Итоги социально-экономического развития Ушачского района за полугодие рассмотрены на заседании райисполкома

Общество

Разгледжаны вынікі сацыяльна-эканамічага развіцця раёна за шэсць месяцаў бягучага года – гэта пытанне стала асноўным на апошнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Уздымаліся ў асноўным праблемы, бо нягледзячы на станоўчую дынаміку па асобных пазіцыях, раёну не ўдалося выканаць шэраг ключавых прагнозных паказчыкаў. На разглядзе шляхоў іх вырашэння і акцэнтаваў увагу прысутных старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка.

“Мінусы” традыцыйных вытворцаў

Выкананы прагнозныя паказчыкі па вытворчасці прамысловай прадукцыі па індэксе фізічнага аб’ёму – 103,1 працэнта пры заданні 103. Рост забяспечылі філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” і УП ЖКГ Ушацкага раёна – адпаведна 110,3 і 106,7. Разам з тым не можа надаваць аптымізму сітуацыя, якая складваецца на так званых “старых” прадпрыемствах. Вытворчыя магутнасці агароднінасушыльнага завода выкарыстоўваліся ў разы менш магчымых, знізілася вытворчасць як мінеральнай вады, так і павідла. На мадэрнізаванай лініі з прадукцыйнасцю 3 тысячы бутэлек у гадзіну завод забяспечвае ўзровень вытворчасці 2010 года, калі працавала яшчэ старое абсталяванне. На ААТ “Прамкамбінат” індэкс фізічнага аб’ёму склаў 83,5 працэнта ад мінулагодняга. У два разы зменшылася вытворчасць спецадзення, рукавіц, пасцельнай бялізны. Адставанне складае амаль месячны аб’ём выпускаемай прадукцыі.

Зніжэнне вытворчасці на агароднінасушыльным заводзе і прамкамбінаце фактычна паставіла выкананне раённага паказчыка па індэксе фізічнага аб’ёму ў залежнасць ад работы прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Назваць жа яго прамысловым можна хутчэй умоўна, бо асноўны від прадукцыі – цеплаэнергія – знаходзіцца ў прамой залежнасці ад надвор’я і планаваць яе выпуск, пагадзіцеся, вельмі складана.

Актыўнасць пакупнікоў “у водпуску”

Не выканана заданне па рознічным тавараабароце гандлю праз усе каналы рэалізацыі – 96,1 працэнта. Асноўнай гандлёвай арганізацыяй па-ранейшаму застаецца райспажыўтаварыства з яго структурнымі падраздзяленнямі, таму менавіта яго паказчыкі з’яўляюцца галоўнымі ў фарміраванні раённых вынікаў. У цэлым заданне па тавараабароце выканалі 8 арганізацый з 42, якія ўваходзяць у справаздачнасць. Назіраецца зніжэнне аб’ёмаў і ў грамадскім харчаванні. Заданне выканаў толькі аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (111,1 працэнта). Ушацкае райспажыўтаварыства, санаторый “Лясныя азёры”, ПУП “Баця” атрымалі паказчыкі ніжэй мінулагодніх і тлумачаць іх змяншэннем попыту з боку насельніцтва.

“Дземенец” і “Глыбачаны” – ­на розных полюсах

У вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ўзроўню 2016 года дасягнула толькі ААТ “Дземенец”. Найбольшае адставанне па тэмпе росту валавой прадукцыі – 41,7 працэнта – назіраецца ў “Райаграсэрвісе”, які знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі, і ў КУСГП “Глыбачаны” – 47,3. Асноўная прычына падзення – несвоечасовы пачатак корманарыхтоўчых работ з-за нізкай гатоўнасці тэхнікі. Прырост прадукцыі вырошчвання буйной рагатай жывёлы атрымалі толькі КУСГП “Вялікадолецкае” і “Дземенец”, а ў “Глыбачанах” адставанне складае 43,8 працэнта. Не могуць пахваліцца гаспадаркі і надоямі. За выключэннем “Дземенца” (1905 кілаграмаў), дзе вытворчасць павялічылася на 11 працэнтаў, астатнія мінусуюць да мінулагодніх, зусім не рэкордных паказчыкаў. Удой малака ад каровы вышэй сярэднераённага акрамя дземянецкіх жывёлаводаў атрымалі ў “Вялікадолецкім” (1806), а ў КУСГП “Арэхаўна”, ААТ “Агра-Селішча” за паўгоддзе ў разліку на адну галаву дойнага статку не надаілі і 1000 кілаграмаў. Самае ж значнае падзенне вытворчасці – зноў у “Глыбачанах” (мінус 517 кілаграмаў).

А вось якасць рэалізаванага дзяржаве малака ў цэлым па раёне вырасла. Сортам “экстра” рэалізавана 67 працэнтаў (у 2016 годзе – 43). “Дземенец” усю сваю прадукцыю здаў гэтым найвышэйшым гатункам, а “Глыбачаны” – толькі 26 працэнтаў. Не дасягнуты мінулагоднія паказчыкі і ў выхадзе прыплоду буйной рагатай жывёлы. Толькі ў дзвюх гаспадарках атрымалі цялят больш, чым за шэсць месяцаў мінулага году – тут кампанію “Дземенцу” (129 працэнтаў) склала ААТ “Ільюшынскі” (111).

Экспарт, як выхад на новыя рубяжы

За паўгоддзе ў цэлым па раёне аб’ём паставак тавараў за мяжу склаў 184,8 тысячы долараў ЗША – 146,9 працэнта да ўзроўню мінулага года. Значны прырост забяспечыла ААТ “Ушачы”, якое за студзень-май рэалізавала за межы нашай краіны прадукцыі на 80,9 тысячы долараў. А вось ТАА “Твестуба-ПРО” знізіла экспарт – у мінулым годзе ад тавараў кампаніі адмовіліся літоўскія партнёры. Працягвае асвойваць новыя перспектыўныя рынкі ТАА “Форэстгандаль”, якое ў гэтым годзе ўжо паставіла ў Швейцарыю прадукцыі на 9,7 тысячы долараў.

Але трэба адзначыць, што ў цэлым пералік арганізацый-экспарцёраў у нас невялікі і практычна не мяняецца. Між тым, выхад на замежныя рынкі – важнейшая перспектыва развіцця і адна з галоўных задач на бліжэйшую пяцігодку. Патэнцыял для гэтага ёсць, напрыклад, у агароднінасушыльнага завода. Тым большшто ў сістэме спажывецкай кааперацыі створана ПУП “Белкаапзнешгандаль” – арганізацыя, якая спецыялізуецца на знешнеэканамічнай дзейнасці і магла б дапамагчы ва ўстанаўленні кантактаў на першых этапах. Але пакуль зрухаў няма. Экспартная арыентацыя датычыцца ўсіх прадпрыемстваў усіх галін – пастаўляць можна як тавары, так і паслугі. Іх галоўным экспарцёрам на працягу апошніх гадоў працягвае заставацца санаторый “Лясныя азёры”. Заданне па экспарце паслуг у 112 працэнтаў раёнам не выканана, але дынаміка ёсць, тэмп росту склаў 108,6 працэнта. Асноўнымі напрамкамі з’яўляюцца экспарт турыстычных паслуг (75,9 працэнта), 13,4 прыходзіцца на медыцынскія і 10,6 працэнта – на транспартныя. А экспарт будаўнічых паслуг у нас наогул не развіты.

Працоўныя месцы і інвестыцыі – уклад у будучыню

За шэсць месяцаў бягучага года створана 13 новых рабочых месцаў пры заданні 24. У тым ліку толькі два на новых вытворчасцях – прыватным прадпрыемстве “Лясная губерня”, якое зай­­маецца лесанарыхтоўкамі. Акрамя прыватнікаў 5 новых месцаў адкрыта філіялам “Сарочына” ААТ “Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў”, па два стварылі райспажыўтаварыства і “Глыбачаны”, па адным – ТЦСАН Ушацкага раёна і “Лясныя азёры”. Відавочна, што работу гэту неабходна актывізаваць.

Як і не могуць задавольваць тэмпы выканання яшчэ аднаго ключавога паказчыка прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця – прыцягнення замежных інвестыцый. Усяго ж з крыніц бюджэту (67,1 працэнта), уласных сродкаў арганізацый (24,6), крэдытаў (1,1), замежных паступленняў (7,2) на развіццё эканомікі раёна накіравана 6,5 мільёна рублёў – 101,4 працэнта да ўзроўню мінулага года. Хоць і зменшылася ў агульным аб’ёме інвестыцый доля будаўніча-мантажных работ, але ўсё роўна яна складае 57,5 працэнта.

Часу на раскачку няма

У другім паўгоддзі прыйдзецца напружана папрацаваць, каб выправіць недахопы першых шасці месяцаў і забяспечыць станоўчую дынаміку асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і іх выкананне. На пасяджэнні таксама ўздымаліся пытанні росту зарплаты, якая павялічылася па выніках пяці месяцаў на 111,3 працэнта і склала 490,3 тысячы рублёў, нарыхтоўкі другаснай сыравіны, увядзення ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых аб’ектаў нерухомасці, разгледжаны фінансавыя паказчыкі дзейнасці арганізацый раёна. Асобна разгледжаны і прыняты рашэнні па пытаннях выканання бюджэту за студзень-чэрвень бягучага года і аб мерах па падрыхтоўцы і арганізаваным правядзенні работ на жніве і сяўбе азімых культур.

Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *