Несмотря на тонкий лёд на озёрах Ушаччины немало рыбаков

Cлужба-101 Профилактика и безопасность

21 снежня на азёрах Віцебскага і Шумілінскага раёнаў патанулі два рыбакі, Аматары і шукальнікі экстрыму жыццём заплацілі за ігнараванне правілаў асабістай бяспекі – адважыліся рыбачыць на лёдзе таўшчынёй усяго 4 сантыметры. Ужо на наступны дзень па ініцыятыве ўпраўленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей быў забаронены выхад на вадаёмы, пакуль ледзяное покрыва не дасягне мінімум 7 сантыметраў.

Дакументы такога кшталту выходзяць у свет на пачатку сезона і ў канцы, калі лёд асабліва крохкі і небяспечны. Мера носіць у большай ступені прапагандысцкі характар – такім чынам органы мясцовай улады стараюцца прыцягнуць увагу людзей, напомніць ім пра элементарныя правілы бяспекі. “Забарона – нагода лішні раз аб’явіць па радыё, напісаць у газетах, размясціць адпаведную інфармацыю на стэндзе, магчыма хто і задумаецца”, – расказваў супрацоўнік Ушацкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Васільевіч Карэйша, калі раніцай суботы ў складзе міжведамаснай групы накіраваліся па бліжэйшых вадаёмах у прафілактычны рэйд.

Рэгулярна друкуем, прыводзім трагічныя прыклады. Таму цяжка ўсведамляць, што нягледзячы на шматлікія папярэджанні і перасцярогі падобныя выпадкі паўтараюцца з года ў год. “Пра здарэнні ведаю, але ж гэта не ў нас!” – адзін з тыповых адказаў заўзятараў падлёднай лоўлі, што на дарозе ля Матырынскага возера выстраілі кавалькаду аўтамабіляў, якой бы пазайздросціла вялікае вяселле. На словы старшыні раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Эдуарда Гаўрылавіча Верташонка аб тым, што некалькі год таму адзін з тапельцаў, пакуль трымаўся на паверхні палонкі, прапаноўваў відавочцам за сваё выратаванне машыну і ключы ад кватэры ў дадатак, але нават гэтыя “стымулы” не дапамаглі яму выбрацца на бераг жывым, чуем адказ: “Дык калі гэта было!”. Але ўсё ж на развітанне аматары-экстрэмалы абяцалі паводзіць сябе асцярожна, прыглядаць адзін за адным і не лезці на ўчасткі з зусім тонкім лёдам. Вось толькі не вельмі верылася ў гэта…

На Салонцы адразу ля берага бачым палонку – нехта спрабаваў лёд на трываласць і таўшчыню. Аказалася, яна ўсяго 4 сантыметры, але і гэта не стрымала рыбакоў – чарада слядоў вяла ўздоўж берага, непадалёк стаяла палатка, а вось людзі да нас не падышлі – мабыць “падзейнічала” форменнае адзенне членаў рэйдавай групы, сярод якіх быў і супрацоўнік ДАІ Юрый Сямёнавіч Шчукін. Ён, дарэчы, і сам не супраць пасядзець у вольны час з вудай, але ж не на такім лёдзе.

Мінімальна дапушчальных памераў яго таўшчыня была на возеры ля Астравенца. Адпаведна тут мы і заўважылі самую вялікую колькасць рыбакоў – звыш трыццаці, рознага ўзросту, сярод якіх былі і прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва. Яны, дарэчы, выдзяляліся дысцыплінаванасцю і размясціліся недалёка ад берага. Большасць рыбаловаў са стажам звычайна прытрымліваюцца правілаў бяспекі, маюць выратавальныя сродкі. Але трапляюцца і навічкі, аматары «вясёлага» баўлення часу, пра што сведчаць спецыфічныя шкляныя адходы, якія нярэдка застаюцца побач з месцамі рыбалкі.

В.В.Карэйша і Э.Г.Верташонак пагутарылі з аматарамі рыбнай лоўлі, пацікавіліся іх веданнем правілаў бяспекі і аказання дапамогі таму, хто праваліўся пад лёд. Вось толькі ўлічваючы колькасць вадаёмаў у нашым раёне, да кожнага возера прафілактычную групу не накіруеш – не хопіць ні людзей, ні сродкаў. Таму рыбаловам неабходна ў першую чаргу самім прымаць максімум мер бяспекі. Выратавальнікі ў чарговы раз папярэджваюць аб ёй пры выхадзе на нетрывалы лёд, асабліва ў сувязі з плюсавай тэмпературай і надыходзячымі выхаднымі.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *