Пройти оздоровление ушачанам поможет профсоюз

В общественных организациях

Гарачая пара ўборкі ўраджаю падыходзіць да завяршэння – і многія аграрыі, дачнікі плануюць зараз свой адпачынак. Якую дапамогу ў гэтай справе могуць аказаць ушачанам прафсаюзы? Пра гэта расказвае старшыня іх раённага аб’яднання Уладзімір Мікалаевіч КРУГЛІК:

– У калектыўных дагаворах практычна ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый Ушаччыны прадугледжаны пункты аб матэрыяльных выплатах на аздараўленне. Атрымаць пэўную грашовую суму можна адзін раз у год – да зарплаты ці водпуску, павысіўшы тым самым якасць свайго адпачынку. Прывабныя выплаты на аздараўленне ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы (работнікам выплачваецца па 1 акладзе), райспажыўтаварыстве (ад 0,5 да 1 акладу), УП “Сарочына” (7 базавых велічынь) і інш.

– Раней у прафсаюзных здраўніцах у зімовы час існавалі льготы для членаў прафсаюзаў. Ці захаваліся яны?

– Так, не толькі для членаў прафсаюза, але і для іх дзяцей дзейнічае скідка ў памеры 25 працэнтаў ад кошту пуцёўкі, прычым не толькі ў халодны час, але і круг­лы год.

– Ехаць далёка не трэба?

– 13 прафсаюзных санаторыяў ёсць ва ўсіх абласцях краіны. На Віцебшчыне гэта “Лётцы” і нашы “Лясныя азёры”. Тут можна выбраць неабходны профіль лячэння: захворванняў дыхальнай, сардэчна-сасудзістай сістэм, апорна-рухальнага апарату і інш. Усюды працуе высокакваліфікаваны персанал, шмат дзе ёсць мінеральныя воды і лячэбныя гразі. А ў дадатак – свежае паветра і маляўнічыя краявіды. Паехаць адпачыць і аздаравіцца можна як аднаму, так і ўсёй сям’ёй.

– Аб вольным часе работнікаў прафсаюз клапоціцца на працягу ўсяго года…

– Канечне. Мы імкнёмся прапанаваць прывабныя варыянты актыўнага адпачынку не толькі падчас водпуску, але і ў выхадныя. Для работнікаў арганізоўваюцца разнастайныя паездкі, экскурсіі, спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Удзел у іх не толькі дорыць добры настрой, яркія эмоцыі, але і згуртоўвае калектыў. Сярод найбольш актыўных у гэтым сэнсе назаву лясгас, райспажыўтаварыства, аддзел адукацыі, спорту і турызму, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, жыллёва-камунальную гаспадарку, цэнтральную раённую бальніцу. Спадзяюся, уключацца ў правядзенне такіх адначасова цікавых і карысных спраў і прадстаўнікі іншых службаў раёна.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *