На Ушаччине прошли выборы в Молодёжную палату

Образование и молодежь

У мінулую пятніцу ва ўсіх школах Ушаччыны прайшлі выбары ў Маладзёжную палату. Ужо ў другі раз юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў аддавалі галасы за сваіх равеснікаў, якія будуць прадстаўляць інтарэсы моладзі ў органах мясцовай улады.

Арганізатары адказна падышлі да правядзення мерапрыемства, бо гэта свайго роду рэпетыцыя для дзяцей – у будучым удзельнікаў выбараў больш высокага ўзроўню. Усё было па-даросламу: раённая і школьныя арганізацыйныя камісіі па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, спісы і бюлетэні для галасавання, кабіны і ўрны, на інфармацыйных стэндах – праграмы кандыдатаў.

Старт выбарам у Маладзёжную палату другога склікання быў дадзены ў Арэхаўскай і Вялікадолецкай школах. На момант нашага візіту ў апошнюю большасць вучняў яшчэ спасцігалі азы навукі на ўроках, а члены выбарчай камісіі рыхтаваліся да адкрыцця ўчастка. Дарэчы, у іх склад ва ўсіх школах раёна ўваходзілі як старшакласнікі, так і вопытныя педагогі, якія пільна сачылі за працэсам.

І вось адзін за адным на ўчастак для галасавання пачалі падыходзіць выбаршчыкі. З чатырох кандыдатаў ім трэба было выбраць дваіх. “Напэўна, знак у бюлетэні паставіце насупраць свайго прозвішча?” – пацікавілася ў кандыдатаў. “Будзем выбіраць дастойнага!” – усміхнуўшыся, адказалі тыя і па чарзе схаваліся ў кабіне для галасавання. Тое ж хутка зрабілі і астатнія выбаршчыкі, іх у Вялікіх Дольцах 23. Апошнімі ж традыцыйна прагаласавалі члены камісіі, пасля чаго прыступілі да падліку галасоў.

Трэба адзначыць, што колькасць выбраных членаў Маладзёжнай палаты ў розных школах залежала ад агульнай колькасці вучняў. Таму, напрыклад, ад Кубліцкай абраны толькі 1, у Глыбачцы – 2, а ва Ушачах – 10.

Хутка зразумець, на якія напрамкі дзейнасці ў складзе Маладзёжнай палаты будуць арыентавацца вучні Глыбачанскай школы, нам было няпроста. А ўсё таму, што кожны з 4 кандыдатаў – са сваімі поглядамі на жыццё і далейшае развіццё маладзёжнай палітыкі. А вось для саміх выбаршчыкаў, якіх тут налічваецца 26, такіх праблем не было. “Усе мы добра ведаем адзін аднаго і можам адэкватна ацаніць здольнасць кожнага прадстаўляць інтарэсы школы, – тлумачылі яны. – Тым больш, што праекты кандыдатаў былі адкрытымі, пазнаёміцца з імі мог любы жадаючы”.

У светлай, утульнай аўдыторыі, дзе праходзіла галасаванне, панавала асаблівая атмасфера. Юных выбаршчыкаў прыветліва сустракалі члены камісіі, віншавалі з першымі выбарамі ў жыцці. Між тым, хвалявання на ўчастку не адчувалася – тон мерапрыемству задала праведзеная дагэтуль урачыстасць па прыняцці школьнікаў у акцябраты і члены БРСМ, прымеркаваная менавіта да выбараў.

На ўваходзе ва Ушацкую школу ўвагу прыцягнула група старшакласнікаў, якая ля інфармацыйнага стэнда з праграмамі 13 кандыдатаў у Маладзёжную палату актыўна абмяркоўвала прачытанае. “Глядзіце, дзяўчына прапануе стварыць школьны тэатр. Буду галасаваць за яе”. “А я лепш за тых, хто дбае пра аказанне дапамогі пажылым людзям і інвалідам”. Меркаванні школьнікаў разыходзіліся, але раўнадушных дакладна не было. Як і пазней у актавай зале, дзе праходзіла галасаванне, а праз некаторы час падводзіліся вынікі выбараў. Пад гучныя апладысменты ўшацкія педагогі і вучні віталі толькі што абраных прадстаўнікоў Маладзёжнай палаты. Усе яны – творчыя, дружныя, мэтанакіраваныя. Няма сумненняў, што дарослыя да іх прыслухаюцца і акажуць падтрымку ў рашэнні праблем.

* * *

Выбары прайшлі, 20 членаў Маладзёжнай палаты вызначаны. Чым будуць займацца, хто яе ўзначаліць і будзе прадстаўляць на ўзроўні вобласці – пра гэта ішла гаворка ў сераду, 20 снежня, на першым пасяджэнні. На ім вырашана, што ў складзе палаты застаецца пяць пастаянных камісій. Юнакі і дзяўчаты будуць працаваць прыкладна па той жа сістэме, што і іх старэйшыя калегі, дэпутаты раённага Савета дэпутатаў, аднак з адным адрозненнем: камісіі разглядаюць выключна пытанні маладзёжнай палітыкі, а іх рашэнні насяць рэкамендацыйны характар.

Моладзь вітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка: “Удзельнічаць у рабоце Маладзёжнай палаты – гэта не толькі вялікі гонар, але і адказнасць. Перад вамі будзе нямала новых задач. Галоўныя з іх – аб’яднаць вакол сябе равеснікаў як у гарпасёлку, так і ў сельскай мясцовасці, дапамагчы ім увасобіць у жыццё ідэі, накіраваныя на ўдасканаленне маладзёжнай палітыкі ў нашым рэгіёне”. Ва ўрачыстай абстаноўцы Вольга Мікалаеўна ўручыла новаспечаным членам Маладзёжнай палаты адпаведныя пасведчанні і “партфелі” з усім неабходным для работы – падарункі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Падзякай старшыні раённага Савета дэпутатаў адзначана таксама вучаніца Ушацкай школы Ліза Жарнасек, якая дагэтуль была лідарам палаты.

Шляхам адкрытага галасавання старшынёй Маладзёжнай палаты  другога склікання абраны Яўген Бародзіч з Ушацкай школы, намеснікам – Кацярына Халімоненка з Ільюшынскай, сакратаром – Злата Клачок з Ушацкай. Астатнія члены размеркаваны па камісіях.

На пасяджэнні прысутнічалі ганаровыя госці: члены прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, раённай арганізацыйнай камісіі па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у Маладзёжную палату Ушацкага раёна другога склікання, кіраўнікі аддзелаў райвыканкама і грамадскіх арганізацый, дырэктары школ. Яны павіншавалі юнакоў і дзяўчат са знакавай падзеяй у іх жыцці, выказалі спадзяванне, што тыя апраўдаюць давер не толькі сваіх выбаршчыкаў, але і ўсіх ушачан.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *