Виртуоз пилы со стажем. Михаил Карабань является одним из лучших вальщиков леса Ушачском лесхозе

Экономика и малый бизнес

Пытанне, каго з работнікаў выставіць на штогадовы конкурс прафмайстэрства сярод вальшчыкаў лесу, ва Ушацкім лясніцтве ніколі не ўзнікае – у першую чаргу гэта, канечне, Міхаіл Віктаравіч Карабань. І ён заўсёды выходзіць у лідары, а калегі-сапернікі з іншых падраздзяленняў лясгаса на яго раўняюцца.

Прафесію вальшчыка лесу ніяк не назавеш лёгкай: пастаянная фізічная праца пад адкрытым небам у любы сезон з 7-кілаграмовай пілой у руках і шасцю кілаграмамі абмундзіравання на целе патрабуе вынослівасці і добра адточаных навыкаў. Але яна настолькі па душы Міхаілу Віктаравічу, што кожны, хто яго ведае, называе фанатам справы. “Звычайнаму абывацелю здаецца, што ўсё проста, а ўсе дрэвы аднолькавыя. Насамрэч, у нашай рабоце нямала нюансаў – ад правільнасці зрэзаў да выбару месца, куды павінна ўпасці дрэва. Адно можна за 30 секунд спілаваць, а з другім і 15-20 хвілін правазіцца. На дзялянках для высечак – адна тэхніка, а напрыклад, на рубках догляду да кожнага дрэва індывідуальны падыход для асвятлення, прачысткі, прарэджвання. Там трэба ведаць, якім чынам лепш убраць другарадныя дрэвы, каб не пашкодзіць і больш каштоўныя пароды. Мне цікавы кожны крок працэсу. Хоць і нялёгка, аднак шчыра скажу, што люблю сваю работу”, – гаворыць М.В.Карабань.

Такія адносіны да справы прыносяць свой вынік – штомесячную норму для вальшчыкаў у 200 кубаметраў ён заўсёды перавыконвае і кожны год выходзіць лідарам прадпрыемства па аб’ёмах зробленага.

А калісьці ўшачанін нават і не задумваўся пра такі прафесійны шлях, з’яўляўся вялікім аматарам футболу, уваходзіў у зборную раёна і нават быў не супраць звязаць жыццё са спортам. Аднак траўмы і іншыя абставіны вымусілі падумаць аб іншым занятку. Паспрабаваўшы аднойчы працаваць з пілой, зразумеў, што гэта ў яго спрытна атрымліваецца і падабаецца. Стаж напрацоўваў спачатку ў прыватных арганізацыях, а апошнія 14 гадоў шчыруе ў лясгасе.

– У нас 4 вальшчыкі лесу, сапраўдным аксакалам і прафесіяналам з’яўляецца менавіта Міхаіл Віктаравіч. Вы бачылі, як ён віртуозна валодае пілой? Адзначу, што як самы вопытны працаўнік з задавальненнем перадае свае сакрэты і прафмастэрства маладым калегам. Замену ланцуга пілы робіць менш чым за 18 секунд, – расказвае пра свайго падначаленага ляснічы Ушацкага лясніцтва А.С.Падвойскі.

Дарэчы, менавіта гэтае дзеянне заўсёды ўваходзіць у праграму спаборніцтваў “Лесаруб” і, як прызнаецца М.В.Карабань, з’яўляецца яго любімым практыкаваннем. “Ці трэніруюся? Так. Нават дома, бывае, між справамі правяраю, у які час укладуся. А вось дакладнае і камбінаванае распілоўванне, абрэзка сучча штодня адточваецца непасрэдна на працоўным месцы. Няма мяжы для ўдасканалення, таму лічу, што любому прафесіяналу ёсць да чаго імкнуцца і развівацца ў сваім накірунку!” – кажа Міхаіл Віктаравіч і ўжо гатовы ў чарговы раз паказаць сваё майстэрства на сёлетнім конкурсе, які мае адбыцца ў пачатку чэрвеня. Ну а раней неаднойчы абараняў гонар Ушацкага лясгаса на адпаведных абласных спаборніцтвах.

Не застаецца мужчына ўбаку і ад іншых лясных спраў: прымае ўдзел у работах на дэндрапарку, добраўпарадкаванні, пасадцы лесу.

Аб прафесіяналізме М.В.Карабаня сведчыць і той факт, што яго прозвішча было ў ліку лепшых працаўнікоў раёна, а на Дошцы гонару прадпрыемства наогул нязменна знаходзіцца ўжо на працягу 13 гадоў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *