Почти 350 человек посещают Ильюшинскую библиотеку

К профессиональному празднику

Вы думаеце, што ў наш час камп’ютарных тэхналогій людзі мала чытаюць кнігі і не ходзяць у бібліятэкі? Наконт гэтага з вамі паспрачаецца бібліятэкар Ільюшынскай бібліятэкі Ала Васільеўна Апёнак – не бывае дня, каб туды не зазірнулі наведвальнікі, а агульная ж колькасць чытачоў складае амаль 350 чалавек.

– Ніякі электронны варыянт не заменіць той асалоды, якую прыносіць сапраўдная кніга. І колькасць чытачоў апошнім часам не змяншаецца, адзінае, што можна сказаць – людзі сталі менш цікавіцца класікай, сур’ёзнымі творамі, над якімі трэба задумацца, якія ўзрушваюць… У модзе зараз больш лёгкая літаратура, – расказвае гаспадыня ўстановы.

У яе наведвальнікаў пераважна жаночы твар, але нямала і мужчын, якія захапляюцца фантастыкай і дэтэктывамі. Ніяк не чакала пачуць, што самы актыўны чытач працуе ў сельскай гаспадарцы – механізатар ААТ “Ільюшынскі” Анатоль Дайлі­дзёнак за мінулы год “адолеў” 100 кніг! Актыўнасць праяўляюць людзі старэйшага ўзросту, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Сярод іх А.В.Апёнак вылучае сям’ю Гусевых, а таксама Б.А.Панамарова, Л.К.Алексяёнак і іншых. Заўзятымі аматарамі кнігі з’яўляюцца школьнікі Саша Рудкоўскі, Віка Евянкова, Каця Халімоненка, Ксюша Урбан, Юля Пліско. Зрэшты, для любога ўзросту Ала Васільеўна падбярэ цікавую і пазнавальную кнігу.

А пачытаць ёсць што: філіял папаўняецца разнастайнымі кніжнымі навінкамі штомесяц. Усяго ж у бібліятэцы налічваецца больш за 11000 адзінак, з якіх 8500 – кнігі. Існуе і спецыяльны абменны фонд: на пэўны час з раённай бібліятэкі А.В. Апёнак прывозіць кнігі, якія, па яе назіраннях, могуць быць цікавы чытачам аграгарадка. Папулярнасцю ў іх карыстаюцца і часопісы: у дарослых самым “хадавым” з’яўляецца “Планета”, у дзяцей – “Том і Джэры”. Клапоціцца бібліятэкар і пра тых, хто не можа дайсці да яе. Так, напрыклад, некалькі разоў у месяц на веласіпедзе ці пешшу накіроўваецца з кнігамі ў Гуту, Старынку і Рагуцкія, ужо добра ведае чытацкі інтарэс тутэйшых жыхароў. З-за большай аддаленасці і перавагі дачнага кантынгенту крыху радзей бывае ў Звоні і Гарадцы.

Работа прыносіць жанчыне задавальненне. “Яна не руцінная, як многія лічаць, а цікавая, пазнавальная. Часта нават не паспяваю за рабочы дзень зрабіць усё запланаванае. Люблю працаваць з новай літаратурай, рыхтаваць тэматычныя выставы, а таксама праводзіць пасяджэнні жаночага клуба “Лада”, які дзейнічае пры бібліятэцы”, –  расказвае Ала Васільеўна.

Між тым, прафесійная дзейнасць жанчыны пачыналася ў зусім іншай сферы: атрымаўшы спецыяльнасць тэхніка-тэхнолага, працавала поварам у сталовай. “Гэта маці паўплывала на мой выбар, запэўнівала, што з такой прафесіяй не прападзеш, заўсёды пры справе будзеш, ды не маё гэта было”, – прызнаецца яна. Але дзякуючы першай спецыяльнасці жанчына пазнаёмілася з будучым мужам: у Рызе на судне працавала поварам, ён – матросам. Пасля вяселля ўраджэнка ўкраінскага Луганска прыехала жыць на радзіму мужа ў Ільюшына. Менавіта тут і пайшла па іншым прафесійным шляху, уладкаваўшыся ў 2007-м годзе ў мясцовую бібліятэку, атрымала адпаведную адукацыю.

Ала Васільеўна нядаўна ў чарговы раз з задавальненнем перачытала “Ціхі Дон” і “Ганну Карэніну”. Любоў да кнігі прывіла і сваёй сям’і – па слядах маці пайшла дачка Марына, якая працуе ў адной са сталічных бібліятэк. Прыклад А.В.Апёнак у чарговы раз дэманструе, што шукаць сваю справу ніколі не позна, галоўнае – каб работа прыносіла задавальненне.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *