25 лет посвятила налоговому делу Людмила Прашкевич

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Узаемаадносіны работнікаў падатковых органаў і падаткаплацельшчыкаў – адна з вечных тэм, якая хвалюе абодва бакі. Мы звычайна імкнёмся пазбягаць сустрэч з прадстаўнікамі названай службы, лічачы, што зносіны з імі не абяцаюць нічога прыемнага. Аднак працуюць там такія ж людзі, як і ўсе, для якіх галоўнае – не чарговая “зорачка” ці прэмія, а любоў да сваёй справы.

Днямі мы сустрэліся з прадстаўніцай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Ушацкім раёне і асабіста пераканаліся ў тым, што падаткавікі – не проста зборшчыкі “падаткаў”… Гераіня нашага інтэрв’ю – начальнік аддзела ўліку, справаздачнасці і спагнання плацяжоў Л.Г.Прашкевіч.

– Людміла Генадзьеўна, як і ў любой прафесіі, у Вашай, напэўна, ёсць руціна, якая выклікае не вельмі прыемныя эмоцыі: справаздачы, тэрміны, кантроль… Але ж галоўнае не гэта?

– Канечне. Галоўнае – абараніць дзяржаўныя інтэрасы, забяспечыўшы выкананне даходнай часткі бюджэту, і пры гэтым знайсці агульную мову з кожным плацельшчыкам, наладзіць з ім кантакт, дапамагчы правесці плату. Мы працуем не толькі з насельніцтвам, але і з юрыдычнымі асобамі – тут ужо, як кажуць, не засумуеш. Бо ў кожнага свае праблемы, і ўсе мы павінны разгледзець і ўлічыць.

– А кім Вы марылі стаць у дзяцінстве? Напэўна, не падатковым работнікам…

– Не, трапіла ў гэтую прафесію выпадкова. Пакуль вучылася ва Ушацкай школе, любіла найперш гуманітарныя навукі, але ў апошні момант вырашыла звязаць свой далейшы лёс з дакладнымі. Скончыла спачатку Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці бухгалтар. А пасля, працуючы ў калгасе імя Леніна, завочна навучалася ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі на факультэце бухгалтарскага ўліку. І вось у чэрвені 1992 года пры пашырэнні штату ўшацкай падатковай інспекцыі яе былы начальнік Пётр Сяргеевіч Якушэнка прапанаваў мне месца дзяржаўнага падатковага інспектара кантрольна-нагляднай службы. З таго часу – толькі на розных пасадах – займаюся любімай справай.

– На першых парах, думаецца, было няпроста…

– Безумоўна, але побач заўсёды былі надзейныя памочнікі. Сярод іх – Святлана Анатольеўна Лемеш, якая ўзначальвала наш аддзел. Сярод навічкоў у інспекцыі была тады Аліна Аляксандраўна Новік – разам з ёй і набіраліся вопыту.

– Чаканні ад выбару прафесіі апраўдаліся?

– Так. Не ўяўляю сябе зараз на іншым месцы. Даводзілася не раз бываць на прадпрыемствах, каб пракантраляваць утрыманне і пералік у бюджэт падаходнага падатку. Было цікава не толькі выконваць пастаўленыя задачы, але і знаёміцца з вытворчасцю. Атрымлівала задавальненне ад зносінаў з разумнымі людзьмі, іншы раз думала: “Божа, табе яшчэ вучыцца і вучыцца”.

– Ваша імя ўжо гучала на старонках газеты, але па іншых падставах: да 25-годдзя службы Вы былі адзначаны Ганаровай граматай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці, пастаянна ў складзе каманды Вашага калектыву прымаеце ўдзел у аглядах-конкурсах, турзлётах, іншых мерапрыемствах…

– Работа для мяне – не толькі адказнасць, але і тое, ад чаго штодня атрымліваю маральнае задавальненне.

– А каб выйграваць кожную “партыю” ў дыялогу з падаткаплацельшчыкамі, ці можна дазволіць сабе спагаду? Ці часцей даводзіцца быць у ролі “жалезнай лэдзі”?

– А як жа не спачуваць? Мы ж нацыя такая – беларусы. Кожнага чалавека трэба выслухаць, увайсці ў палажэнне. Але, вядома, у рамках разумнага. Прыемна, калі наведвальнік выходзіць з нашага кабінета з добрым настроем. Асабліва, калі кажа: “Атрымаў паведамленне – ноч не спаў, ішоў да вас – ногі падкошваліся, а выходжу – душа спявае”…

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *