Полвека наполняют эфир. Ушачскому телеретранслятору — 50!

Юбилейные даты

Ушаччына славіцца як унікальнай прыродай, так і працоўнымі здабыткамі сваіх прадпрыемстваў. Ёсць у нас адзін аб’ект, які ведаюць далёка за межамі раёна – на рэтранслятар у Астравенцы ці проста “тэлевышку”, як яго называюць у народзе, настройваюць антэну жыхары амаль трэці вобласці, блізкіх раёнаў Расіі і Прыбалтыкі. А пачыналася ўсё роўна паўвека назад.

У самым цэнтры Віцебшчыны

Першы і адзіны канал цэнтральнага тэлебачання Савецкага Саюза прыйшоў у Віцебск у 1959 годзе, калі была пабудавана радыё­тэлевізійная станцыя. Яе магутнасцей было недастаткова, і ў 1967-м, да 50-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, адкрываецца Ушацкая радыётэлевізійная перадаючая станцыя. Пры выбары месца геаграфічны фактар стаў вырашальным, бо размяшчэнне тэлевышкі ў самым цэнтры вобласці дазваляла весці трансляцыю з найбольшай эфектыўнасцю. Пазней на Віцебшчыне пабудавалі яшчэ некалькі станцый, але па магутнасці яны значна саступалі ўшацкай.

За вопытам – у Маскву

Узвядзенне няпростага аб’екта доўжылася не адзін год. Уявіце сабе, які катлаван неабходна было выкапаць пад фундамент вялізнай мачты, усталяваць трасы, якія будуць яе падтрымліваць. Прычым, свой метраж тэлевышка нарошчвала паступова і планамерна.

– Добра памятаю тую будоўлю, – усміхаючыся, расказвае самы старэйшы работнік сённяшняга калектыву Мікалай Уладзіміравіч Марковіч, які прысвяціў арганізацыі больш 30 гадоў. – Жыў непадалёк, з цікавасцю назіраў, як вырастаў аб’ект. Тады мне было 10 гадоў і нават падумаць не мог, што буду тут працаваць. А як цікава было нам, малым, збірацца дома ля тэлевізара! А сёлета мы з тэлерэтранслятарам ужо юбіляры – яму 50, а мне 60!

Спачатку трансліраваліся дзве праграмы тэлебачання, крыху пазней да іх далучылася радыё. Магутнае абсталяванне і мачта вышынёй 350 метраў забяспечвалі ўпэўнены прыём тэлерадыёперадач у радыусе 80 кіламетраў.

Ушацкая тэлевышка пачала сваю работу адначасова з тэлевізійнай Астанкінскай вежай у Маскве. Да таго ж абедзве станцыі былі аснашчаны аднолькавым абсталяваннем і перадавалі адны і тыя ж каналы. Супрацоўнічалі паміж сабой і калектывы, не раз маскоўскія калегі наведваліся ва Ушачы для абмену інфармацыяй і настройкі абсталявання, а ўшачанам былі рады ў сталіцы СССР.

Магчымасці раслі з гадамі

З часам уводзіліся новыя перадатчыкі, павялічвалася колькасць каналаў, да 375-ці метраў “падрасла” мачта. У 2000-х гадах пачалася паступовая замена абсталявання. Замест устарэлых энергаёмістых лямпавых перадатчыкаў з’явіліся цвёрдацельныя, новага пакалення, радыус прыёму павялічыўся амаль да 100 кіламетраў. Паступова рэспубліка пераходзіла на лічбавае тэлебачанне – расла колькасць каналаў. Усё гэта патрабавала дадатковых затрат на абслугоўванне. Запуск “лічбы” дазволіў трансліраваць з адной частаты адразу 8 каналаў, у разы павысілася якасць вяшчання, больш кампактным і зручным стала абсталяванне. Рамонт часам можна ажыццявіць без інструменту, выкарыстоўваючы спецыяльныя камп’ютарныя праграмы. Зараз тэлевышка вяшчае тэлебачанне ў двух фарматах – DVB-T і DVB-T2 – пакет лічбавага тэлебачання і эфірную “Zala”, а таксама 9 радыёпраграм.

І бачаць вышку самалёты

Акрамя абсталявання трэба сачыць за перадатчыкамі і антэнамі на вышцы. З прыходам мабільнай сувязі на ёй былі ўстаноўлены і перадаючыя ўстройствы мабільных аператараў. Каб узняцца на самую вышыню па прыступках, у сярэднім неабходна затраціць 40 хвілін, калі па трасах з дапамогай спецыяльнага прыстасавання – дзесьці паўгадзіны. “Многія не раз пыталіся, ці страшна працаваць на такой вышыні. Стараюся абстрагавацца і выконваць пастаўленую задачу, напрыклад, па ліквідацыі непаладак, – расказвае электрамеханік А.Хадан, якому давяраюць вышынныя работы. – На самым версе як на далоні бачны ўвесь Ушацкі раён, віднеецца Полацк, Наваполацк, Лепель. Дарэчы, работнікі строга сочаць не толькі за станам тэлевізійнага абсталявання, а і за самой мачтай, яе асвятленнем уначы, каб здалёк яе бачылі самалёты. Пры неабходнасці работнікі выязджаюць для выпраўлення непаладак і на іншыя станцыі вобласці, якія працуюць аўтаномна, без персаналу.

“Цякучкі” кадраў не было

Гісторыя ўшацкага тэлерэтранслятара захоўваецца не толькі ў цёплых успамінах былых і сённяшніх работнікаў, а і ў прасторнай актавай зале прадпрыемства. “Наш гістарычны вугалок” – называюць яго працаўнікі. На фотаздымках тэлевышка ў розных ракурсах – хаваецца ў аблоках і на фоне прыгожага захаду сонца, летам і ўзімку. Увасобіліся ў кадрах і розныя рабочыя моманты – перад пад’ёмам на мачту, на яе афарбоўцы, работы на вышыні, па вымярэнні зазямлення, вывучэнні новага абсталявання. А вось калектыў шчыруе на суботніку і нават на сенакосе! Побач – фота з экскурсій у Брэст і Рыгу, а таксама сумесны адпачынак і святкаванне юбілеяў.

– Маладым хлопцам па размеркаванні прыехаў працаваць на ўшацкі тэлерэтранслятар з Рыгі ў 1993-м. З аднаго боку было хваляванне – у невядомы край еду, з другога – інтарэс да зусім “нерадавой” работы. Сур’ёзныя ўчасткі як правіла маладым адразу не давяралі, трэба было працяглы час стажыравацца, набрацца вопыту. Так склалася, што “прырос” да калектыву і да Ушаччыны, – прыгадвае Віктар Мікалаевіч Рабіза, які на працягу апошніх чатырох гадоў узначальвае арганізацыю.

Трэба сказаць, што тут заўсёды панавала сяброўская атмасфера, практычна ўсе, хто прыходзіў, заставаліся надоўга. Больш 40 гадоў адпрацаваў Аляксандр Лявонавіч Ляонаў, які быў інжынерам, выконваў надзвычай адказныя работы на вышыні, унёс нямала рацыяналізатарскіх рашэнняў па развіцці станцыі і заслужыў нямала добрых слоў і ўзнагарод. Значны час аддалі арганізацыі Уладзімір Паўлавіч Малькоў, Пётр Сцяпанавіч Лёля, Валянціна Васільеўна Царова, Пётр Пятровіч Гапонаў, Аляксандр Сяргеевіч Ціханаў, Валянціна Андрэеўна Бакан, Віктар Васільевіч Жарнасек, Тамара Дзмітрыеўна Лёля, Людміла Яфімаўна Пугачова, Іван Паўлавіч Сісковіч, Іван Пятровіч Сурвіла, Дзмітрый Паўлавіч Кляпец, Аляксандр Васільевіч Сямёнаў, Генадзь Іванавіч Арцямёнак, Міхаіл Ягоравіч Кляшторны, які да таго ж пакінуў напамін аб сабе ў выглядзе карцін, мэблі і разных упрыгожанняў ручной работы ў пакоі для адпачынку. А для Васіля Сямёнавіча і Наталлі Купрыянаўны Шарамет станцыя стала не толькі першым месцам працы, але і знаёмства, стварэння сям’і. І, канечне, нельга не адзначыць уклад, які ўнеслі кіраўнікі тэлерэтранслятара: з 1968 па 1976 калектыў узначальваў Уладзімір Сяргеевіч Варанько, а наступнае дзесяцігоддзе – Фёдар Фёдаравіч Кулікоў. 18 гадоў кіраваў арганізацыяй Жорж Георгіевіч Чарняўскі, які ў сваёй справе быў чалавекам апантаным, а яго работы, звязаныя з электронным абсталяваннем, нават прымалі ўдзел у выставе дасягненняў народнай гаспадаркі. На змену яму прыйшоў Віктар Уладзіміравіч Губанкоў, які свой прафесійны шлях у арганізацыі пачынаў з электрамеханіка, а потым узначальваў яе з 2004 па 2013 год.

Калектыў скараціўся, але амаладзіўся

За апошні час калектыў  значна памаладзеў і зараз складаецца ўсяго з 10 работнікаў, хаця паўстагоддзя таму іх было 40. Сочаць за абсталяваннем і забяспечваюць бесперабойнае тэлерадыёвяшчанне інжынеры Мікалай Уладзіміравіч Марковіч, Сяргей Аляксандравіч Чарткоў і Рыгор Валер’евіч Каравы. Апошні, дарэчы, з лёгкасцю спраўляецца і з рамонтам любога радыётэхнічнага абсталявання. Выдатна ведаюць сваю справу электрамеханікі Аляксандр Сяргеевіч Хадан, Іван Міхайлавіч Ярмош, якія спецыялізуюцца яшчэ і на работах на вышыні, а таксама менш вопытны, але не менш старанны Васіль Валер’евіч Цароў. Нараўне з мужчынамі на гэтай жа пасадзе паспяхова выконвае свае абавязкі і Наталля Віктараўна Стральцова. У любы час пры неабходнасці гатовы выехаць на аб’екты вадзіцель Мікалай Уладзіміравіч Федарэнка, ну а за чысцінёй памяшканняў спраўна сочыць Наталля Пятроўна Макоўская.

Паўвека “на вышыні”

За 50 гадоў мяняліся назва прадпрыемства і яго прыналежнасць – зараз гэта вузел электрасувязі №5 філіяла “Міжгародняя сувязь” РУП “Белтэлекам”. Нязменнай жа ўсе гады заставалася задача – дзякуючы ўшацкаму прадпрыемству каля мільёна чалавек маюць магчымасць глядзець тэлебачанне і слухаць радыё. Аб тым, што робіцца гэта ў поўным сэнсе слова “на вышыні”, сведчыць і тое, што за апошнія пяць гадоў калектыў за вялікі ўклад і творчыя дасягненні ў развіцці і падтрыманні якаснага вяшчання сродкаў лічбавага і аналагавага тэлебачання і радыёвяшчання вобласці, высокія паказчыкі ў рабоце, паляпшэнне якасці аказваемых паслуг насельніцтву двойчы ўзнагароджваўся Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама.

І ў свой юбілейны дзень работнікі прадпрыемства не дазвалялі сабе паслаблення, а працавалі ў звыклым рэжыме, каб мы з вамі маглі глядзець любімыя тэлеканалы і слухаць радыё.

Вольга КАМАРКОВА.

Фото автора и из архива организации



2 комментария по теме “Полвека наполняют эфир. Ушачскому телеретранслятору — 50!

  1. Прочитала с удовольствием!,интересно))

  2. Дзякуй за душэўны тэкст!
    Таксама шмат цікавага даведаўся!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *