Молодёжь Ушаччины приняла участие в квест-игре «Партизанскими тропами», которая прошла на мемориальном комплексе «Прорыв»

Образование и молодежь

Адрозніць ваенную тэхніку, разгадаць шыфроўку, скласці з мазаікі карту раёна і нават праспяваць песню. З гэтымі і іншымі цікавымі заданнямі спраўляліся ўдзельнікі квеста “Партызанскімі сцежкамі”, які прайшоў на мемарыяльным комплексе “Прарыў”.

Падобныя камандныя гульні, у якіх трэба праявіць не толькі вынослівасць і хуткасць, а і эрудыцыю, кемлівасць, нестандартнае мысленне, зараз папулярныя ва ўсім свеце. Англійскае слова квест у перакладзе азначае “пошук” і адлюстроўвае сутнасць спаборніцтва, падчас якога ўдзельнікі шукаюць запіскі, выконваюць змешчаныя ў іх заданні, каб урэшце дабрацца да прыза. Такія гульні бываюць самай рознай тэматыкі, а вось аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённы цэнтр культуры і народнай творчасці і райкам БРСМ, якія выступілі арганізатарамі “Партызанскіх сцежак”, ставілі мэту нагадаць маладому пакаленню аб гераічным мінулым нашага краю. Удзельнікамі квест-гульні сталі дзве каманды працоўнай моладзі з розных прадпрыемстваў раёна – атрымаўся актыўны і пазнавальны адпачынак.

Пачынаўся маршрут на пляцоўцы ваеннай тэхнікі, дзе былі схаваны запіскі з наступнымі заданнямі. Падняўшыся на “Плошчу памяці”, ігракі шукалі прозвішчы ўвекавечаных на плітах воінаў. На наступным этапе, які ўжо праходзіў у зямлянках, задачай каманд было адгадаць загадкі і прадметы быту, якімі карысталіся партызаны. І калі практычна з гэтымі задачамі моладзь справілася хутка, то над тэкстам, зашыфраваным азбукай Морзэ, прыйшлося “папацець”. У штабной зямлянцы ва ўдзельнікаў не ўзнікла цяжкасцей з разрэзанай картай Ушаччыны, якую трэба было сабраць у адно цэлае. А вось ужо на пляцоўцы “Партызанскі касцёр” каманды праявілі спрыт, каб распаліць вогнішча з дапамогай адной запалкі – за кожную дадатковую здымаліся балы. Пасля праходжання гэтага этапу ўдзельнікі атрымалі і сваё наступнае заданне: пад акампанемент баяна трэба было выканаць адну з трох прапанаваных песень. І адна, і другая каманда выбралі ўсімі любімую “Кацюшу”, а ацэньваліся не толькі вакальныя здольнасці, а і артыстычнасць. На заключным этапе ў лясной школе моладзь раёна адказвала на пытанні віктарыны “Мой родны край”. А вы, напрыклад, ведаеце, што памятны знак у Кублічах устаноўлены ў гонар А.Вярыга-Дарэўскага, што самае глыбокае возера рэспублікі знаходзіцца на Віцебшчыне, а знакамітыя словы “Мой родны кут, як ты мне мілы” належаць пяру Якуба Коласа? Зрэшты, 24 пытанні віктарыны не выклікалі цяжкасцей у ігракоў.

Час гульні праляцеў непрыкметна, і хоць вызначылася ў ёй каманда-пераможца, аднак памятныя сувеніры і добры настрой атрымалі ўсе ўдзельнікі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *