Народный фольклорный коллектив «Матырынская спадчына» отметил своё 30-летие

Культура Юбилейные даты

Шыкоўная імпрэза адбылася на бягучым тыдні ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Нагодай для яе стала знакавая для Ушаччыны падзея – трыццацігадовы юбілей народнага фальклорнага калектыву “Матырынская спадчына”.

Занавес расчыняецца – гледачам адкрываецца сцэна, стылізаваная пад беларускую хаціну з вышыванымі ручнікамі, печкаю і доўгімі лавамі, на якіх любілі пасядзець на вячорках вясковыя мужыкі і кабеты. У прыгаданы ж дзень на цікавую сустрэчу сабраліся ўдзельнікі і аматары творчасці народнага фальклорнага гурту “Матырынская спадчына”. І лілася нястрымная песня, адгукалася ў цішыні ваколіц…

Ачаг духоўнасці народа

Свой адлік творчая дзейнасць вядомага далёка за межамі Ушацкага раёна калектыву пачалася ў 1987 годзе. Адбылося гэта, на першы погляд, выпадкова. Сабраліся неяк радня, суседзі – загучала мелодыя бадзёрай песні, якую ўсе дружна падхапілі. І што б вы думалі? Нехта з прысутных сказаў: “Гэй, матырынцы, а што гэта мы на заморскія таленты глядзім? Чаму б не стварыць свой калектыў?”

“Матырынская спадчына” пры мясцовым СДК адразу заняла сваю нішу. Яе кіраўнік Галіна Сяргееўна Рудзёнак, энтузіяст па натуры, усю душу ўкладала ў праект ды і нават палову зарплаты траціла на яго патрэбы. “Стартаваў” гурт з 10 чалавек, зараз іх пабольшала. Усяго за час яго існавання змянілася чатыры саставы. Сапраўднымі “аксакаламі” з’яўляюцца Наталля Андрэеўна, Аляксандра Іванаўна, Галіна Сяргееўна, Надзея Ануфрыеўна Рудзёнкі, Марыя Андрэеўна Пракаповіч, Соф’я Мікалаеўна Собаль, Валянціна Канстанцінаўна Шнітко, Аліна Сяргееўна Федуковіч, Мая Дарафееўна Чобат.

І хоць не ведалі многія ўдзельніцы калектыву нотнай граматы, ад душы, па крупінках збіралі песенную і музычную спадчыну роднага краю, неслі ў народ найвялікшую каштоўнасць: тое, што было створана продкамі, чым багата матырынская зямля. Зараз рэпертуар  калектыву  складае больш за 80 каляндарных і сямейна-бытавых абрадавых песень, больш 20 мясцовых бытавых танцаў. Мы ўжо не ўяўляем, напрыклад, раённых “зажынак” без песень “Матырынскай спадчыны” і Галіны Сяргееўны з сімвалічным першым снапом.

“Жыццё маё песняй спавіта. Без песні яно – не жыццё…” – так скажа кожны з удзельнікаў “Матырынскай спадчыны”, бо кожны любіць народную песню, спадчыну сваіх продкаў і, дзякуючы свайму таленту адраджае і захоўвае яе для будучых пакаленняў. Дзіўныя галасы выканаўцаў, асаблівая манера сцэнічнай культуры і вялікае жаданне дарыць людзям добры настрой – усё гэта адметныя рысы гурту, які ў 2004 годзе атрымаў званне “народнага”.

Сяброўства – найлепшае багацце

З віншавальным візітам на юбілейную ўрачыстасць завіталі мастацкія калектывы Ушаччыны. Цёплыя нумары віноўнікам урачыстасці падрыхтавалі ўдзельнікі хору народнага клуба “Ветэран” і вакальны гурт “Дубравушка”.

Асаблівую значнасць падзеі адзначылі ў віншавальным слове старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Васільеўна Азевіч. Яны адзначылі, што “Матырынская спадчына” мае багатую гісторыю, яркія імёны, запамінальныя выступленні. А песня, народная музыка сталі для ўсіх удзельнікаў часцінкай паўсядзённага жыцця.

– Упэўнены, што і ў далейшым калектыў будзе крочыць насустрач новым творчым здзяйсненням. А ва ўсіх яго артыстаў яшчэ доўга будуць спяваць не толькі вусны, але і душа.

Віншавальную эстафету перанялі госці з Віцебска: намеснік дырэктара абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці З.А.Гукава і вядучы метадыст па фальклоры Н.В.Уліновіч.

Вельмі кранальным атрымалася выступленне ўраджэнкі Матырына, паэтэсы Т.Д.Барадзёнак. Шлях ад стварэння фальклорнага калектыву і па сённяшні дзень прайшоў на яе вачах. Разам з яго прадстаўнікамі жанчына не раз прымала ўдзел у розных абрадах. Своеасаблівым вытокам да зборніка Тамары Дзмітрыеўны “Спадчына”, асобных раздзелаў іншых яе кніг стала творчасць названага калектыву, іх фальклорныя здабыткі. А яшчэ з самага стварэння гурта і да апошніх дзён свайго жыцця спявала ў “Матырынскай спадчыне” мама паэтэсы. Напэўна, таму верш, які Т.Д.Барадзёнак прысвяціла юбілею калектыву, атрымаўся такім трапяткім.

Хай мелодыя жыве ў сэрцах

Ганаровыя званні дыпламантаў і лаўрэатаў, шквал апладысментаў, шматлікія прыхільнікі – усё гэта неад’емная частка творчага жыцця артыстаў, якія карыстаюцца папулярнасцю не толькі сярод мясцовага гледача, але і на абласных, рэспубліканскіх узроўнях. Па фальклорных знаходках “Матырынскай спадчыны” зняты відэафільмы “Першы дзень у маладой”, “Дарога да вянца”, “Абрадавая ежа. Клёцкі з душамі”. Зроблены відэазапіс 19 побытавых танцаў, якія існавалі на Ушаччыне. Удзельнічаў калектыў і ў здымках тэлеперадачы “Запрашаем на вячоркі”.

Артысты – запатрабаваныя, жаданыя, любімыя, як і песні, якія яны выконваюць. У многім дзякуючы падтрымцы прыхільнікаў “Матырынскай спадчыне” ўжо трыццаць год, а яе, як прызнаюцца выканаўцы, і “старасць не бярэ”. Цікавасць да народнай творчасці пераймае і моладзь. У 1995 годзе пры калектыве створаны гурток-спадарожнік “Спадчына”. Удзельнікі абодвух падрыхтавалі ва ўзгаданы дзень цікавае фальклорнае свята “Беларускі каляндар у гліняным гаршочку” – з песнямі, танцамі, абрадамі.

Напрыканцы мерапрыемства расчуленыя ад віншаванняў, атрыманых падарункаў і ўзнагарод удзельніцы “Матырынскай спадчыны” не хавалі слёз. Шчаслівых слёз шчаслівых людзей. Ёсць каму пераймаць спадчыну, значыць, будзе жыць народная песня, не знямее душа народа.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *