Ликбез для велосипедистов

Общество

Абавязак веласіпедыста – выконваць Правілы дарожнага руху і быць уважлівым. Нагадаем асноўныя патрабаванні.

Дазволена рухацца па абочыне, тратуары ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкод і небяспекі для пешаходаў. Калі няма ўказаных элементаў ці ехаць па іх немагчыма, можна рухацца па праезнай частцы не далей за 1 метр ад яе правага краю. Пры гэтым:

выезд далей за 1 метр ад краю праезнай часткі дапускаецца для аб’езду перашкоды і калі дазволены паварот налева ці разварот. Заўважым, гэтае патрабаванне толькі для выпадкаў, калі веласіпедыст едзе па дарозе, дзе не больш за адну паласу і няма пасярэдзіне трамвайнага шляху;

калоны веласіпедыстаў павінны быць падзелены на групы не больш за 10 чалавек. Адлегласць паміж імі – не менш за 100 метраў;

лінія гарызантальнай разметкі 1.2, што абазначае край праезнай часткі, павінна быць злева ад веласіпедыста.

У цёмны час сутак або пры недастатковай бачнасці на веласіпедзе павінны быць уключаны наперадзе белая фара, ззаду – чырвоная. Калі іх няма ці няспраўныя, веласіпедыст абавязаны ісці пешшу. Рэкамендуем апранаць святлоадбівальную камізэльку.

Па пешаходным пераходзе веласіпедысту трэба рухацца пешшу, ведучы свой транспарт побач.

Забараняецца

Ехаць на веласіпедзе з няспраўнымі тармазамі, рулём, гукавым сігналам.

Рухацца, не трымаючы рукі на рулі і ногі на педалях.

Паварочваць налева ці разварочвацца на дарозе з трамвайным шляхом ці больш чым з адной паласой.

Перавозіць пасажыраў, акрамя дзяцей да сямі год, на дадатковым спецыяльна абсталяваным сядзенні.

Перавозіць грузы, што выступаюць больш чым на паўметра па даўжыні ці шырыні за габарыты веласіпеда, перашкаджаюць ім кіраваць.

Рухацца на веласіпедзе дзецям да 14 год па дарозе без суправаджэння дарослых. Патрабаванне не распаўсюджваецца на жылыя і пешаходныя зоны, тратуары, веласіпедныя і пешаходныя дарожкі.

Буксіраваць веласіпед або веласіпедам, акрамя веласіпеднага прычэпа прамысловай вытворчасці.

Мера адказнасці

За парушэнне Правілаў веласіпедыст панясе адміністрацыйную адказнасць. Пакаранне прадугледжвае артыкул 18.23 КаАП. Згодна з часткай 1, гэта папярэджанне ці штраф ад 1 да 3 базавых велічынь. За парушэнне ў нецвярозым стане – штраф ад 3 да 5 базавых (частка 2). Стварэнне аварыйнай абстаноўкі караецца штрафам ад 3 да 8 базавых (частка 3). Калі ўдзель­ніку дарожнага руху прычынены лёгкія цялесныя пашкоджанні або пашкоджаны транспартны сродак, груз, дарожнае пакрыццё ці іншая маёмасць, а таксама калі парушальнік пакінуў месца здарэння – штраф ад 5 да 20 базавых велічынь.

А.ЛІСОЎСКІ, старшы дзяржаўтаінспектар аддзяленя ДАІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *