Конец мая — оптимальный срок для борьбы с борщевиком

Экология

Вясенняе адраджэнне прыроды ў нашым раёне мае і пэўны негатыўны момант: у чарговы наступ накіроўвае свае “зялёныя палкі” захопнік тутэйшых зямель баршчэўнік Сасноўскага. Пра тое ж, што праблема гэтая для Ушаччыны глабальная і набалелая, сведчыць красамоўны факт: калі ў 2010 годзе агульная плошча забруджаных раслінай тэрыторый складала каля пяцісот гектараў, то вынікі праведзеных летась навукоўцамі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава даследаванняў засведчылі, што агрэсіўнае пустазелле займае ўжо 1050 гектараў.

Зразумела, што кардынальна змяніць складаную сітуацыю можна толькі агульнымі намаганнямі. Робіцца ў гэтым напрамку шмат. Так, у мінулым годзе з раённага бюджэту выдаткавана 25 тысяч рублёў, за якія набыта 50 кілаграмаў гербіцыдаў для самага эфектыўнага хімічнага спосабу знішчэння баршчэўніку. Яны размеркаваны па прадпрыемствах: УП ЖКГ, ПМС, лясгас, ДРБУ-105, сельгасарганізацыях раёна. На гэтым тыдні дадзены старт адпаведным работам: меліяратары распачалі апрацоўку тэрыторыі вакол рэспубліканскага заказніка “Крывое” і населеных пунктаў на прылеглых да экалагічнага аб’екта ўчастках ля Дубраўкі, Крывушчына, Усаі, а камунгасаўцы найперш скіруюць свае намаганні на наваколлі мініпалігонаў – зараз работы вядуцца ля Двор Пліна.

Разам з тым хочацца падкрэсліць, што барацьба з баршчэўнікам – справа не толькі мясцовай улады і арганізацый. За тое, каб расліна не адчувала сябе прывольна, адказваюць абсалютна ўсе карыстальнікі зямельных участкаў – у тым ліку і прыватнікі. Замацоўвае гэту норму Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 2016 года №1002 “Аб некаторых пытаннях рэгулявання распаўсюджання і колькасці відаў раслін”. У прыватнасці, у пункце 3.3 дакумента гаворыцца, што “работы па рэгуляванні распаўсюджання і колькасці відаў раслін праводзяцца карыстальнікамі зямельных участкаў або водных аб’ектаў у межах якіх растуць расліны”. Такім чынам, калі на падворку ці агародзе грамадзяніна буяе баршчэўнік, гаспадар участка павінен сам займацца яго знішчэннем, а не чакаць, пакуль сельсавет накіруе да яго “добрага дзядзьку з касой”. На тых жа землекарыстальнікаў, якія “культывуюць” шкодную расліну і тым самым садзейнічаюць яе распаўсюджанню на іншыя тэрыторыі, прыродаахоўныя органы маюць паўнамоцтвы накладваць штраф – і гэта датычыцца як юрыдычных, так і фізічных асоб!

Канец мая – аптымальны тэрмін для барацьбы са шкоднай раслінай, якая яшчэ не паспела набраць моц. Уладальнікам прыватных участкаў ужо зараз можна пачынаць першае скошванне баршчэўніку, перакопванне забруджаных участкаў. Не адкладвайце гэтую справу на пасля і, канечне, выконвайце адпаведныя работы з захаваннем тэхнікі бяспекі.

М.ШУК, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *