Районная организация Белорусского профсоюза работников образования и науки активно проводит лето

В общественных организациях

Лета – гарачая пара для экскурсій і адпачынку. У гэтым упэўнены члены Ушацкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, якія традыцыйна падчас перапынку ў адукацыйным працэсе робяць усё, каб назапасіцца новымі сіламі, станоўчымі эмоцыямі. Не сталі выключэннем для іх і два прайшоўшыя месяцы. Пра гэта, дарэчы, загадзя паклапацілася старшыня ўзгаданага грамадскага аб’яднання Маргарыта Віктараўна Варава.

Выдатным стартам да летняй аздараўленчай кампаніі стаў удзел актывістаў пярвічак ў абласным турыстычным злёце педагагічных работнікаў. Насычанай атрымалася паездка ў абласны цэнтр падчас правядзення “Славянскага базару”, спадабаўся канцэрт “Я люблю фестываль”. Ну а самая яркая падзея, якая і сёння на слыху, – экскурсія па музеі старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”.

– Ведалі, што ў гэтым этнаграфічным комплексе пад адкрытым небам нямала цікавых экспанатаў з гісторыі сельскай культуры Беларусі, – расказала Маргарыта Віктараўна. – Тым не менш, настолькі насычанай праграмы не чакалі. Мы мелі магчымасць убачыць на свае вочы, як куюць жалеза ў сапраўднай кузні, як у пякарні гатуюць хлеб, як працуе ганчарных спраў майстар (зрэшты, самым смелым прапаноўвалі далучыцца да гэтага працаёмкага, але зачаравальнага працэсу). Пакарылі многіх старадаўні млын, стайня з арлоўскімі рысакамі, музей рэтра-аўтамабіляў. Пасля ж нам прапанавалі дэгустацыю традыцыйных беларускіх страў і напояў.

Зрэшты, на гэтым прафсаюзная арганізацыя спыняцца не збіраецца – наперадзе ў педагогаў Ушаччыны шмат цікавых мерапрыемстваў, сустрэч і новых знаёмстваў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – адна з самых масавых на Ушаччыне: у яе склад уваходзіць 20 пярвічак, а гэта больш за 600 чалавек. Са снежня 2015 года старшынёй грамадскага аб’яднання з’яўляецца М.В.Варава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *