Делать всё на «отлично» с детства привыкла начальник отдела экономики Ушачского райисполкома Татьяна Ханяк

Наш современник Экономика и малый бизнес

Рабіць усё на “выдатна” ўшачанка Таццяна Дзямешка прывыкла з дзяцінства. Школа з залатым медалём, чырвоны дыплом Гомельскага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі, які выбрала ў працяг сямейнай дынастыі, бо бацькі працавалі ў гэтай галіне. За пяць год – ніводнай чацвёркі ў залікоўцы! Вучоба заўсёды давалася ёй проста, бо ніколі механічна не зазубрывала тэмы, а імкнулася ва ўсіх пытаннях дайсці да сутнасці.

Гэты прынцып перанесла ў і працоўную практыку, калі маладым спецыялістам вярнулася на Ушаччыну. Амаль адразу Таццяне быў даручаны адказны пост галоўнага эканаміста агароднінасушыльнага завода. Тады, у 2005, на прадпрыемстве працавала каля 70 чалавек, яно выпускала розныя віды прадукцыі і нават мела кансервавы цэх у Уле. Аднак увайсці ў курс спраў для Таццяны было нескладана: багажу ведаў хапала, а асвоіць практычныя прамудрасці дапамагла эканаміст Наталля Адамаўна Рачкоўская. Паралельна дзяўчына нават здолела павысіць кваліфікацыю, атрымаўшы ў Гомельскім універсітэце дадатковую спецыяльнасць “Кіраванне персаналам”. Таленавітага спецыяліста прыкмецілі і прапанавалі ўзначаліць аддзел эканомікі райвыканкама. “Маладосць – перыяд амбіцый!” – каменціруе Таццяна сваю згоду на такое сур’ёзнае прафесійнае выпрабаванне. У 25 год яна стала самым маладым начальнікам аддзела. Без аўтарытэту на такой пасадзе – ніяк, яго ж давялося зарабляць літаральна з нуля. “Кіраўнікі прадпрыемстваў спачатку прыглядаліся, але ніхто не дазволіў сабе праявіць пагарду”, – з удзячнасцю ўспамінае Таццяна. А неўзабаве яна даказала, што недарэмна атрымала аванс даверу. Вось ужо дзевяць год Таццяна Уладзіміраўна Ханяк (такое прозвішча яна носіць пасля замужжа) арганізуе работу аддзела, кантралюе стан эканомікі раёна, курыруе пытанні прамысловасці, знешнеэканамічнай дзейнасці, рэкламы. Сакрэтаў у гэтай справе ў яе няма, а вось просьба прыгадаць самыя складаныя сітуацыі, з якімі давялося сутыкнуцца за гэты час, яе крыху збянтэжыла: “Ды асабліва і не памятаю такога. Працуем планамерна, без аўралаў. Усе пытанні вырашаем у рабочым парадку. Зараз побач са мной у аддзеле працуюць вопытны эканаміст Валянціна Аляксандраўна Контарава і малады спецыяліст Святлана Васільеўна Бехава, якія адказна ставяцца да сваіх абавязкаў”.

Ды ўсё ж адну хвалюючую сітуацыю начальнік аддзела прыгадала. Пазалетась ёй давялося рыхтаваць даклад для сесіі раённага Савета дэпутатаў, дзе разглядалася рэалізацыя Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2011-2015 гады. На пасяджэнні прысутнічаў наш дэпутат у Парламенце Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, а гэты чалавек, як вядома, заўсёды надзвычай уважліва, удумліва ўнікае ва ўсе пытанні. Было вельмі важна зрабіць даручаную справу бездакорна, і гэта ўдалося: у старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь не ўзнікла ніякіх заўваг.

Разам з тым, Таццяна Уладзіміраўна адзначае, што не можа адчуваць задавальненне ад канчатковага выніку сваёй дзейнасці, бо эканамічная сітуацыя ў рэгіёне зараз даволі няпростая. Аднак ёсць і неблагія дасягненні: так, па выніках 2016 года наш раён трапіў у тройку лідараў рэйтынгу выканання асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод раёнаў і гарадоў Віцебскай вобласці.

Увогуле ж сваю справу Т.Ханяк лю­біць і ніяк не згодная з тымі, хто лічыць прафесію эканаміста сухой і манатоннай. “Мы маем вялікую прастору для творчасці, павінны бачыць на перспектыву, вызначаць курс, па якім неабходна рухацца”.

А яшчэ бывае прыемна, калі ўдаецца аказаць канкрэтную дапамогу грамадзянам – такую магчымасць, прынамсі, дае сфера абароны правоў спажыўцоў, якую курыруе Таццяна Уладзіміраўна. За гады работы давялося вырашаць не адно спрэчнае пытанне. З апошніх выпадкаў – справа, калі жыхар сталіцы выказаў прэтэнзію індывідуальнаму прадпрымальніку, зарэгістраванаму ў нашым раёне. Па меркаванні кліента, шафа-купэ, якая каштавала больш 1000 долараў, была выраблена і ўстаноўлена ў яго кватэры няякасна. Пытанне было вырашана на карысць заяўніка.

Як і любая жанчына, Таццяна Ула­дзіміраўна прысвячае сябе не толькі прафесійным справам. Не менш важную ролю ў яе жыцці адыгрывае сям’я, стварэнне дамашняга дабрабыту. Яна нязменна адстойвае гонар каманды райвыканкама на розных спартыўных спаборніцтвах. Мае і класічнае жаноцкае захапленне – вышывае прыгожыя карціны. Адным словам, гэта рознабаковы і таленавіты ў многіх сферах чалавек. Абаянне ў ёй спалучаецца з лёгкасцю характару, а аптымізм – з разважлівасцю. “Я разумею, што магу ўнесці пэўную лепту ў карысную справу, – мяркуе Таццяна Уладзіміраўна. – Але ж, канечне, развіццё раёна залежыць непасрэдна ад яго жыхароў, ад таго, на якую адзнаку мы працуем на сваіх месцах – кожны з нас фарміруе і стан эканомікі, і агульны дабрабыт”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *