В Ушачах прошёл очередной шахматный турнир

Cпорт

Ушаччына працягвае даказваць званне “шахматнага” раёна, збіраючы на турніры заўзятых аматараў гульні з розных куточкаў вобласці. Вось і ў мінулую нядзелю, на старце 2018 года, умацаваць свае навыкі і проста сустрэцца з аднадумцамі ў наш раён прыехалі прадстаўнікі Докшыц, Лепеля і Шуміліна.

У райцэнтры падобныя турніры ў апошні час ладзяцца на базе Ушацкай школы. І на гэты раз удзельнікі спаборніцтваў – а гэта 16 шахматыстаў паважанага ўзросту, аксакалаў гульні – сабраліся ва ўтульным памяшканні тутэйшага ціра. На працягу некалькіх гадзін яны высвятлялі не толькі самых падрыхтаваных, але і тых, у каго лепшая рэакцыя: турнір праходзіў у фармаце “хуткіх” шахмат (5 хвілін на хады аднаго іграка). Гэта дазволіла правесці больш тураў, а значыць згуляць з максімальнай колькасцю сапернікаў.

Ушачане традыцыйна пацвердзілі высокі клас, праўда, у лік пераможцаў не трапілі. Сярод нашых землякоў лепшы вынік у Аляксандра Віктаравіча Крацёнка: ён стаў шостым у асноўным турніры і пятым – у дадатковым. Прызавыя ж месцы дасталіся выключна прадстаўнікам Лепельшчыны, двое з якіх – кандыдаты ў майстры спорту, а ўся каманда – чэмпіён вобласці сярод сельскіх раёнаў.

Традыцыйна ад удзельнікаў давялося пачуць добрыя словы наконт арганізацыі турніру і персанальныя падзякі ў адрас У.М.Верлава, апантанага энтузіяста, які згуртаваў вакол сябе шахматыстаў. Сам жа Уладзімір Міхайлавіч адзначае, што вельмі хоча прыцягнуць да інтэлектуальнай гульні яшчэ больш людзей, асабліва дзяцей і моладзі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *