Жизнь человека, который не курит, дольше на 10-20 лет

Здравоохранение

Як гэта ні дзіўна, але самы просты і дзейсны спосаб істотна (практычна на трэць) знізіць рызыку развіцця рака – адмовіцца ад курэння. Гэтая шкодная звычка стала вядома еўрапейцам пасля адкрыцця Хрыстафорам Калумбам Амерыкі, адкуль было прывезена насенне тытуню. Масавае распаўсюджанне курэння пачалося ў канцы 16 стагоддзя, а ў Расію тытунь завезены напачатку 17-га. Цікава, што да курыльшчыкаў адразу прымалі жорсткія меры: на старадаўніх англійскіх гравюрах адлюстраваны адсечаныя галовы з трубкамі ў роце, а ў Расіі 17 стагоддзя за курэнне білі пугай і “дзерлі ноздры”.

Праблема распаўсюджання тытунёвай эпідэміі застаецца актуальнай да нашага часу – як у свеце, так і ў Беларусі. Існуе нямала фактараў, якія сведчаць аб цеснай сувязі паміж павелічэннем колькасці курыльшчыкаў і ростам частаты анкалагічных, сардэчна-сасудзістых, іншых захворванняў. Пасля кожнай выкуранай цыгарэты павялічваецца ціск, павышаецца ўтрыманне халестэрыну, узнікаюць спазмы сасудаў канечнасцяў, галаўнога мозгу. Кампаненты, якія ўваходзяць у склад тытунёвага дыму, тармозяць працэсы засваення тканкамі кіслароду. З кожнай зацяжкай лёгкія напаўняюцца смалой, ядамі, іншымі шкоднымі рэчывамі, якія трапляюць у кроў і разносяцца па ўсім арганізме. У выніку пакутуюць органы сардэчна-сасудзістай сістэмы, дыхання, стрававання, мочапалавой сістэмы, скура. Уявіце сабе “карысць”, якая прыносіцца арганізму, калі пры выкурванні 20 цыгарэт у дзень, у год робіцца 80-90 тысяч зацяжак.

Даказана сувязь курэння з 12 формамі рака ў чалавека. У першую чаргу церпяць лёгкія, стрававод, гартань і поласць роту; значная колькасць выпадкаў раку мачавога пузыра, малочнай і падстраўнікавай залоз; радзей – раку ныркі, страўніка, шыйкі маткі, насавой поласці.

Так званае пасіўнае курэнне – таксама надзвычай небяспечнае: яно спрыяе развіццю захворванняў, уласцівых курцам. Знаходжанне чалавека на працягу 8 гадзін у зачыненым памяшканні, дзе кураць, раўнасільна для яго 5 выкураным цыгарэтам. Асабліва пакутуюць дзеці бацькоў-курыльшчыкаў: яны больш схільныя да інфекцый дыхальных шляхоў, уключаючы бранхіт і пнеўманію, бранхіяльную астму, да інфекцыйных хвароб вуха, якія з’яўляюцца частай прычынай глухаты. Ёсць меркаванне, што ў такіх дзяцей вышэйшая рызыка ўзнікнення лейкозаў, лімфом, пухлін мозгу. У цяжарных жанчын пасіўнае курэнне затрымлівае рост плоду, а ў немаўлят павялічвае рызыку сіндрому раптоўнай смерці.

Жыццё чалавека, які не курыць, на 10-20 гадоў даўжэйшае. Знешні выгляд у яго лепшы: скура чыстая, зубы белыя, адзенне і валасы не пахнуць тытунёвым дымам. Блізкія і любімыя людзі дыхаюць чыстым паветрам. У яго на 90 працэнтаў меншая рызыка памерці ад рака лёгкіх, на 75 працэнтаў – ад хранічнага бранхіту і эмфізэмы лёгкіх, на 25 працэнтаў – ад хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, наогул значна меншая верагоднасць развіцця злаякасных новаўтварэнняў.

В.НАРЫВОНЧЫК, урач-тэрапеўт Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *