Секрет необычной силы Николая Безделя

Наш современник

Меркавала ўбачыць волата, а перада мной стаяў хударлявы невысокага росту мужчына з бяздоннымі мудрымі і добрымі вачыма. Таму хоць і ведала гэты адрас у Двор Пліне, усё ж перапыталася, ці тут жыве Мікалай Іванавіч Бездзель, асілак, які вымаў з каляіны загразшы трактар. Аказалася, што гэта ён і ёсць.

– Мужыкі разбалбаталі, – усміхнуўся суразмоўца і спакойна пачаў расказваць, праўда, пра зусім іншы выпадак. – Я ніколі не вылучаўся, не люблю гэтага. А справа перад пенсіяй была. У майстэрнях саўгаса “Ушацкі” мелася свая кузня, дзе гаспадарыў Іван Косых, рукасты ўмелец, які хутка вырабляў патрэбныя запчасткі як да трактароў, так і да прычапнога. Там часта чакалі патрэбнага мы – механізатары. “Пад кавадлам чырвонец ляжыць, – кінуў выклік Лявонцьеў. – Хто падыме, таму і дастанецца.” Канечне, я ведаў, што ніякай дзясяткі там няма, аднак падняў кавадла і паставіў дагары. Ён працягнуў мне выйгрыш. Ад яго я, канечне, адмовіўся – каб зарабіць такія грошы, яму тры дні трэба было торф вазіць.

Гэты выпадак добра памятае сам Мікалай Іванавіч, таму і лічыць, што гаворка пра яго ўнікальныя фізічныя магчымасці пайшла менавіта адтуль. Бо на звычайныя будзённыя рэчы, накшталт засыпаць ў сеялку кубінскія мяхі з зернем, што ўдвух падавалі з машыны, або пераставіць з каляіны пярэдні мост свайго Т-50, ён проста не звяртаў увагі. Ці аднойчы група практыкантаў не магла ўзняць на калодкі плугі, дык ён зрабіў гэта адзін. Але ўсё гэта заўважалі работнікі, які знаходзіліся побач – пра трактар, напрыклад, даведалася ад былога агранома “Ушацкага” Уладзіміра Мікалаевіча Пальвінскага. А мужчына, які праходзіў ля дома і чуў нашу размову, прыпыніўся і дадаў: “Калі яму ў рукі трапіш, не вырвешся. Падняў аднойчы ў разы большага за сябе механізатара і той нічога не мог зрабіць.”

Ён і зараз яшчэ можа падняць цяжкую рэч, але ўжо не пранясе на адлегласць. За гады працы, як кажуць, стаптаўся. “Мне Настачка мая так і казала – прыгнеш ты сябе цяганнем бярвён. Я калі будаваліся, адзін пераносіў і лес, і камяні, талаку клікаў толькі каб паімшыць і за дзень хату паставіць.”

Аднак і ў маладосці ён не меў ні волатаўскіх плячэй, ні гулівераўскага росту – крыху болей за 170 сантыметраў. У чым жа сакрэт незвычайнай сілы? Напэўна, у генетыцы. Прычым, асілкам быў не столькі бацька, колькі дзед, Сцяпан Бездзель. Ён яшчэ пры цары ездзіў у Санкт-Пецярбург на заробкі і на аднаколых тачках перавозіў цэглы ў два разы болей за іншых. За год зарабіў на касцюм, каня і 20 гектараў зямлі. А калі пасля вайны адбудоўваліся, стары ўжо дзед адзін нёс бервяно, а бацька з падлеткам Мікалаем – удвух.

Ніякіх практыкаванняў па накачванні біцэпсаў, ён, зразумела, не рабіў. Фізкультуру замяняла праца: “Машыну дроў пакалоць, ці аднаручкай сухастойнае дрэва спілаваць ды перанесці – вось гэта карысная фізічная размінка, а рукамі-нагамі махаць без справы…” – усміхаецца Мікалай Іванавіч. У арміі таксама “адпачываў”, паколькі дома і падымаўся раней, і працаваў цяжэй. І не стамляўся, нават скасіўшы дзевяціручкай пад гектар лугавіны. Угнацца за ім у касьбе мала хто мог :“Нават Уладзімір Курбака, які добры быў касец, і той здаваўся!” – прыгадвае былы вадзіцель і механізатар. Яшчэ з дзяцінства ён умеў практычна ўсё. Таму і зайздросцілі аднавяскоўкі яго Настачцы, што прывезла з Шаркаўшчыны такога рукастага мужа. Мабыць пажартаваў хто, даўшы роду працаголікаў такую мянушку-прозвішча. А мабыць і азначала яно, што ні хвіліны ні сядзелі людзі “без дела”. Абжывацца Мікалай Іванавіч пачаў адразу пасля пераезду на радзіму жонкі. Пад сядзібу абраў пустое, паросшае хмызняком месца ля самага лесу, які так любіў. Зараз уздоўж яго стаяць шматлікія пабудовы: хлявы, адрына, дрывотнік, лазня. Бо заўсёды трымаў вельмі вялікую гаспадарку: каня, дзвюх кароў, парсюкоў, дробную жыўнасць. Ніхто з продкаў не меў справы з пчоламі, а ён любіў падобных на яго маўклівых працаўніц і завёў. Даглядае, дарэчы, і зараз, у 82 гады. У яго клопатах таксама парнікі, бульба і нават палоска ячменю, якую апрацаваў ад пустазелля. Усё па-гаспадарску, у прыватнасці і пасаджаны ім яшчэ ў шасцідзясятых гадах сад. Зразумела, дапамагаюць спраўляцца на вялікім участку дочкі, зяць і ўнукі. Але ў свае гады і пасля перанесенай складанай аперацыі ён выходзіць разам з імі на праполку бульбы, падвязвае памідоры…Заўсёды, нават пры вялікіх аб’ёмах мужчынскай работы, ведаў і рабіў тую, што на вёсцы клічуць жаночай.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *