Более 500 человек деревни Бобовище уничтожили немцы в годы Великой Отечественной войны

Листая страницы истории

У сакавіку 1935 года намеснік народнага камісара абароны СССР маршал М.М.Тухачэўскі падрыхтаваў для газеты “Правда” артыкул “Ваенныя планы Гітлера”. Пасля таго як матэрыял выправіў асабіста Сталін, ён быў апублікаваны. У ім Міхаіл Мікалаевіч паведамляў аб пераходзе прамысловасці Германіі на “ваенныя рэльсы”, пра рэзкі рост узбраення ў краіне-саюзніку і іх планах аб нападзе на Савецкі Саюз, знішчэнні яго народаў. На жаль, таленавіты палкаводзец быў у хуткім часе рэпрэсіраваны, а гісторыя мнагакратна пацвердзіла праўдзівасць яго прагнозаў, бо тое, што ўчынілі гітлераўцы на акупіраваных тэрыторыях, не пасуецца з паняццем чалавека – гэта пацвердзяць нешматлікія жыхары “вогненных” вёсак, у тым ліку і на маёй роднай Ушаччыне.

Партызанская барацьба тут разгарнулася з першых дзён вайны. У тыле ворага ствараліся падпольныя і дыверсійныя групы, партызанскія атрады, у якія ўступалі калгаснікі, рабочыя, інтэлігенцыя, а таксама байцы і камандзіры, палітработнікі часцей Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне або збеглі з фашысцкіх лагераў. П.К.Панамарэнка, які ўзначальваў штаб партызанскага руху, неаднойчы прызываў народных мсціўцаў, рэкамендаваў камандаванню брыгад не праводзіць супраць гітлераўцаў баявыя дзеянні, якія справакуюць карныя “мерапрыемствы” супраць мірнага насельніцтва. Але ў пачатку мая 1944 года раз’юшаныя пасля прарыву фашысты адносілі да ліку народных мсціўцаў усё насельніцтва ў наваколлі маёй роднай вёскі Глінішча. Якраз у гэты час двое партызан, пераапрануўшыся ў жаночыя сукенкі, змаглі падабрацца да нямецкіх салдат, якія адпачывалі на сенавале і закідалі іх гранатамі – было забіта 5 і ранена 8 гітлераўцаў. Пахавалі іх у Афераўшчыне з вонкавага боку драўлянай царквы, якая існавала яшчэ ў пачатку 50-ых гадоў мінулага стагоддзя, а потым была разабрана, перавезена ў Капцы і з яе пабудавалі Весніцкую васьмігодку.

У лес карнікі невялікімі сіламі рухацца баяліся і тады камендант з Заляддзя загадаў – за кожнага забітага нямецкага салдата расстраляць і спа­ліць 100 мірных жыхароў, за раненага – 25. 10 мая 1944 года карныя атрады пры дапамозе паліцаяў пачалі зганяць мірнае насельніцтва Вялікадолецкага і Кубліцкага сельсавета ў Афераўшчыну. 12 мая было прынята канчатковае рашэнне: моладзь адправіць у Германію, а старых і малых канваіраваць у Бабовішча, размясціць па хатах, адрынах і знішчыць, што і было выканана. Канечне, людзі, якія падазравалі пра планы карнікаў, спрабавалі збегчы. Тых, хто пытаўся вырвацца, расстрэльвалі з кулямётаў, цкавалі аўчаркамі. Так, напрыклад, загінуў жыхар Тухаціна Васіль Жур – яго сын, які жыў у Старыне, потым перапахаваў бацьку ў Вялікіх Дольцах. Уратавацца змаглі нямногія. Пашчасціла жыхарцы Капылоўшчыны Анастасіі Бугай. Калі карнік, паклаўшы людзей на падлогу ў хаце, расстрэльваў старых і малых, у яго скончыліся патроны. І пакуль ён хадзіў за боепрыпасамі, Анастасія вымазалася кроўю забітых людзей і такім чынам, ціха ляжаўшы сярод нежывых, уратавалася сама і зберагла жыццё ўнуку. Запаліўшы хату, карнікі выйшлі ў двор і жанчына пад покрывам дыму збегла з хлопчыкам у лес. Але не ва ўсіх у тым пекле вытрымлівалі нервы. Ганна Бугай, якая хавалася на гарышчы лазні, не змагла стрымацца, калі немец запаліў яе хату – закрычала. Фашыст пачуў, узняўся па лесвіцы на лазню і застрэліў жанчыну 1880 года нараджэння.

У 2005 годзе ў Афераўшчыну наведваўся сын нямецкага салдата, забітага партызанамі ў наваколлі вёскі ў гады вайны. Не змог адшукаць магілу і ўсклаў кветкі да помніка савецкім воінам і партызанам. А тры гады таму трое ўнукаў тых, хто знішчаў Бабовішча, наведалі вёску, каб пабачыць, што натварылі іх продкі і каля паўгадзіны моўчкі стаялі ля помніка, нават не рашаючыся ўключыць відэакамеру…

Я зараз жыву далёка ад родных мясцін, але прыязджаю пры любой магчымасці. Мы помнім… Я кожны раз радуюся, што ў маіх землякоў захавалася памяць аб страшных падзеях і нечалавечых пакутах, што на прыкладах павагі да вызваліцеляў і ахвяр той вайны на Ушаччыне выхоўваюцца новыя пакаленні. 11 красавіка пабываў на малой радзіме – чыста на нядаўна адрамантаваным мемарыяле ў Бабовішчы, парадак ля помніка на брацкай магіле воінаў і партызан у Афераўшчыне. Таму дзякуй і нізкі паклон мясцовай уладзе не толькі ад мяне – ад А.Дрозд з Глінішча і яе дачкі Л.Бураўскай з Ушач, В.Бугай з Бабовішча і В.Конана са Стараселля, ­М.Шчаснага і В.Аношкі з Дубінца і многіх іншых, чые родныя і блізкія не перажылі тую навалу. Самае каштоўнае – гэта жыццё, але і памяць пра нявінна знішчаных людзей вельмі дарагая.

П.Пугач, г.Слуцк

Напомніку на брацкай магіле ў Бабовішчы выбіта лічба ахвяр – 515 чалавек. Аднак іх значна больш, бо людзей, якія былі расстраляны пры спробах збегчы, хавалі ў іншых месцах.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *