцю, на жаль, магу сказаць пакуль толькі пра красавік. Але каб былі заказы нават на такі кароткі перыяд, клапаціцца трэба загадзя, таму прадумваем стратэгію на гады. Напрыклад, каб у 2018-м быць з драўнінай па прымальным, льготным кошце, трэба сёлета да ліпеня падаць адпаведную заяўку на аблвыканкам. Невялікімі партыямі, але на працягу года шыем спецадзенне для ўшацкіх прадпрыемстваў: камунальнай гаспадаркі, райспажыўтаварыства, лясгаса. Супрацоўнічаем з самым буйным вытворцам “Стецкевіч спецадзенне”, які дзеліцца заказамі, аднак толькі калі не паспявае сам, што бывае не кожны месяц.

– Выпуск прадукцыі з драўніны вам бліжэй. Планавалі выпуск новых тавараў па гэтым цэху?

– Задумы ёсць, толькі ўсё ўпіраецца ў абаротныя сродкі. Пакуль мы ледзь зводзім канцы з канцамі: хапае на выплату падаткаў і зарплату, на развіццё, на жаль, не застаецца. А зношанасць абсталявання ў сталярным цэху – 85 працэнтаў, і тое з-за таго, што адзін станок адносна новы, а ўсе астатнія даўно з’амартызаваны. Каб выпускаць новае, працаваць на экспарт, трэба мяняць пілараму, ставіць шматпрофільны стужкавы станок. Вытворчасць большая і затрат меней. Тады акрамя рам, асады, дзвярэй рабілі б і больш хадавы тавар з дрэва. Ды і ў швейным цэху таксама хацелася б памяняць абсталяванне. Аднак нават на абаротныя сродкі даводзіцца браць крэдыты, паколькі якасная тканіна саліднымі вытворцамі пастаўляецца толькі па папярэдняй аплаце.

– Па якіх крытэрыях вызначаецца гэты статус. Наш прамкамбінат – салідная арганізацыя?

– Па аб’ёмах і якасці прадукцыі, своечасовасці разлікаў, адсутнасці скарг ад партнёраў. Мы не можам сказаць, што мы салідныя ў плане аб’ёмаў, а вось сваёй рэпутацыяй сапраўды даражым. Ды інакш проста нельга, паколькі да ўдзелу ў любым тэндэры прыкладаецца даведка з адзінай сістэмы закупак – калі ты там “засвяціўся”, лічы што няма не толькі добрага імя, але і заказчыкаў.

– Ушацкі прамкамбінат увайшоў у аб’яднанне “Віцебскпрам”. Гэта павінна аблегчыць пошук заказчыкаў.

– Мяркуецца, што новая структура і будзе ўдзельнічаць у тэндэрах, займацца арганізацыйнымі, юрыдычнымі пытаннямі, пошукам заказчыкам, паколькі буйным вытворцам вытрымаць канкурэнцыю прасцей, чым маленькім адзіночкам. Туды ўжо ўвайшло дзевяць прадпрыемстваў вобласці, якія выпускаюць швейныя, драўляныя вырабы, і нават гліняныя – Обальскі керамічны завод, плануецца далучыць яшчэ сямнаццаць. Пакуль што структура ў стадыі арганізацыі, таму змен мы не адчулі.

– Ці часта да Вас звяртаюцца як да дэпутата, чым даводзіцца дапамагаць сваім выбаршчыкам?

– Пастаянна праводжу прыёмы, зразумела, удзельнічаю ва ўсім грамадскім жыцці раёна. Як шэфы Ушацкай школы, летась дарылі ўстанове спартыўны інвентар, выраблялі драўляныя ўказальнікі да магілы Рыгора Барадуліна, дарылі пледы сацыяльнаму прытулку і “маладажонам” аддзялення ў Вяркудах. Звяртаюцца за рэйкамі, каб правесці добраўпарадкаванне. Заўсёды, калі гэта магчыма, зразумела, дапамагаю.

Гутарыла Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *