На Ушаччине тепло и ярко прошёл праздник озера

Культура

Вясковае жыццё не надта багатае на падзеі, і калі жыхарка Лозаў Ніна Кандрацьеўна Каваленка даведалася, што на мясцовым беразе Вяркудскага возера зноў будзе ладзіцца раённае свята, вельмі ўзрадавалася і дастала з шафы параднае адзенне. А яе сяброўка Вольга Сцяпанаўна Казлоўская жыве ў Вяркудах. “Надта люблю канцэрты, ды і сама добра спяваю, але з-за хворых ног дайсці да Дома культуры цяжка. На гэтае ж мерапрыемства для нас арганізавалі падвоз!” – ахвотна дзялілася яна радаснымі эмоцыямі. “У Лозах у нас дача, і суседзі расказвалі, што летась тут было так весела – ад танцаў аж стаміліся. Вось і вырашылі сёлета ўсёй сям’ёй у свяце паўдзельнічаць!” – казаў малады ўшачанін Аляксандр Бандарэнка.

І трэба сказаць, што мерапрыемства цалкам спраўдзіла чаканні гледачоў. Было бачна, што работнікі і самадзейныя артысты Вяркудскага СДК уклалі душу ў яго падрыхтоўку, з надзвычайным імпэтам выконвалі свае нумары і іх калегі з раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Ну а галоўную ідэю фэсту агучыла старшыня сельвыканкама Вера Міхайлаўна Маслак – на бездакорнай роднай мове (што нядзіўна для настаўніцы па адпаведным прадмеце) яна падкрэсліла, што калі Ушаччыну называюць азёрным краем, то Вяркудскі сельсавет – гэта яго блакітнае сэрца. У тутэйшых мясцінах знаходзіцца больш 20 азёр, у тым ліку такія буйныя і вядомыя, як Чарсцвядскае, Павульскае, Бярозаўскае, Крывое і, канечне, Вяркудскае. Апошняе, па словах старажылаў, мае няпросты “характар”: паколькі яго катлавіна знаходзіцца на пэўным узвышшы, тут часта гуляюць вятры, уздымаючы хвалі. Але ж “буйны” нораў вадаёма зусім не палохае рыбакоў, якія едуць сюды нават са сталіцы. Якой толькі рыбы тут няма: лешч, судак, лінь, сом, плотка… Водзіцца і шчупак – мясцовы ўраджэнец Ігар Мацюш расказаў, што бачыў, як рыбакі выцягнулі 11-кілаграмовую асобіну.

Добрым уловам парадавала возера і ўдзельнікаў конкурсу, якія адправіліся падчас свята на спартыўную рыбалку. Ну а прысмакі, прыгатаваныя мясцовымі гаспадынямі з азёрных трафеяў, усе жадаючыя змаглі паспытаць за багатым святочным сталом. Кароннай жа стравай імпрэзы была юшка “з дымком”, за прыгатаванне якой адказваў Мікалай Грак.

Яшчэ адной ключавой фігурай свята стаў Цар Няптун, у якога вельмі арганічна пераўвасобіўся жыхар аграгарадка Міхаіл Цецярук. За гады журналісцкай практыкі мне ўпершыню выпала нагода пазнаёміцца з уладаром азёрных глыбіняў, і ён аказаўся вельмі прыемным у зносінах персанажам. Прынамсі, на пытанне, што самае складанае ў яго царскай місіі, Няптун шчыра прызнаўся: зладзіць з дзвюма свавольнымі русалкамі. Зрэшты, яго словы я ўсё ж паставіла пад сумненне, бо Наталлю Цецярук і Раісу Мацюш, якія выконвалі ролю насельніц вадаёма, усе ведаюць, як надзвычай прыстойных жанчын! А яшчэ вельмі творчых і артыстычных – гэтыя эпітэты спаўна можна аднесці да ўсіх цудоўных “веркужаначак” – Святланы Грак, Ірыны Красновай, Тамары Цянюгі, Наталлі Неруганёнак. Прыемна, што сёлета ў аднайменны вакальны калектыў, што дзейнічае пры сельскім Доме культуры, улілася і Ніна Васільеўна Кірпічонак, якая прызнаецца, што не можа жыць без песні. Нельга не прыгадаць таксама Веру і Віталя Кладніцкіх, Васіля Ліленку, якія займаліся прыгатаваннем пачастункаў, добраўпарадкаваннем месца правядзення свята. У вясёлых конкурсах і нумарах актыўна ўдзельнічалі мясцовыя жыхары, дачнікі, іх дзеці і ўнукі. Так, напрыклад, маладая прабабка Зінаіда Пятроўна Волкава, якая мае ў Лозах дачу, шчыра радавалася медалю, які за перамогу ў конкурсе “Лепшы ваданос” атрымаў праўнук Мікіта, і ліха танцавала з яго маленькай сястрычкай.

А вось Мікалай Хердт прыйшоў на свята з суседняй вёскі Горы, куды пасля выхаду на пенсію перабраўся з горада. “У нас проста неверагодныя мясціны і вельмі добрыя, працавітыя людзі, якія прыкладаюць шмат намаганняў, каб тутэйшыя жывапісныя вёскі атрымалі новае жыццё, былі акуратнымі і дагледжанымі, – адзначае мужчына. – Прыемна, што шчырую зацікаўленасць у гэтым праяўляе старшыня сельвыканкама: Вера Міхайлаўна – часты госць у нашай вёсцы, яна заўсёды імкнецца дапамагчы ў вырашэнні праблем. Ну а за гэта цудоўнае свята вялікі дзякуй усім яго арганізатарам. Мы вельмі любім наша возера, а праз гэты фэст пра яго надзвычайную прыгажосць зможа даведацца яшчэ больш людзей!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “На Ушаччине тепло и ярко прошёл праздник озера

  1. Вы хотя-бы фамилии участников и уроженцев правильно написали

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *