Про посевную кампанию и общие проблемы КУСХП «Ореховно»

Сельское хозяйство

Усяго толькі другі месяц ўзначальвае КУСГП “Арэхаўна” Мікалай Леанідавіч Купрыянаў, але нявопытным, пачынаючым кіраўніком яго не назавеш. Не адзін год кіраваў калгасам “Адважны барацьбіт”, ведае і тэрыторыю “Арэхаўна”, папрацаваўшы тут намеснікам дырэктара. І гутарылі мы з ім не столькі пра пасяўную кампанію, колькі пра агульныя праблемы гаспадаркі, якая ў шэрагу з “Селішчамі” і “Кублічамі” знаходзіцца ў стадыі дасудовага аздараўлення.

Капрызная сяўба

Такую познюю сяўбу прыгадаюць хіба старажылы. А такую капрызную, спецыфічную… Ва ўсялякім выпадку Аляксандр Гусёнак, хоць і не адзін год на сельгасработах, не памятае: за сеялкай стаяць клубы пылу, а колы гразнуць. Цяжка ідзе трактар па вымачках, дакладней, нават ля іх – бо самыя нізкія месцы пакідаюцца на больш позні час.

Іван Долгі з дыскамі наогул першы след праходзіць на спараных колах. На меліяраваных землях ля Ліпавак выцягвалі адзін аднаго нават на ўзгорках, не гаворачы пра нізіны. Таму і працавалі на падрыхтоўцы глебы з Аляксандрам Папко ўдвух.

Менавіта гэтыя работы з’яўляюцца на сённяшні дзень асноўнымі і стрымліваючымі. І адна сеялка спраўляецца, пакуль даводзяцца да ладу ўчасткі ля дарогі, разбіваецца як след зямля. Вось і дырэктар, аграном па адукацыі, ацаніўшы стан ворыва, сказаў “паварушыць” зямельку яшчэ раз.

Павышаным пры такіх умовах з’яўляецца расход не толькі дэфіцытнага паліва, але і часу. Таму і манеўруюць механізатары, перасаджваючыся з адной тэхнікі на другую, мяняюць агрэгаты ў залежнасці ад патрэбы, працуючы фактычна ў дзве змены – з 6 да 21.

– Кандыцыянер бы запра­віць, Леанідавіч, – звярнуўся да кіраўніка гаспадаркі Аляксандр Гусёнак, які выйшаў з кабіны літаральна на хвіліну і быў колеру пунсовых руж.

Незаменных не бывае

– Галоўная праблема – у людзях, – так адказаў на самае актуальнае для гаспадаркі пытанне М.Л.Купрыянаў. – Не тое, што ў дзве змены на трактары людзей пасадзіць, сваіх на адну не хапае: 8 механізатараў – гэта работнікі іншых арганізацый раёна, якія прыходзяць на час гарачых кампаній.

Пацвярджэнне таму ляжала на паверхні, сярод чатырох, якіх сустрэлі на сяўбе – трое было “не сваіх”. Для Аляксандра Папко асноўным месцам работы з’яўляецца ПУП “Сарочына”, Івана Долгага і Віктара Рубаніка – лясгас. З арэхаўскага касцяка засталіся нязменныя Сямён Первянёнак, Аляксандр Каваленка, Аляксандр Гозін, Аляксандр Атрашкевіч, Андрэй Бародзіч.

Яшчэ больш горшае становішчы ў жывёлагадоўлі. Бо механізатары хоць і прыцягнуты на час пасяўной ці ўборачнай з прадпрыемстваў, аднак пераважная большасць з іх працавалі ў гаспадарцы раней, добра ведаюць чым займаюцца, ды і землі, гаспадарку чужымі не лічаць. Чаго не скажаш пра даглядчыкаў. Летась вазілі пастухоў з лячэбна-працоўнага прафілакторыя… Сёлета ідуць па іншаму шляху, імкнуцца падабраць пастаянных людзей. Падчас нашай гутаркі Мікалай Леанідавіч не адзін раз адказваў менавіта на пытанні працаўладкавання:

– Набіраем без абмежавання, каб з часам застаўся нармальны касцяк. Трэба зламіць меркаванне, што замены ім няма. Трымаць выпівох не бачу ніякага сэнсу. Знойдзем замену. Малады мужчына з Ушач прыйшоў, просіцца на графік суткі праз суткі, каб больш зарабіць. Лічу, што гэты якраз і будзе працаваць. Заробак невялікі – 400 рублёў, аднак гарантаваны, калі не будзе парушэнняў дысцыпліны. А менавіта з-за гэтага пазбаўляюцца ўсялякіх даплат і несумленныя даяркі. Няма парадку, няма прадукцыі і адпаведна заробкаў. Жывёлагадоўля, якая павінна прыносіць прыбытак, быць пастаяннай крыніцай даходаў, на самой справе з’яўляецца пакуль праблемным баластам.

З чыстага ліста

“Арэхаўна” зараз знаходзіцца “на аздараўленні”. У такі разрад трапілі гаспадаркі раёна, якія яшчэ маюць шанс выйсці на рэнтабельную вытворчасць. На некалькі гадоў сельгаспрадпрыемства мае адтэрміноўку па выплаце падаткаў, бюджэтных пазык, запазычанасцяў у Фонд сацыяльнай абароны, за спажытую электраэнергію пры ўмове аплаты бягучых плацяжоў. Што таксама даецца няпроста, а часам і зрываецца, паколькі няма патрэбных аб’ёмаў вытворчасці. “Валоўка” “Арэхаўна” складае 77 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Па добраму яе трэба павялічыць ў два-тры разы, ці хаця б справіцца з бізнеспланам, у якім стаяць рэальныя лічбы росту – нямногім больш ста працэнтаў.

– Наша аздараўленне будзе залежыць ад нашай работы, – гаворыць М.Л.Купрыянаў. – Няма чым хваліцца, аднак пэўныя зрухі ёсць. Пад яравыя ўнеслі ўгнаенні, хоць і не пад поўную патрэбу, аднак намнога больш, чым летась. Два разы падкармілі азімыя і нават частку пашаў. Адвялі насенныя ўчасткі канюшыны, паколькі патрэбны якасныя бялковыя кармы. Наогул самай праблемнай з’яўляецца жывёлагадоўля. Адсутнасць камбікармоў, позні выган жывёлы на пашы… “мінусуем” да ўзроўню мінулага года. Аднак пры падзенні 900 літраў зменшылі яго да 800. Пасеялі 300 гектараў рапсу – гэта амаль трэцяя частка нашых пасяўных плошчаў – паколькі культура з’яўляецца выгаднай пры нармальнай ураджайнасці. Прыйшлі авансы пад яе і людзі атрымаюць на зарплату рэальныя грошы.

Аптымістычным можна лічыць і такую немалаважную акалічнасць, што хоць невялікія заробкі нават падчас пасяўной – па 10-15 рублёў у дзень налічана механізатарам, а тым не менш касцяк гаспадаркі застаўся. І калі будзе трывалым і, галоўнае, “здаровым” – КУСГП “Арэхаўна” зможа стаць у адзін  рад з “Вялікадолецкім” ці “Ільюшынскім”, а гэта значыць думаць не пра дасудовае аздараўленне, а пра развіццё.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *