На Ушаччине подвели итоги районного этапа республиканской олимпиады по финансовой грамотности

Общество

“Мудры чалавек трымае грошы ў галаве, а не ў сэрцы”, – сказаў некалі Джонатан Свіфт. І паспрачацца з пісьменнікам складана. Раздзяляюць гэты погляд на жыццё і вучні школ Ушаччыны, удзельнікі раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай граматнасці – яны ўмеюць лічыць грошы і адносіцца да іх стрымана і спакойна.

Названыя інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзяць у нашай краіне ўжо чацвёрты год запар па ініцыятыве праўлення Нацыянальнага банка, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і лічацца аднымі з самых маштабных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва. Удзел у іх традыцыйна прымаюць ААТ “Беларусбанк”, “Белаграпрамбанк” і “Белінвестбанк”.

На гэты раз праверыць свае веды і эрудыцыю ва Ушацкім раёне на базе 5 устаноў адукацыі пажадалі 40 вучняў 10 і 11 класаў. Тыя ж, што паказалі лепшыя вынікі, былі запрошаны на раённы этап алімпіяды.

Пісьмовыя пытанні, па якіх штудзіравалі ўдзельнікаў, датычыліся банкаўскай справы, рынка каштоўных папер, страхавання, падаткаабкладання, дэнамінацыі і іншых тэм. За ходам правядзення алімпіяды сачыла кампетэнтнае журы, у склад якога таксама ўваходзіла дырэктар ЦБУ №221 у г.п.Ушачы філіяла ААТ “ААБ Беларусбанк” Жанна Валянцінаўна Шэўчанка.

Па колькасці набраных балаў пазней былі вызначаны пераможцы. Пальма першынства аказалася ў вучня 11 класа Глыбачанскай школы Міхаіла Сапегі, другое і трэцяе месцы – у прадстаўнікоў Ушацкай школы: адзінаццацікласніцы Святланы Дрозд і дзесяцікласніка Ільі Косых. Усе трое прадставяць наш раён на абласным этапе алімпіяды, што пройдзе ў Віцебску напрыканцы лістапада.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *