Юные ушачане побывали на главной ёлке страны

Наши дети

28 снежня ў Мінску, у Палацы Рэспублікі, прайшла дабрачынная навагодняя ёлка, якая традыцыйна стала кульмінацыяй акцыі “Нашы дзеці”. На баль сабраліся каля 2,5 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй краіны – запрашэнні атрымалі выдатнікі вучобы, пераможцы алімпіяд і конкурсаў, выхаванцы дзіцячых дамоў, дзеці з мнагадзетных і апякунскіх сямей. Традыцыйна сярод шчасліўчыкаў былі і нашы землякі – сёлета права пабываць на галоўнай ёлцы краіны атрымалі Ягор Обух і Дзмітрый Адамовіч з Ушацкай школы, а таксама Юрый Жарнасек з Ільюшынскай.

Пра такіх як Ягор Обух кажуць не інакш, як “залатое дзіця”. Узнагароды ў шматлікіх фестывалях-конкурсах эстраднага вакалу. Перамога ў абласных конкурсах “Выратавальнікі вачыма дзяцей” у намінацыі “Казка” і мастацкай самадзейнасці органаў і падраздзяленняў унутраных спраў у намінацыі “Дзіцячая творчасць”. У дзённіку хлопца – пераважна дзявяткі і дзясяткі. Ярка праяўляе сябе пяцікласнік і ў грамадскім жыцці класа, школы.

Шмат высокіх дасягненняў – у большасці сваёй спартыўных – і ў вучня сёмага класа, выхаванца аддзялення дзюдо Ушацкай ДЮСШ Дзмітрыя Адамовіча. У 2017 годзе ён стаў пераможцам абласной спартакіяды школьнікаў па дзюдо і Міждзяржаўнага турніру па лёгкай атлетыцы, прысвечанага 1155-годдзю Полацка, прызёрам першынства Віцебскай вобласці па дзюдо сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Выхоўваецца Дзіма, дарэчы, у мнагадзетнай сям’і, у якой важная роля ўдзяляецца здароваму ладу жыцця.

Не хапае месца для ўзнагарод у пакоі Юры Жарнасека. Толькі за 2017 год васьмікласнік перамог у раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай і беларускай мовах, стаў лепшым у рэспубліканскім конкурсе творчых работ “Чыстыя сэр­цы – роднай зямлі”, раённых “Юны натураліст” і “Моладзь за здаровы лад жыцця” ў намінацыі “Лістоўка”. Юра – добры прыклад не толькі ў вучобе, паводзінах, але і ў актыўнасці ў грамадскіх справах.

У Палацы Рэспублікі было ўсё, што кожны з нас так любіў у дзяцінстве: прадстаўленне, традыцыйныя карагоды з Дзедам Марозам, іншымі казачнымі героямі, смех, песні, вясёлыя конкурсы…

– Уразіла пастаноўка са спецэфектамі, велічнымі дэкарацыямі. Шмат незабыўных эмоцый падарыла і выстава спецтэхнікі: разгледзець зблізку мадэлі аўтамабіляў, што выпускаюцца ў нашай краіне, азнаёміцца з іх уладкаваннем – шыкоўны падарунак! – расказвалі хлопцы.

Галоўную ёлку краіны называюць таксама прэзідэнцкай, бо традыцыйна дзяцей на ёй віншуе асабіста кіраўнік дзяржавы. Нягледзячы на юны ўзрост запрошаных, А.Р.Лукашэнка размаўляў з імі, як з дарослымі. Ён заклікаў дзяцей менш часу праводзіць за сучаснымі гаджэтамі, цвёрда ісці да пастаўленай мэты, любіць сваю Радзіму, шанаваць мір і бяспеку.

– Пабываць на такім мерапрыемстве ганарова і адказна. Крыху хвалююча было ўбачыць на свае вочы Прэзідэнта Беларусі, пачуць адрасаваныя непасрэдна нам словы і парады! – дзяліліся ўражаннямі, вярнуўшыся дамоў, юныя ўшачане.

Нагадваць жа пра паездку ў Палац Рэспублікі ім будуць памятныя падарункі і новыя знаёмствы. А яшчэ хлопцы паабяцалі, што будуць заўсёды трымаць высокую марку, застаючыся гонарам для родных, настаўнікаў, землякоў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *