Ольга Николаевна Дрозд — трудолюбивый человек и хороший старейшина

Экономика и малый бизнес

Штодня па ажыўленай дарозе праз Весніцк перамяшчаецца шмат машын і людзей. Хоць і знаходзіцца населены пункт у бойкім месцы, аднак  у цяперашні час тут пастаянна пражывае ўсяго 8 чалавек. Сярод тых, хто ніколі не пакідае вёску і верны сваім родным мясцінам – старэйшына Вольга Мікалаеўна Дрозд.

“Там жыве адна маладая сям’я, па суседстве дачнікі абсталёўваюць і ўпрыгожваюць участак, некаторых пажылых забіраюць да сябе дзеці”, – пра гісторыю і сучаснасць сваёй вёскі жанчына можа расказваць шмат. Яно і не дзіўна, бо Вольга Мікалаеўна карэнная жыхарка Весніцка, тут жылі бацькі, адсюль карані яе дзядоў і прадзедаў.

– Вёска наша вядома з 16 стагоддзя, прычым, упаміналася як сяло, – з гонарам гаворыць старэйшына. У пачатку мінулага века пражывала больш за тры сотні жыхароў, школа свая была, пры калгасе “Добра­ахвотнік”, майстэрня, кузня… А калі ўтварыўся раён, Весніцк з’яўляўся цэнтрам аднайменнага сельсавета. Здаецца, зусім нядаўна яго ліквідавалі. Так хутка час ляціць. Зусім нядаўна кожная сям’я загойвала ваенныя раны: у 1943-м акупанты спалілі частку хат, жыхароў забралі ў няволю. У баявых дзеяннях удзе­льнічаў і мой бацька Мікалай Міхайлавіч, на месцы сённяшняга “Прарыву” атрымаў раненне, цудам выжыўшы, – расказвае Вольга Мікалаеўна.

Прыгадала яна, і як у часы яе дзяцінства хаты ў вёсцы стаялі блізка адна да адной і ў кожнай пражывала па вялікай сям’і.

Дарэчы, яе памяць яскрава захавала і тое, як з малых гадоў даводзілася шмат працаваць, каб дапамагчы бацькам – у мнагадзетнай сям’і ніколі не сядзел, і склаўшы рукі. А ўжо ў дарослым жыцці разам з мужам не толькі старанна працавалі ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве, а і па хатняй гаспадарцы. Яна і зараз няёмка сябе адчувае, калі сядзіць без справы, адпаведна пануе парадак на сядзібе, у агародзе.

Ужо больш дзясятка гадоў Вольга Мікалаеўна выконвае абавязкі старэйшыны вёскі. Перабоі з электрычнасцю, сувяззю ці вадой яна хутка імкнецца вырашыць праз адпаведныя службы. Але ўзнікаюць яны нячаста і з’яўляюцца дробязямі ў параўнанні з больш глыбокімі праблемамі. Непакоіць жанчыну тое, што каля мясцовых могілак распаўсюджваецца баршчэўнік. “Нездарма яго называюць агрэсарам, не ўплывае на яго ні надвор’е, ні ўрадлівасць зямель. Калі на маім участку ці вакол яго з’яўляецца гэтая шкодная расліна, адразу знішчаю яе ўсімі магчымымі спосабамі. З вялікімі ж аб’ёмамі адной, безумоўна, не справіцца”, – зазначае Вольга Мікалаеўна. Набалелым як для старэйшыны, так і для ўсіх жыхароў з’яўляецца яшчэ адно пытанне – вялікая колькасць аўтамабіляў, якія перамяшчаюцца праз населены пункт, парушаюць прадугледжаны тут хуткасны рэжым.

Гэтая жанчына не толькі неабыякавы абраннік вёскі, працавіты чалавек, а яшчэ і клапатлівая гаспадыня, любячая маці і бабуля. “Гэта ж мая ўнучка летась упрыгожыла каляндар “Патрыёта”: трымала сноп збожжа на раённых зажынках, што праходзілі на полі каля Весніцка. Хоць і год скончыўся, а каляндар не здымаю, ды і “раёнка” з’яўляецца маёй любімай газетай”, – зазначае Вольга Мікалаеўна.

Падчас нашай размовы на суседнім участку, не баючыся людзей, няспешна прагульваўся бусел. Смела завітваюць гэтыя птушкі і на падворак В.М.Дрозд – буслы селяцца толькі на сядзібах з добрай энергетыкай.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *