На Ушаччине выбрали лучшую профсоюзную «первичку»

В общественных организациях

Прафсаюзы не застаюцца ў баку ад вырашэння тых ці іншых праблем і імкнуцца падтрымаць чалавека працы. Як гэта робіцца на Ушаччыне, ішла гаворка на нядаўнім пасяджэнні Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў. Аб дзейнасці арганізацыі за прайшоўшы перыяд справаздачу трымаў яе старшыня У.М.Круглік.

Летась у раёне было створана 2 пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі, сёлета да іх далучыліся яшчэ 2 – у калектывах філіяла “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” і “Маяк- Ушацкі”. На прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна прынята 54 калектыўныя дагаворы, падтрымку і сацыяльныя гарантыі з дапамогай якіх атрымліваюць каля чатырох тысяч чалавек. Але маюць месца выпадкі, калі прафсаюз створаны, а заключэнне калектыўнага дагавора зацягваецца, а гэта работа павінна быць зроблена на працягу паўгода пасля заснавання “пярвічкі”.

Застаецца вострай праблема па пералічэнні некаторымі наймальнікамі прафсаюзных узносаў, запазычанасць па раёне складае больш за 11 тысяч рублёў. Па гэтай прычыне многія члены прафсаюзаў пазбаўлены, напрыклад, магчымасці своечасова атрымліваць матэрыяльную дапамогу, папраўляць здароўе ў прафсаюзных здраўніцах. У рашэнні гэтага пытання павінны быць шырэй задзейнічаны і рэвізійныя камісіі галіновых прафсаюзаў.

На першае месца сёння выходзяць пытанні занятасці, заработнай платы і цэнаўтварэння. Рост намінальнай зарплаты, напрыклад, за жнівень (525 рублёў) да адпаведнага ўзроўню мінулага года склаў 110,6 працэнта. Але разам з тым у некаторых працоўных калектывах не выконваюцца нормы, прадугледжаныя калектыўнымі дагаворамі, аб абавязковым узроўні зарплаты не ніжэй 100 працэнтаў да мінулага года. Некаторыя арганізацыі, асабліва аграпрамысловага комплексу, перыядычна парушаюць і вызначаныя тэрміны выплаты зарплаты. Так, на 1 кастрычніка запазычанасць мелі 2 сельгасарганізацыі, а на 1 лістапада – 6.

У ходзе маніторынгу цэн, ініцыіраванага Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, выяўлена, што кошт асобных відаў прадуктаў – хлеба, бульбы, агуркоў, сметанковага масла і іншых пры стабільным курсе рубля павялічыўся ў параўнанні з мінулым годам на 13-44 працэнты.

Не заставаліся ў баку прафсаюзы і ад уборачнай кампаніі-2017, з першых дзён жніва іх прадстаўнікі пастаянна наведвалі аграрыяў, праводзіўся маніторынг забеспячэння хлебаробаў гарачым харчаваннем, спецадзеннем,  заахвочвалі лепшых працаўнікоў.

Не забываюць прафсаюзы і пра моладзь. У галіновыя, мясцовыя пагадненні і калектыўныя дагаворы ўключаны палажэнні, накіраваныя на павышэнне ўзроўню сацыяльна-эканамічных гарантый для маладых людзей. Развіваецца на Ушаччыне і практыка настаўніцтва.

Пастаянна праводзіцца дабрачынная акцыя “Прафсаюзы – дзецям”. Напрыклад, сёлета на падрыхтоўку школьнікаў да новага навучальнага года з прафсаюзнага бюджэту было накіравана больш за 4 тысячы рублёў. У летні перыяд для зніжэння кошту пуцёвак у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры вы­дзелена 3,5 тысячы рублёў.

Не абышлося і без урачыстых момантаў – былі падведзены вынікі конкурсу на лепшую пярвічную прафсаюзную арганізацыю раёна. Перамогу  атрымала “пярвічка” цэнтральнай раённай бальніцы, другое месца – у меліяратараў, трэцяе – ясляў-сада №4 г.п.Ушачы. Прафсаюзным лідарам былі ўручаны Дыпломы, а яшчэ калектывы чакаюць каштоўныя  падарункі ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: У.Круглік і старшыня “пярвічкі” ПМС П.Дзюкараў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *