Фестиваль межкультурных коммуникаций прошёл на базе Ушачской школы

Наши дети Образование и молодежь

Уявіце сабе сітуацыю: вы трапляеце на экскурсію па гістарычных месцах Ушаччыны, а ваш гід раптам пачынае гаварыць не на рускай ці беларускай мовах, а, скажам, на нямецкай. Або так: адкрываеце раніцай свежы нумар любімай газеты, а ўсе артыкулы ў ёй напісаны па-англійску. Напэўна, многія б разгубіліся не на жарт. А вось юныя ўдзельнікі раённага фестывалю міжкультурных камунікацый, які праходзіў напрыканцы сакавіка на базе Ушацкай школы, у такіх сітуацыях адчувалі б сябе як рыба ў вадзе. І ўсе таму, што замежныя мовы для іх – не проста вучэбны прадмет у школе, але і важны сродак зносін.

Раённы фестываль міжкультурных камунікацый стаў ва Ушачах традыцыйным. Вось і сёлета ён сабраў у адной зале вялікую колькасць прадстаўнікоў розных школ раёна. Пад гучныя апладысменты прысутных удзельнікі дэманстравалі свае таленты: хтосьці здзіўляў выдатным аратарскім майстэрствам, нехта “зрабіў стаўку” на творчы патэнцыял – спяваў, танцаваў, паказваў касцюміраваныя эцюды, а іншыя не пабаяліся пабываць у ролі экскурсавода або работніка газеты. Здавалася, госці мерапрыемства трапілі ў краіну, дзе незвычайным чынам перапляліся культуры адразу некалькіх дзяржаў.

У конкурсе “Я – аратар” прыемна здзі­вілі выступленні дзесяцікласніцы Вялікадолецкай школы Ларысы Правада (настаўнік – І.Мычко) – яна на першым месцы, пяцікласніцы Паліны Сазонавай (Т.Плікат) і адзінаццацікласніцы Таццяны Ермаковіч (Л.Варанько) з Ушацкай – абедзве на другім, а таксама васьмікласніцы з Ушач Златы Клачок (Т.Гар­дзіёнак) – на трэцім.

Крэатыўным атрымаўся конкурс экскурсаводаў. Кожны ўдзельнік па-свойму падышоў да рэалізацыі пастаўленай задачы, а таму ўсе экскурсіі былі адметныя і запамінальныя. Аднак лепшых вынікаў, на думку журы, дасягнулі прадстаўнікі Ільюшынскай школы Крысціна Гвоздзева, Аліса Краснова, Марыя Сцёпачкіна (настаўнік – Л.Шарыпа); Ушацкай – Яўген Бародзіч, Злата Клачок, Аляксей Машчонак, Ягор Кроцік, Юлія Мамонава (Т.Гардзіёнак), а таксама Марыя Стуканава (Л.Варанько).

На адным дыханні прайшла своеасаблівая “Фабрыка зорак”. “Запалілі” аўдыторыю яркія выступленні танцавальнага калектыву Ільюшынскай школы (Л.Шарыпа) – у яго “золата”, Анастасіі Станько і Ягора Абуха з Ушацкай (В.Мартынюк) – “срэбра”, Ганны Ларчанка з гэтай жа ўстановы (Д.Шарын) – “бронза”.

Парадаваў і конкурс міні-тэатраў, дзе арыгінальнай пастаноўкай, цудоўным музычным і сцэнічным афармленнем, артыстызмам вызначыўся творчы калектыў Глыбачанскай школы (Е.Мядзведзева).

Завяршыліся конкурсныя праграмы, падведзены вынікі… Аднак спыняцца на дасягнутым школьнікі і іх настаўнікі не збіраюцца – трэба паглыбляць свае веды па замежных мовах, далей развіваць культуру зносін і рыхтавацца да новых спаборніцтваў. Зрэшты, апошнія для сёлетніх пераможцаў раённага фестывалю міжкультурных камунікацый не прымусяць сябе доўга чакаць – ужо ў маі пройдзе абласны этап конкурсу.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *