Педагогическая семья Ушачского района пополнилась молодыми специалистами

Наш современник Образование и молодежь Официально Экономика и малый бизнес

Сёння ва ўсіх школах Ушаччыны праходзяць урачыстыя лінейкі з нагоды пачатку новага навучальнага года. Залівісты першы званок у гэтым годзе пакліча ў няпростае, цікавае падарожжа па краіне ведаў 1352 вучні, а ў дашкольныя ўстановы прыйдуць 547 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Своеасаблівы экзамен на гатоўнасць да новага старту адбыўся і ў настаўнікаў. Традыцыйна напярэдадні Дня ведаў прайшла раённая педагагічная канферэнцыя, на якой прысут-нічалі лепшыя педагогі Ушаччыны, прадстаўнікі райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, прафсаюза работнікаў галіны, ветэраны, адораныя вучні, а таксама госці з вобласці.
Як вядома, педагагічны ўплыў на асобу маленькага чалавека пачынаецца з дзіцячага сада. Менавіта з аналізу работы дашкольных устаноў раёна ў 2012/2013 навучальным годзе пачала сваё выступленне начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І.Ф.Сыроўчанка. Іна Фёдараўна падрабязна спынілася на ўсіх накірунках работы ўстаноў. Хваліла за поспехі лепшых, адзначала недапрацоўкі, акрэслівала задачы на будучае. Гэтак жа грунтоўна яна прааналізавала і работу школ.
– У мінулым навучальным годзе вучні Ушацкага раёна добра зарэкамендавалі сябе на прадметных алімпіядах усіх узроўняў, навукова-практычных канферэнцыях, у конкурсах і спаборніцтвах, – падкрэсліла І.Ф.Сыроўчанка. – Палепшылася якасць дадатковай адукацыі, актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя методыкі і тэхналогіі. Але, зразумела, нам яшчэ ёсць над чым працаваць.
Работа па павышэнні прафесійнага ўзроўню педагогаў, якасці ведаў школьнікаў, па ўмацаванні здароўя дзяцей, рэалізацыі Дэкрэта №18, зніжэнні ўзроўню злачыннасці сярод непаўналетніх, па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы школ і другаснай занятасці школьнікаў – гэтыя і іншыя пытанні былі ў полі зроку начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму, гучалі ў выступленнях педагогаў Ушаччыны, якія прынялі ўдзел у абмеркаванні справаздачы.
Па традыцыі на канферэнцыі адзначаны лепшыя педагогі і ўстановы адукацыі. Пад гучныя апладысменты прысутныя віталі пераможцаў раённага агляду-конкурсу па падрыхтоўцы адукацыйных устаноў да новага навучальнага года. Імі сталі калектывы Вялікадолецкай, Арэхаўскай, Ільюшынскай школ, ясляў-сада №2 і №1 гарпасёлка. Дашкольную ўстанову, якая да новага навучальнага года найбольш ярка пераўвасобілася ў плане добраўпарадкавання, не першы год вызначае і раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”. Сёлета перамога дасталася Арэхаўскаму яслям-саду, якому старшыня раённага Савета дэпутатаў і прыгаданага грамадскага аб’яднання А.В.Пашковіч паднесла памятныя падарункі, пажадала ўсім педагогам творчых поспехаў, асабістага шчасця, здзяйснення ўсіх мар.
Віншаванні ад раённага выканаўчага камітэта і ад сябе асабіста даслала педагогам намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская. Вольга Іванаўна падзякавала ўсім за адданую працу, пажадала настаўнікам цярпення, мудрасці ў іх нялёгкай справе.
Традыцыйна асаблівая ўвага на канферэнцыі была звернута на маладое папаўненне. Сёлета ў школы Ушаччыны прыйшло шэсць маладых настаўнікаў, якія папоўнілі педагагічныя калектывы Ушацкай, Арэхаўскай, Ільюшынскай і Касарской школ. Акрамя гэтага новыя кадры з’явіліся ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі, куды прыйшлі на працу два маладыя спецыялісты, і адзін у ДЮСШ. Для ўсіх іх гучалі словы віншаванняў, наказы і шчырае запрашэнне ў дружную педагагічную сям’ю. Пад апладысменты калег ім былі ўручаны кветкі.
Падчас мерапрыемства выходзілі на сцэну раённага Дома культуры і школьнікі, каб пацешыць сваіх настаўнікаў і выхавацеляў шчырымі вершамі, падарыць ім святочны настрой, аддзячыць за тое, што яны з дня у дзень вучаць, выхоўваюць, настаўляюць, па крупіцах лепяць асобу чалавека.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: маладыя спецыялісты С.Гутманіс, С.Кушнярэвіч, К.Гірсёнак, А.Храпавіцкая, Д.Гардзіёнак, С.Бугай, А.Алабіна, Д.Казлоўская, Ю.Ягадка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *