Рождественский праздник в Ушачах

Общество

“Як гэта радасна, што адышлі ў нябыт тыя часы, калі вера ў Бога лічылася заганай, разбураліся храмы, знішчаліся святыні… І як цудоўна, што сваіх дзяцей і ўнукаў мы можам выхоўваць па запаветах хрысціянства, што мерапрыемствы з нагоды Нараджэння Хрыстова ладзяцца не толькі ў цэрквах, а і ва ўстановах культуры!” – не хавала ўзнёслых уражанняў ад раённага каляднага свята Ала Дзмітрыеўна Хакава.

Калі 79-гадовая жанчына даведалася, што пляменніца А.С.Аўчыннікава, з якой яна зараз жыве ў вёсцы Броўчына, едзе ва Ушачы на імпрэзу, папрасіла ўзяць яе з сабой. Старэнькім “жыгулям”, якімі кіруе Алена Сяргееўна, шлях да райцэнтра даводзіцца адольваць часта: прыхаджанка штотыднёва едзе на службу ў царкву святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры, заўсёды бярэ з сабой ільюшынскіх дзяўчынак Алену Магерку і Уладу Пугач, якія наведваюць нядзельную школу пры ўшацкім храме.

На раённым свяце дзяўчаткі і іх духоўны “куратар” прымалі ўдзел у пастаноўцы па біблейскіх матывах, падрыхтаванай прыхаджанамі і наведвальнікамі школы, непасрэдна стваралі тую ча­роўную, узнёслую атмасферу, што панавала ў зале. Вельмі спадабаўся гледачам і міні-спектакль, паказаны маленькімі акцёрамі Ільюшынскай сярэдняй школы. “Для нас гэта вельмі чаканае свята, – расказвае чацвертакласніца Арэхаўскай СШ Ксюша Ісаева. – У нядзельнай школе пры храме велікамучаніцы Параскевы Пятніцы, куды мы ходзім з трыма маімі сястрычкамі, загадзя рыхтуем каляднае прадстаўленне, з якім потым выступаем не толькі на раённай сцэне, а і ў сельскім Доме культуры, школе, дзіцячым садку”.

Літаральна ўмомант праляцелі паўтары гадзіны заварожваючага дзейства, падчас якога ду­хоўныя песнапенні, творы музычнай класікі і адмысловыя пастаноўкі чаргаваліся з прывітальнымі словамі. Благачынны Ушацкага раёна протаіерэй Вячаслаў Лобец агучыў віншаванні са святам Нараджэння Хрыстова ад Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія, павіншаваў прысутных асабіста.

Вялікую ролю царквы і яе цеснае ўзаемадзеянне з дзяржавай у працэсе духоўна-маральнага выхавання грамадзян – у тым ліку і праз падобныя мерапрыемствы – адзначыла намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч. І гэтую думку праілюстравалі разважанні настаўніцы Арэхаўскай школы Веры Васільеўны Венжык: “Назіраю за паводзінамі нашых дзяцей, якія наведваюць нядзельную школу, і заўважаю, што яны становяцца больш спакойнымі, паслухмянымі, добразычлівымі”. Ну а трапяткое і светлае каляднае свята закранула лепшыя струны душы кожнага, хто прыйшоў у гэты дзень у раённы Дом культуры, каб уславіць свяшчэнны момант нараджэння нашага Збавіцеля.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *