Василий Архавёнок — один из самых старейших и опытных работников КУСХП «Глыбочаны»

Сельское хозяйство

“Віцебск, Полацк і іншыя гарады вобласці”– такі запіс рабіла ў пуцявым лісце вадзіцеля Васіля Іванавіча Архавёнка дыспетчар, калі яны з забеспячэнцам ехалі за запчасткамі і абсталяваннем. Круціліся столькі, што не ведалі, дзе за дзень апынуцца. З Вільнюса завозілі племянную жывёлу, з іншых рэспублік Саюза – кармы. Пра тыя часы ў КУСГП “Глыбачаны” з настальгіяй прыгадваюць абсалютна ўсе, паколькі за гонар лічылася ўладкавацца ў перадавую гаспадарку не толькі раёна – рэспублікі.

Васіль Іванавіч заставаўся верным прадпрыемству і ў лёгкія, і ў складаныя часы. З’яўляецца амаль яе равеснікам – у 1957 быў створаны племсаўгас, куды механікам прыехаў працаваць яго бацька, а ў 1959 нарадзіўся ён. Яшчэ школьнікам, пры П.Н.Плаксіцкім, быў памочнікам камбайнера, тут у мясцовай школе атрымаў правы, і сёлета вось ужо 40 год, як працуе на адным месцы.

Першы ж запіс у кніжцы – стропальшчык: мелася патрэба нават у такой спецыяльнасці, паколькі вельмі многа будавалі. А калі ж даведаліся, што мае правы, перасадзілі на аўтамабіль. Апошнія 13 гадоў ён працуе механізатарам, маючы першы клас і па адной, і па другой спецыяльнасці.

– Гэта тактыка гаспадаркі, якая накіроўвала на курсы перападрыхтоўкі, каб мець універсалаў. Таму зараз магу сесці за баранку і аўтобуса, і камбайна, зачапіць любы агрэгат. Сёлета быў заняты на баранаванні, летась – на нарыхтоўцы кармоў – з граблямі, ну а ў гэтым пашавым сезоне абслугоўваў статкі. У чатыры раніцы – на дойку, потым падвожу ваду, і зноў рухавік МТЗ-82 гудзе, каб працавалі даільныя апараты. Перасоўваю абсталяванне, і так па крузе. Але больш за ўсё люблю сяўбу – пах першай раллі.

Зараз цыкл таксама паўтараецца, толькі ўжо на комплексе, дзе Васіль Іванавіч раздае кармы і выдаляе гной. Руцінная, ды неабходная работа, і “наматала” яму столькі ўмоўных эталонных гектараў, што вывела сёлета на першае месца сярод калег, якія працуюць на трактарах яго маркі – не супермагутных, але такіх “жылістых” МТЗ-82. Сам перадавік, праўда, у неспадзяваную славу не верыць, маўляў, нічым незвычайным не займаўся, ды і па заробках “перапрацоўкі” не заўважыў – можна сказаць, мінімальныя яны зараз у “Глыбачанах”. Ну а што ні дня не прастойваў – гэта так. Яшчэ на хаду яго ранейшы трактар, з якім не разлучаліся 13 год, і толькі тры гады новаму. Можна сказаць, і не датычылася яго “слава” “Глыбачан” з дрэннай падрыхтоўкай тэхнікі, ён тэхагляд прайшоў з першага разу. Бо проста любіць тэхніку, шкадуе як рабочую, так і ўласны аўтамабіль, а таксама сабраны сваімі рукамі Т-25. Адносіць сябе да той, старой гвардыі. З ветэранаў заўсёды браў прыклад і працаваць імкнецца так жа сумленна, каб не было сорамна ні перад людзьмі, ні перад нашчадкамі – мае трое дзяцей і ўжо двое даволі дарослых унукаў. Яны часта збіраюцца ў Глыбачцы ва ўтульным прасторным доме на Паўднёвай, 6, што быў выдзелены працаўніку гаспадаркай. Хоць і з’явілася я там без папярэджання, тут панаваў абсалютны парадак, які выдатна характарызаваў гаспадароў. Ды і адкрытая ўсмешка Васіля Іванавіча гаварыла аб ім лепш за любыя словы. Такая можа быць толькі ў шчырага, надзейнага чалавека – прадстаўніка “старой гвардыі”, на якіх нават у такіх няпростых умовах трымаецца аграрная галіна.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *