Посевная кампания в КУСХП «Великодолецкое»

Сельское хозяйство

Сёлетняя веснавая кампанія ранняя без перабольшвання, і да яе ўмоў прыходзіцца прыстасоўвацца. Але хлебаробаў КУСГП “Вялікадолецкае” напэўна нічым ужо не здзівіш – у полі задзейнічаны адказныя і вопытныя механізатары і нават у моладзі гэта не першая і не другая пасяўная. Сюды хацеў наведацца яшчэ тыдзень таму, але дырэктар Іван Піліпавіч Дарошчанка адгаварыў: “Пачнём шырокім “фронтам”, тады прыязджайце”. Зараз жа работы вядуцца практычна на ўсёй тэрыторыі вялікай гаспадаркі – ад Судзілавіч да Храмёнкаў – куды ўжо шырэй!

– Вось паглядзі: адно і тое ж поле, а на ўзгорку пасля трактара пыл ужо слупам падымаецца, глеба сохне, а ўнізе яшчэ вада стаіць, нібы маленькія азяркі, там загразнеш, – расказвае пра асаблівасці сяўбы Васіль Алексяёнак, які на новай сеялцы СЗ-4,2 запрацоўваў поле за Жаўнінай. – Таму і даводзіцца сеяць “дзялянкамі”. Сёння ўжо паспеў папрацаваць ля Стаек, потым пераехалі сюды. Што зробіш – надвор’е дыктуе свае ўмовы. Тут участак вялікі, ёсць дзе разагнацца, таму гектараў 20 яшчэ паспею пасеяць.

Упэўненасць сейбіта зразумелая. Напярэдадні, нават з улікам пераездаў, ён пасеяў каля 30 гектараў. За гэтымі лічбамі – выезд у поле ў 6 гадзін раніцы, вяртанне на мехдвор пры святле фар і з пустым бакам. У МТЗ-1221 ён умяшчае крыху больш 130 літраў і, па словах Васіля Рыгоравіча, разлічаны на 8 мотагадзін працы. Але, як бачна, вопытны механізатар, выбіраючы аптымальную хуткасць і манеўруючы перадачамі на розных участках, умудраецца адпрацаваць значна больш. Прастою ў агрэгата практычна няма, бо ў “Вялікадолецкім” сеялкі “запраўляюцца” не ўручную, а бункернымі загрузчыкамі – для В.Алексяёнка насенне падвозіць Ягор Мацюш.

У маладолецкай частцы гаспадаркі першым прымусіў на хвіліну спыніцца Юрыя Казачонка, які па мудрагелістай схеме араў ля Ветча.

– Не, не адзін працую, учатырох! – кажа малады механізатар і ўсміхаецца, бо ў напарнікі яму я спачатку “запісаў” траіх буслоў, што важна суправаджалі МТЗ-82 з трохкорпусным плугам. – Участкі дробныя, таму раз’ехаліся: там далей за кустамі ўзворванне вядуць Андрэй Смаляк, Пётр Падворны і Юрый Альбіновіч.

Але рухаючыся ў паказаным напрамку, хутка пачуў гул рухавіка, які яўна належыў энерганасычанаму трактару і не памыліўся. Толькі каб сустрэць яшчэ аднаго нязменнага ўдзельніка сяўбы А.Александрова, праехаць прыйшлося далей – у цішыні навакольных лясоў і ўзгорыстай мясцовасці адлегласць аказваецца падманлівай. Ля Храмёнкаў на большым участку Аляксандр Пятровіч на сваім МТЗ-3022 з вялікім АД-600 займаўся дыскаваннем. Для гэтага механізатара звыклы любы від работ, вось і сёлета на дапрацоўцы глебы ён са старту пасяўной выйшаў у лідары раённага спаборніцтва.

– Араць у нас засталося не вельмі многа, неблагі задзел зрабілі ў мінулым годзе, – расказвае механізатар. – Я ўжо і плугі быў пафарбаваў, падрыхтаваў на зімоўку. Але потым прыйшлося выехаць яшчэ пару разоў, занава плугі чысціць.

Звыш 900 гектараў зябліва ўзнялі з восені вялікадолецкія механізатары, каля 600 гектараў запланавана веснавога ворыва і ўжо выканана больш 60 працэнтаў ад задання. Дабавілася зямель з вясны ў кубліцкай зоне, таму аператыўна вядзецца работа па яе ўздыме. З плугамі ў гаспадарцы акрамя Ю.Казачонка працуюць Ра Вутх, Віталь і Генадзь Букі і галоўная ўдарная сіла – Сяргей Філімонаў з васьмікорпусным абарачальным плугам.

На падрыхтоўцы глебы акрамя А.Алек­сандрова задзейнічаны Валерый Бука і Мікалай Хамёнак. Задача гэта – стратэгічная, бо калі створыцца задзел, то можна будзе далучыць да сяўбы яшчэ адзін агрэгат, шасціметровы АПП-6Д і справа пойдзе хутчэй.

У “Вялікадолецкім” і так неблагія тэмпы і гаспадарка ўпэўнена трымаецца на другім радку раённай зводкі – па стане на раніцу пятніцы было пасеяна 418 гектараў, нават больш чым у ААТ “Дземенец”, дзе пасяўную распачалі намнога раней. Але ў працэнтных адносінах – 26,3% – гэта другі паказчык, бо яравы клін вялікадолецкіх сейбітаў вялікі – 1587 гектараў.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *