В Ушачском районном совете ветеранов новый лидер

В общественных организациях

На мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло ў многім знакавае мерапрыемства – дзявятая пазачарговая выбарчая канферэнцыя раённага савета ветэранаў. На павестцы дня стаяла няпростае і надзвычай адказнае пытанне – выбар кіраўніка, таго, хто павядзе пажылых людзей Ушаччыны наперад ва ўсіх грамадска карысных задумах.

У якасці такога чалавека была прапанавана кандыдатура Н.А.Васілеўскай. Увесь працоўны шлях нашай зямлячкі прайшоў на малой радзіме. На працягу васьмі гадоў была старшай піянерважатай у Доме піянераў (цяпер – раённы цэнтр дзяцей і моладзі), столькі ж – дырэктарам названай установы, а з 1993-га і да выхаду на заслужаны адпачынак – настаўніцай пачатковых класаў ва Ушацкай школе. Ніна Аляксандраўна атрымала вышэйшую адукацыю і такую ж кваліфікацыйную катэгорыю, за гады прафесійнай дзейнасці ўдастоена шэрагу ўзнагарод. Зараз, знаходзячыся на пенсіі, жанчына вядзе актыўны лад жыцця, удзельнічае ў розных раённых мерапрыемствах, у рабоце раённага савета ветэранаў і сваёй пярвічкі.

Дэлегатамі канферэнцыі кандыдатура Н.А.Васілеўскай была падтрымана аднагалосна. Новаму кіраўніку прысутныя пажадалі працягваць слаўныя традыцыі ветэранскага руху. Зрэшты, у паспяховасці выканання гэтых задач сумнявацца не прыходзіцца. Нездарма жыццёвым крэда Ніны Аляксандраўны з’яўляецца вядомы піянерскі лозунг “Гореть самим, зажечь других. Быть впереди – и точка!”. На самым старце сваёй дзейнасці на новай пасадзе жанчына найперш плануе наведаць усе 35 пярвічак раёна, бліжэй пазнаёміцца з іх старшынямі. “Усе 4800 ветэранаў (менавіта столькі налічвалася ў раёне на пачатак 2017 года) – нашы людзі, і іх праблемы не павінны застацца па-за ўвагай. Упэўнена: нас чакае нямала важных і цікавых спраў”, – сказала Н.А.Васілеўская, падзякаваўшы за давер.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *