7 мая — день работников связи. Коллектив Ушачского РУЭС — команда настоящих профессионалов

К профессиональному празднику

Заўтра работнікі Ушацкага раённага вузла электрасувязі адзначаць сваё прафесійнае свята. Гэта сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, а іх арганізацыя – своеасаблівая нервовая сістэма ў дзейнасці ўсяго раёна. Бо як сёння ўявіць работу любой службы без тэлефоннай сувязі, інтэрнэта? Гэта не проста вырашэнне надзённых пытанняў – высокія тэхналогіі дазваляюць на адлегласці заключаць дагаворы, перадаваць дакументы, весці фінансавыя разлікі. Без паслуг электрасувязі, вядома, не абысціся і ўсім нам, абанентам-прыватнікам.

Ушацкі раённы вузел электрасувязі з’яўляецца структурным падраздзяленнем Віцебскага філіяла Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электрасувязі “Белтэлекам” у складзе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Супрацоўнікі РВЭС забяспечваюць бесперабойную і якасную работу тэлефоннай сувязі, радыё і тэлетрансляцыі.

Неабходным складнікам жыцця, як адзначае начальнік службы А.У.Шакута, даўно стала тэлефонная сувязь – зручны і хуткі спосаб на адлегласці звязацца з калегамі і партнёрамі, роднымі і блізкімі. Нярэдка такая паслуга ратуе чалавечыя жыцці і лёсы, сцірае межы паміж дзяржавамі. Зрэшты, Ушацкі РВЭС першы ў вобласці цалкам перайшоў ад каардынатных тэлефонных станцый на сучасную і больш функцыянальную платформу IMS.

На сённяшні дзень раённы вузел электрасувязі абслугоўвае правадную тэлефонную сетку з 6,5 тысячы нумарамі і бесправадную з яшчэ 1,3 тысячы. Зараз на Ушаччыне працуе 15 вузлоў сеткі перадачы даных, а агульная працягласць кабельных ліній сувязі складае 1879 км.

– Зараз тэлефон – гэта не проста прыстасаванне для гутаркі двух чалавек. Гэта яшчэ шмат дадатковых паслуг, – кажа Аляксандр Уладзіміравіч. – Сярод іх – доступ у сетку інтэрнэт, падчас якога перадаецца вялікі аб’ём патрэбнай інфармацыі і захоўваецца магчымасць размаўляць па тэлефоне. З устаноўкай электронных АТС абаненты атрымалі магчымасць карыстацца хуткім танальным наборам нумара, пераадрасацыяй, кадзіраваннем і многімі іншымі карыснымі функцыямі.

Дарэчы, карыстальнікаў высокахуткаснага інтэрнэта Byfly ў нашым раёне з кожным днём становіцца больш. Так, летась да паслугі падключыліся 180 абанентаў – на 1 студзеня бягучага года іх налічвалася ўжо 3374.

Карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў раёна лічбавае тэлевяшчанне ZALA (паслуга не патрабуе набыцця дадатковых прыбораў: дастаткова мець тэлевізар і антэну, а ўсё неабходнае абсталяванне на час дзеяння дагавора кліентам выдаецца бясплатна). Летась яго карыстальнікамі сталі 337 чалавек, а ўсяго на пачатак 2017-га да інтэрактыву падключана 3177 абанентаў (а гэта каля 14 тысяч абаненцкіх прылад – прыставак, мадэмаў і інш., якія абслугоўваюць нашы сувязісты).

Дарэчы, па пранікненні эфірнай ZALA Ушаччына з’яўляецца абсалютным лідарам сярод сельскіх раёнаў вобласці. Нагадаем: менавіта ў нашым раёне ў кастрычніку 2013 года да названай паслугі быў падключаны першы на Віцебшчыне кліент. Да таго ж, на тэрыторыі Ушаччыны размешчаны самы магутны ў вобласці рэтранслятар – таму лічбавая эфірная ZALA можа “прыйсці” літаральна ў кожны дом нават самых аддаленых населеных пунктаў.

Разам з высокахуткасным інтэрнэтам яна з’явілася летась у Касарах і нават Дубінцы. Плануецца, што ў наступным годзе выгоды гэтых паслуг змогуць ацаніць і жыхары вёскі Матырына. Сёлета ж працягнецца работа па пракладцы аптычнай сеткі GPON, самай прагрэсіўнай тэхналогіі доступу ў інтэрнэт, здольнай забяспечыць зайздросную хуткасць абмену інфармацыяй,  у шматкватэрных дамах па вуліцах Ленінская, Фрунзе і Савецкая ў гарпасёлку.

Вядома, намнога прасцей выконваць запланаваныя паказчыкі тады, калі падабраны адпаведныя кадры. І з гэтым ва Ушацкім РВЭС праблем ніколі не было. На працягу апошніх чатырох гадоў тут “запраўляе справамі” А.У.Шакута, які дагэтуль працаваў у Полацкім вузле электрасувязі, а з 2004-га займаў пасаду намесніка начальніка РВЭС ва Ушачах. Ён не толькі валодае ўсімі патрэбнымі кіраўніку якасцямі, але і маючы вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці інжынер па тэлекамунікацыях, выдатна разбіраецца ва ўсіх нюансах работы падначаленых, што дазваляе своечасова даць параду, дапамагчы.

Не адстае ад вопытнага калегі і моладзь. Не першы год дапамагае Аляксандру Уладзіміравічу інжынер электрасувязі станцыйнай групы Дзмітрый Федуковіч. Па словах кіраўніка арганізацыі, гэта сапраўды, талковы малады чалавек, які адказна і якасна выконвае любую даручаную справу.

Штодня кіпіць работа ў кабінеце групы па продажы паслуг. Званкі з пытаннямі грамадзян тут амаль не сціхаюць, многія асабіста прыходзяць за кансультацыяй і заключэннем дагавораў. Па словах спецыялістаў, асаблівым попытам ва ўшачан карыстаецца эфірная ZALA, розныя пакеты паслуг, а таксама навінка “Разумны дом”. На загружанасць і стомленасць Н.Круміня, А.Федуковіч, Г.Бугай не скардзяцца – прыветна сустракаюць сваіх кліентаў, дапамагаюць разабрацца ў незразумелым, вызначыцца з патрэбнай паслугай. Доказам жа іх прафесіяналізму з’яўляюцца заслужаныя ўзнагароды. Так, па выніках мінулага года спецыяліст па маркетынгу тэлекамунікацыйных паслуг Нона Вікенцьеўна Круміня атрымала Ганаровую грамату Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”, а спецыялісту сувязі Алене Віктараўне Федуковіч аб’яўлена Падзяка дырэктара філіяла.

Няма выпадковых людзей і сярод электрамеханікаў, электраманцёраў Ушацкага РВЭС. Калі гэтыя спецыялісты бяруцца за справу – майстэрства не схаваеш! Чаруюць над старэнькімі тэлефонамі, каб яны даўжэй паслужылі гаспадарам, падключаюць абанентам інтэрнэт і інтэрактыўнае тэлебачанне, прымаюць удзел у пракладцы ліній электрасувязі, устанаўліваюць і настройваюць новыя “наварочаныя” апараты. Сціплыя і ветлівыя манцёры, як правіла, выконваюць сваю работу хутка і якасна. Не дзіўна, што яны рэгулярна адзначаюцца ў ліку лепшых на самых розных узроўнях. Вось і па выніках 2016-га на раённую Дошку гонару занесена прозвішча электрамеханіка лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад Івана Іванавіча Сісковіча. Да прафесійнага свята Ганаровай граматай Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” узнагароджаны электрамеханік сувязі станцыйнай групы Уладзімір Іванавіч Папко, а электраманцёру лінейных збудаванняў сувязі і праваднога вяшчання Мікалаю Мікалаевічу Коршуну аб’ялена Падзяка дырэктара філіяла.

Для гэтых і іншых работнікаў электрасувязь даўно стала справай жыцця. Імклівае развіццё сферы перадачы інфармацыі і зносін на адлегласці патрабуе ад сувязістаў такога ж дынамізму. І яны з гэтым паспяхова спраўляюцца! Аб гэтым сведчыць і чарговае занясенне арганізацыі на раённую Дошку гонару, і лідарскія пазіцыі сёлетняга года (трэцяе месца) па эфектыўнасці камерцыйнай дзейнасці.

– Галоўная ўзнагарода для нас – адсутнасць скаргаў абанентаў, наяўнасць заяў на развіццё сучасных сродкаў сувязі, цеснае і плённае супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі, – кажа А.У.Шакута. – Лічу, што ўсё гэта ў нас атрымліваецца. Карыстаючыся выпадкам, напярэдадні прафесійнага свята жадаю калегам і ветэранам працы новых здзяйсненняў і адкрыццяў, заўсёды верыць ва ўласныя сілы і заставацца на сувязі!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *