Семья Федосенко — самая спортивная семья

К профессиональному празднику

Фестываль “Папа, мама, я – футбольная сям’я!” сабраў у мінулыя выхадныя ў Віцебску  сем’і з розных рэгіёнаў Віцебшчыны. Гонар Ушаччыны на гэтым спартыўным свяце-спаборніцтве абараняла, пэўна, адна з самых спартыўных сямей нашага раёна – Фядосенкаў. І хоць у агульным заліку стаць абсалютнымі пераможцамі не ўдалося, іх гэта не засмуціла, бо галоўным лічаць не столькі вынік, колькі сам працэс, задавальненне ад заняткаў спортам.

Ужо ў трэцім класе  Святлана пачала наведваць секцыю дзюдо. Прычым, калі некаторых яе равеснікаў накіроўвалі туды бацькі, яна сама вельмі хацела займацца і ніколі не прапускала заняткаў. “Часам затрымлівалася там, а пасля яшчэ дапазна гуляла на якой-небудзь пляцоўцы, так што маці мяне ўжо з розгай увечары шукала”, – з усмешкай цяпер успамінае Святлана. Пасля заканчэння школы дзяўчына выбрала для сябе не спартыўную прафесію, паступіўшы ў сталічны гуманітарна-эканамічны інстытут на псіхолага. Але жаданне займацца спортам не знікла. Падчас вучобы нават двойчы прымала ўдзел у першынстве свету па самба і займала прызавыя месцы. І ўсё ж псіхолагам яна не стала, па сямейных абставінах не скончыла вучобу і вярнулася ў родныя Ушачы, дзе яе цёпла сустрэў калектыў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Працуючы трэнерам па дзюдо, Святлана завочна атрымала вышэйшую адукацыю ў полацкім дзяржуніверсітэце па самай блізкай для яе спецыяльнасці – “фізічная культура”. Зараз Святлана Мікалаеўна – дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, тут жа трэнерам па футболе працуе і яе муж Раман.

Ён таксама з дзяцінства захапляўся спортам і наведваў ушацкую ДЮСШ, паказваючы выдатныя здольнасці ў футболе. У 15 гадоў ушацкія трэнеры перадалі свайго перспектыўнага выхаванца ў вучылішча алімпійскага рэзерву, дзе ён вучыўся два гады.

Неаднаразова Раман прымаў удзел у спаборніцтвах і першынствах па футболе сярод прафесійных каманд і навучэнцаў вучылішчаў алімпійскага рэзерву. Зараз жа таксама атрымлівае завочна вышэйшую адукацыю.

Хоць і Святлана, і Раман ушацкія, займаліся ў роднай спартшколе, але ў дзяцінстве адзін аднаго не ведалі і пазнаёміліся ўжо на шляху дарослага самастойнага жыцця. Дарэчы, у кожнага з іх схільнасць да спорту – гэта сямейнае. Так, два браты Святланы – Максім і Андрэй Лодзіс на прафесійным узроўні займаліся футболам. Апошні вылучыўся не толькі ў беларускім, а і расійскім першынстве. Сябруе са спортам і мама Ала Анатольеўна, якая абараняе гонар свайго ДРБУ-105 на раённых лыжных спаборніцтвах. Як заўзятага прыхільніка лыжных эстафет добра ведаюць ва Ушачах і бацьку Рамана Мікалая Леанідавіча Фядосенку, які наогул не прапускае ніводнага спартыўнага мерапрыемства раённага ўзроўню. Таму і не дзіўна, што ў такой спартыўнай сям’і да здаровага ладу жыцця імкнуцца і дзеці. Хоць і займаецца музыкай, але і ў лёгкай атлетыцы спрабуе сябе малодшая Каця. А вось 14-гадовы Мікіта па прыкладзе бацькі таксама захапіўся футболам і вестку аб удзеле ў “Папа, мама, я – футбольная сям’я!” успрыняў вельмі радасна. На прыгаданых спаборніцтвах, дзе асобна выступалі таты, мамы і дзеці, зарабляючы балы ў агульную сямейную скарбонку, з сям’і Фядосенкаў лепш выступілі якраз дзеці –  Мікіта і Кацярына сталі абсалютнымі пераможцамі ў сваіх узроставых катэгорыях. Кожная сям’я-удзельніца, незалежна ад занятага месца, атрымала шматлікія падарункі, галоўным сярод якіх, безумоўна, стаў футбольны мяч. Яго Мікіта паспеў ужо апрабаваць на справе.

Зразумела, што без удзелу Святланы і Рамана Фядосенкаў як работнікаў фізічнай культуры і спорту, трэнераў ДЮСШ не праходзяць ніводныя раённыя спартыўныя мерапрыемствы. “Аб абраным шляху не шкадуем, гэта і прафесія, і захапленне, і стыль жыцця!”, – гаворыць сямейная пара. Ну а сваё прафесійнае свята сёння яны праводзяць не ў сямейным крузе, а на абласным турыстычным злёце, зноў жа абараняючы гонар роднай Ушаччыны.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *