Виталий Эдуардович Баневский — авторитет для всех. Прокуратура Беларуси отмечает 95-летие с дня основания

Закон - один для всех К профессиональному празднику Наш современник

“Калі б на першай маёй справе быў такі пракурор, лёс склаўся б зусім па-іншаму”. Гэтыя словы аднаго з ушацкіх рэцыдывістаў ведаюць усе супрацоўнікі пракуратуры, хоць адрасаваліся яны Віталю Эдуардавічу Банеўскаму. Чаму нязначны эпізод зусім неаўтарытэтнага чалавека перадаецца як легенда? Таму што з’яўляецца вышэйшай адзнакай нашай дзейнасці: паважаюць нават тыя, у адносінах да каго ты выступаў у якасці абвінаваўцы. А што гаварыць пра нас, маладых работнікаў, якія прайшлі школу В.Э.Банеўскага.

Я памятаю, як разам з Віталем Эдуардавічам ішла на першы ў сваёй практыцы выпадак самагубства. У той час супрацоўнікі пракуратуры выязджалі на ўсе здарэнні са смяротным зыходам, і яшчэ па дарозе ён рыхтаваў мяне псіхалагічна, вучыў звяртаць увагу на ўсе дробязі. А непасрэдна на месцы нябачна замацоўваў урокі, хітрыў. “Колькі нажавых удараў было на целе, трынаццаць?” – спецыяльна перапытаў у мяне, каб праверыць не сваю, а маю памяць.

А па колькі разоў на дні я пазней заходзіла ў яго кабінет за парадай, за тым, каб атрымаць хуткую спасылку на артыкул. І ён ніколі не адмахнуўся, хоць быў заняты сваёй работай.

Пад маімі словамі, думаю, падпісаліся б Вольга Леанідаўна Грыцкевіч, Сяргей Антонавіч Урбановіч, Алена Пятроўна Мацяйковіч – былыя памочнікі пракурора, якія няпростую школу прынцыповасці, працавітасці, сабранасці і ўнутранай дысцыпліны пачыналі выпускнікамі юрыдычных факультэтаў пад настаўніцтвам Віталя Эдуардавіча. Ды і маладыя пракуроры Ушацкага раёна Сяргей Уладзіміравіч Тухто, Вячаслаў Станіслававіч Бабашынскі, Максім Міхайлавіч Падворны таксама неаднойчы звярталіся да яго за парадай. Усім нам ён надаваў упэўненасці, прывіваў любоў да пракурорскай прафесіі і асабліва – да павышанай адказнасці: “Памылка пракурора – гэта не недакладнасць у вучнёўскім сшытку і нават не брак на вытворчасці. Яна часам каштуе чалавечага жыцця, таму мы не маем на яе права”.

Нам пашчасціла з тактоўным, сціплым настаўнікам, які ніколі не ставіў сябе вышэй, быў на роўных і пры гэтым заўсёды застаецца прыкладам. На яго вялікім прафесійным шляху былі і арышты цынічных злачынцаў, і касыя погляды, і супрацьдзеянне нядобразычліўцаў. Але ўсё гэта непараўнальна з радасцю ў вачах людзей, якіх ён абараніў, падзякай за аказаную юрыдычную дапамогу, за адноўленую справядлівасць. А дапамог ён вельмі многім жыхарам Ушаччыны, якая з 1986 года стала для палачаніна роднай. Аднак ніколі не пайшоў на здзелку са сваім сумленнем, не шукаў абходных шляхоў у заканадаўстве, каб абяліць злачынцу. І перш за ўсё таму з’яўляецца аўтарытэтам як для супрацоўнікаў праваахоўных органаў, так і наогул для ўсіх, хто ведае былога пракурора, а зараз намесніка В.Э.Банеўскага.

Чыны і ўшанаванне прыходзяць да таго, хто пра іх не думае, а сумленна працуе на давераным участку. За прыкладнае выкананне службовага абавязку, высокі прафесіяналізм Віталь Эдуардавіч узнагароджаны медалём “За бездакорную службу” ІІІ ступені, неаднаразова адзначаўся генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь, пракурорамі Віцебскай вобласці і Ушацкага раёна.

Ён настолькі на сваім месцы, таму і не верыцца, што спачатку скончыў Наваполацкі нафтавы тэхнікум і працаваў апаратчыкам на Наўгародскім аб’яднанні “Азот”. Юрыспрудэнцыю сваёй прафесіяй абраў, адслужыўшы ў арміі, дарэчы, толькі пасля яе праходжання прымалі ў савецкія часы на следчы факультэт у Харкаўскі юрыдычны інстытут. І вось ужо больш трыццаці гадоў верны свайму асэнсаванаму выбару, як і мары дзяцінства стаць хакеістам. Запоем чытаў кнігі і часопісы пра хакей, з трапятаннем ставіўся да прафесійных канькоў, падораных калісьці бацькамі. Таму і зараз любімай парой года застаецца зіма, калі ў вольную хвіліну ён абавязкова бярэ ў рукі клюшку і выходзіць на каток.

Віталь Эдуардавіч з’яўляецца і прыкладным сем’янінам, а дачка Анастасія працягвае справу бацькоў і таксама стала юрыстам.

Сёлета пракуратура Беларусі адзначае 95-гадовы юбілей. У яе летапісе многа пачэсных імёнаў, працяглы і спіс работнікаў пракуратуры Ушацкага раёна, сярод якіх наш сучаснік і аўтарытэт Віталь Эдуардавіч Банеўскі.

Н.АВАДНЁВА, памочнік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *