Более 40 лет медицинскому делу посвятила заведующая Матыринским ФАПом Любовь Авдошко

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

“Калі табе дрэнна ці што-небудзь баліць, трэба вось сюды ісці, тут дапамогуць!” – праязджаючы на веласіпедзе каля Матырынскага ФАПа, казала адна маленькая дзяўчынка другой. Сапраўды, у тым, што ў гэтай установе акажуць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу ці дадуць параду, можна не сумнявацца, бо працуе тут Любоў Фёдараўна Аўдошка – спецыяліст больш чым з 40-гадовым стажам.

“З дзяцінства марыла звязаць сваё жыццё з медыцынай, хоць у сям’і медыкаў не было. Ніколі аб гэтым не шкадавала і работу сваю вельмі люблю. Рада, што па маім прыкладзе абрала яе дачка, раю звярнуць увагу на працяг дынастыі ў наступным годзе і ўнучцы”, – кажа Любоў Фёдараўна. Працоўную дзейнасць яна пачынала ў далёкім 1976 годзе. Выпускніца Полацкага медвучылішча атрымала накіраванне ва Ушацкую раённую бальніцу і першыя крокі фельчар-акушэр рабіла ў аперацыйным аддзяленні. А праз дзесяцігоддзе прапанавалі месца на радзіме – у Матырыне –  і на працягу некалькіх гадоў яна клапацілася пра здароўе аднавяскоўцаў. Але большая частка прафесійнага шляху Любові Фёдараўны прайшла па спецыяльнасці – акушэрам у радзільным аддзяленні райбальніцы. Не злічыць, колькім дзецям яна дапамагла з’явіцца на свет. “У тыя часы ў раёне за год нараджалася не менш трохсот малышоў. Былі ўсялякія выпадкі: калі-небудзь вяртаешся дадому і душа радуецца, а ў другі раз – наадварот, пасля змены ноч не спіш, хвалюешся за стан нованароджанага ці маці. Так атрымлівалася, што практычна ўсе аднавяскоўкі траплялі на маю змену. Зараз гляджу – у дзяцей, якія прайшлі праз мае рукі, ужо свае дзеткі бегаюць. У нас быў вельмі дружны калектыў – як адна сям’я, усіх з’яднала Ніна Фёдараўна Цімафеева. Мы і зараз перыядычна сустракаемся”, – расказвае Л.Ф.Аўдошка.

Пасля закрыцця радзільнага аддзялення ў 2015-м Любоў Фёдараўна зноў стала загадчыкам ФАПа ў роднай вёсцы. Да гэтага часу быў напрацаваны багаты вопыт, бо часта падмяняла калег, давала ім водпускі, брала падпрацоўкі ў дзіцячым аддзяленні і тэрапіі, таму сустракалася з рознымі хваробамі і сітуацыямі.

Яе работа не абмяжоўваецца прыёмам пацыентаў на фельчарска-акушэрскім пункце. Кожны дзень пешшу, на веласіпедзе, разам з аўталаўкай ці на спадарожным транспарце Л.Аўдошка спяшаецца да хворых дадому, у тым ліку і ў суседнія Салонец, Заазер’е,  Строкты, а гэта больш за 300 чалавек. Бывае, што трэба прыйсці на дапамогу ці тэрмінова адпусціць людзям лекі ноччу, у выхадны або ў водпуск: “Усе людзі знаёмыя, пра балячкі кожнага ведаю, за ўсіх хвалююся”. Па словах Любові Фёдараўны, самымі дысцыплінаванымі ў плане адносін да свайго здароўя з’яўляюцца людзі пенсіённага ўзросту, яны рэгулярна абследуюцца і выконваюць усе рэкамендацыі. Вядома і тое, што многім пажылым людзям для добрага самаадчування патрабуецца не столькі лячэнне, колькі ўвага. І медык усіх выслухае, знойдзе цёплае слова і агульную мову. “Бачу, што адной жанчыне патрэбна тэрміновая шпіталізацыя, а яна ў адказ: паеду ў бальніцу пасля выхадных, як у лазні памыюся! Дык тады можа быць ужо позна – удалося ўгаварыць і, магчыма, выратаваць жыццё”, – прыводзіць прыклад Любоў Фёдараўна. Але здараюцца і такія выпадкі: “Памятаю, як аднавяскоўца літаральна ў апошні момант удалося вырваць з рук смерці падчас сардэчнага прыступу. Абяцаў ніколі не ўжываць спіртнога, але хапіла яго толькі на чатыры дні…”

Л.Ф.Аўдошка “хварэе” і за ўсе астатнія справы ўстановы. Дзякуючы ёй унутры і звонку радуюць вока кветкі, яна клапоціцца і пра абкос тэрыторыі, часам сама бярэ касу ў рукі. Утульнасць пануе ва ўсіх памяшканнях пункта, летась са сваім памочнікам, санітаркай Тамарай Мікалаеўнай Сісковіч абнаўлялі шпалеры ў кабінетах. Пра гаспадарскія адносіны да рабочага месца сведчыць яскравы факт: калі на ФАПе ў канцы 80-х здарыўся пажар, а ў магазінах былі пустыя паліцы, Любоў Фёдараўна за фарбамі для рамонту ездзіла аж у Рыгу. А яшчэ яна не толькі добры медык, а і клапатлівая гаспадыня, мнагадзетная маці і любячая бабуля.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *