Ушачскому ДРСУ-105 — 60 лет

Юбилейные даты

15 снежня калектыў Ушацкага ДРБУ-105 святкаваў свой 60-гадовы юбілей. І хоць летапіс арганізацыі афіцыйна бярэ адлік з 1957 года, калі ў вобласці ўтварыліся 6 міжраённых дарожна-эксплуатацыйных участкаў, нашы дарожнікі маглі б смела “пастарыць” сябе на некалькі дзесяцігоддзяў – у Полацкім занальным архіве маюцца звесткі аб тым, што пры Ушацкім райвыканкаме з 1944 па чэрвень 1957 года існаваў Дарожны аддзел, які ўзначальваў Пётр Ануфрыевіч Калітуха. У 1946-ым у ім працавала 8 чалавек. На чым – сведчыць статыстыка па Віцебскім аблдарбудзе, у склад якога ўваходзіла 14 падобных аддзелаў і… 40 коней, адна аўтамашына, два грэйдары, 9 лябёдак і столькі ж чыгунных баб. Работы вяліся з дапамогай мясцовага працаздольнага насельніцтва, бо кожны чалавек павінен быў адпрацаваць на рамонце дарог 6 дзён.

Адкрываючы ўрачыстасць з нагоды юбілею, выконваючы абавязкі начальніка ДРБУ-105 Дзмітрый Пятровіч Цімафееў прывёў прыклад з уласнай біяграфіі. У 1999 годзе, калі ён прыйшоў майстрам участка, у яго падначаленні, прыкладна як і ў іншых двух майстраў, было 11 дарог. Зараз ДРБУ-105 абслугоўвае 171(!) – гэта ў пяць разоў болей.

На Стаі – праз Лепель

І зразумела, гэта ўжо зусім не тыя дарогі, як пасля вайны: 165 кіламетраў маюць асфальтавае пакрыццё, 9,4 – з чорнага гравію, 311,7 – гравійныя і 98 – грунтава-палепшаных. З грунтава-прафіляваных засталося толькі 22 кіламетры. Хоць і сёння людзі часта наракаюць на стан дарог, яны не памятаюць ці не жадаюць прыгадваць, якой была дарожная сетка раёна нават не ў пасляваенныя саракавыя, а ў сямідзесятыя гады. Затое добра памятаюць вадзіцелі са стажам. Каб трапіць на палеткі лёну ў Стаях, калектыву рэдакцыі трэба было ехаць праз Лепель і Камень. На Дубраўку звілістая паміж балотамі і азёрамі шаша вяла праз Турасы, а заказаны на вяселле ў Астраўляны Глыбачанскага сельсавета УАЗ даехаў толькі да скрыжавання на Усвіцу, далей яго цягнуў гусенічны трактар з платформай. Калі па каляінах на новым аўто ўдавалася дабрацца з Ушачы да Касароў за дзве гадзіны – гэта сведчыла аб празмернай ліхасці, ўласцівай толькі моладзі. Масты з бярвення раз’язджаліся пад коламі, калі даволі рэзка газануў. А ўсе ўнутрыгаспадарчыя дарогі абслугоўваліся сіламі калгасаў і саўгасаў, якія мелі, у тым ліку і для гэтых мэт, будаўнічыя брыгады.

Ад валакуш да асфальтагранулятараў

“Цягаў бабу: 8 гадзін”, – такі запіс у пуцявым лісце, які зараз выклікае смех у вадзіцеляў, у пяцідзесятыя ці нават сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя быў нормай, а чыгунная баба – самым распаўсюджаным сродкам “грэйдзіравання” дарог. Вялікая і цяжкая, як правіла 300-400 кілаграмаў, яна мацавалася да лябёдкі і разгладжвала каляіны. З тых часоў тэхналогіі змяняліся неаднойчы, даўно ў металаломе тыя бабы, а замест іх на балансе арганізацыі сучасныя грэйдары і асфальтаўкладчыкі, магутныя кар’ерныя самазвалы. Пры ямачным рамонце выкарыстоўвацца як халодныя мінеральныя сумесі, так і гарачая прапітка. А дарогу на Немірова, што ў недалёкіх планах арганізацыі, мяркуюць зрабіць “шашэйнай” дзякуючы асфальтагранулятару: такі перасоўны модуль набыло КУП “Віцебскаблдарбуд” каб апранаць гравійкі ў асфальт.

Прыгадваюць ветэраны

Самым старэйшым членам ДРБУ-105 на сённяшні дзень, не па ўзросце, а па працоўным стажы, з’яўляецца Аляксандр Уладзіміравіч Клямяценка. “Увесь час на кар’еры, за 42 гады нічога болей не бачыў”, – кажа ветэран вытворчасці. І сапраўды, кар’ер ля Звоні ўжо паўвека забяспечвае гравіем увесь раён. Толькі раней да экскаватаршчыка выстройвалася чарга: для падсыпкі дарог акрамя ўласнай тэхнікі прыцягвалі транспарт з райсельгастэхнікі і райсельгасхіміі.

– Уладкавацца ў ДРБ-105 лічылася ўдачай, – прыгадвае ветэран прадпрыемства Іван Дзмітрыевіч Смальніцкі. – Тым больш у пасляперабудовачны час, калі многія арганізацыі развальваліся. Я прыйшоў прарабам у 1999-м: у згуртаваны калектыў, які меў вялікія аб’ёмы работ і адпаведна добрую, нават вельмі добрую зарплату. Мянялі асфальтавае пакрыццё, трубапераезды ў цэнтральных сядзібах гаспадарак, нават будавалі два кіламетры новай лясной дарогі за Наваселлем. У спрыяльнае надвор’е за дзень укладвалі па 200-250 тон асфальту, на падвозе якога было задзейнічана 5-6 МАЗаў.

Павінен святкаваць увесь пасёлак

Павіншаваць калектыў з юбілеем прыехаў старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка, які ўручыў Ганаровую грамату дыспетчару Алене Мікалаеўне Собаль, і намеснік генеральнага дырэктара “Віцебскаблдарбуда” Генадзь Аляксеевіч Глінскі – Ганаровымі граматамі галаўнога прадпрыемства адзначаны майстар Генадзь Пятровіч Васілеўскі, бухгалтар Таццяна Іванаўна Зімарава, а Падзяку атрымалі машыніст бульдозера Сяргей Уладзіміравіч Харашкевіч і кладаўшчык-прыбіральшчыца Вольга Уладзіміраўна Урбан. Г.А.Глінскі, які раней узначальваў ДРБУ-105, добра ведае калектыў, таму яго выступленне было шчырым і хутчэй вытворчым. “Так святкаваць нельга, – сказаў Генадзь Аляксеевіч. – Вы – адно з валаўтваральных прадпрыемстваў Ушаччыны. Сёння ўвесь горад разам з вамі павінен быў адзначаць юбілей, а нават прэміі давялося выдаваць з абласнога фонду. Трэба павысіць прадукцыйнасць працы, якасць – і за­рабляць. Упэўнены, што гэта ў вашых сілах”.

Пра тое сведчаць не вельмі даўнія поспехі калектыву: па выніках дзейнасці за 2010 год прадпрыемства заняло другое месца (першае не прысуджалася) у намінацыі “Лепшы філіял “Віцебскаблдарбуда”, мае Ганаровую грамату аблвыканкама, заносілася на раённую Дошку гонару. Нягледзячы на часовыя праблемы, калектыў застаецца стабільным, згуртаваным не толькі работай. Тут умеюць віншаваць юбіляраў, разам праводзіць адпачынкі і нават лавіць рыбу на агульную юшку. А яшчэ падарожнічаць: Мір, Несвіж, Глыбокае, Мосар, Санкт-Пецярбург – ужо зведаныя маршруты. А колькі наперадзе новых дарог: вытворчых і асабістых!

Вольга КАРАЛЕНКА.

З 1957 па сённяшні час прадпрыемства ўзначальвалі: Мечыслаў Вікенцьевіч Савейка, Вячаслаў Паўлавіч Пятроўскі – самы працяглы час – 24 гады, Міхаіл Іларыёнавіч Карнееў, Віктар Аляксеевіч Сімановіч, Мікалай Іванавіч Бухалка, Ян Васільевіч Ходзікаў, Мікалай Львовіч Салачэнка, Іван Віктаравіч Кунчэўскі, Генадзь Аляксеевіч Глінскі і Анатоль Іванавіч Коцур.

Зараз у ДРБУ-105 працуе 65 чалавек. 12 работнікаў і пенсіянераў маюць званне “Ветэран працы” – за 25 і болей гадоў стажу у арганізацыі. “Чалавекам года Віцебшчыны” па выніках работы за 2011 станавілася галоўны бухгалтар Зоя Сцяпанаўна Ільінова, а сёлета экскаватаршчык А.У.Клямяценка атрымаў званне “Ганаровы дарожнік Беларусі” другой ступені.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *