Завершился чемпионат района по настольному теннису. Кто стал победителем, читайте в нашем материале!

Cпорт

У тым, што зімовы чэмпіянат раёна па настольным тэнісе не атрымаўся камяком, зараз упэўнены ўсе – і арганізатары, і ўдзельнікі, і балельшчыкі, якія вечарамі прыходзілі падтрымліваць сяброў і знаёмых у тэнісную залу фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”. Зразумела, што спаборніцтвы ў асабістым заліку праводзіліся і раней, але ўпершыню на турніры дзейнічаў фармат гульняў не на выбыванне, а “кожны з кожным”. Такім чынам, напрыклад, мужчынам трэба было правесці па два дзясяткі сустрэч, бо заявілася звыш 20 чалавек і спаборніцтвы расцягнуліся амаль на месяц.

У жанчын паядынкі скончыліся хутчэй. Тлумачыцца гэта меншай колькасцю ўдзельнікаў – паспрачацца за званне мацнейшай тэнісісткі выказалі жаданне сямёра. Па-за канкурэнцыяй была супрацоўніца райаддзела па надзвычайных сітуацыях Крысціна Карзянок. Як і на раённых спаборніцтвах сярод працоўных калектываў, яна не прайграла ніводнай сустрэчы і перамагла ва ўсіх з лікам 3:0. Другое месца заваявала Людміла Бабаедава з Ушацкай школы, “бронза” дасталася Крысціне Шастаковай, яшчэ адной прадстаўніцы РАНС.

У мужчын фаварыт таксама вызначыўся з першага тура. Ім стаў ушацкі ўраджэнец, а зараз жыхар сталіцы Іван Рабашчанка, які знайшоў час, каб прыязджаць на гульні з Мінска. І атрымаў перамогу ва ўсіх сваіх сустрэчах, не прайграўшы ніводнай партыі. “Аб такой толькі марыць! Мабыць не адну сотню рублёў каштуе”, – казалі некаторыя ўдзельнікі, параўноўваючы свае ракеткі з інвентаром І.Рабашчанкі. Амуніцыя ў настольным тэнісе, канечне, мае вялікае значэнне, але ўрэшце ўсе пагаджаліся, што гуляй Іван хоць “дзеравяшкай”, вынік быў бы такім жа – яго ўзровень быў на парадак вышэй астатніх прэтэндэнтаў на ўзнагароды.

Ім заставалася аспрэчваць другое і трэцяе месцы. І за іх разгарнулася ўпартая барацьба. Дзесьці да сярэдзіны турнірнай дыстанцыі акрэслілася група з 5-6 тэнісістаў, якія прэтэндавалі на п’едэстал, а канчатковае размеркаванне месцаў вызначылася толькі ў апошні дзень спаборніцтваў, калі Валерый Гугін перамог Віктара Ліўшыка і такім чынам стаў трэцім. Але трэба адзначыць, што насамрэч “бронзавым” для Валерыя Мікалаевіча быў паядынак турам раней, калі ва ўпартай барацьбе ён з лікам 3:2 перамог яшчэ аднаго прэтэндэнта на медалі Сяргея Давыдава. Для апошняга самым няўдалым аказаўся стартавы дзень, калі ён саступіў двойчы – І.Рабашчанку і даволі нечакана Дзмітрыю Цюкалу (шостае выніковае месца). Потым жа С.Давыдаў упэўнена рухаўся па дыстанцыі, штампуючы перамогі, набраў як і В.Гугін 34 ачкі, але па выніках асабістай сустрэчы стаў чацвёртым. А “срэбра” заваяваў Аляксандр Мамон, які ў 20 гульнях саступіў толькі двойчы – І.Рабашчанку і С.Давыдаву. Аляксандр з’яўляецца адным з самых актыўных наведвальнікаў тэніснай залы, пастаянна трэніруецца, прымаў удзел у аматарскіх турнірах у Полацку, і ўжо перамагаў раней на раённых спаборніцтвах.

– Перавага такога турніру відавочная, – падзяліўся сваім бачаннем В.Гугін. – Розныя сапернікі, стылі гульні, колькасць паядынкаў – эфект выпадковасці мінімальны, і перамагаюць на доўгай дыстанцыі сапраўды мацнейшыя і псіхалагічна больш устойлівыя.

І сапраўды, на свае вочы даводзілася бачыць, як пасля выйгрышу першых ­дзвюх партый некаторыя ігракі гублялі канцэнтрацыю і прайгравалі 2:3. Асобныя паядынкі атрымліваліся вельмі відовішчнымі, упартымі і вырашаліся на “больш-менш”. Акрамя адзначаных вышэй ігракоў, варта назваць Аляксандра Федарэнку, які стаў пятым, у верхняй частцы выніковага пратаколу апынуліся таксама Сяргей Собаль (7) і Віталь Клімашэўскі (8).

На цырымоніі закрыцця турніру дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Андрэй Уладзіміравіч Жыткоў падзякаваў удзельнікам і адзначыў, што галоўныя мэты дасягнуты – тэнісны зал не пуставаў і ў дні, калі не праводзіліся спаборніцтвы, а ўзровень турніру ад пачатку да канца значна вырас. Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі прызамі.

Інтарэс да турніру ёсць, удзел у ім прымалі ў тым ліку і сельскія жыхары, а ўзрост асобных ігракоў значна перавышаў пенсійны. Таму арганізатары абяцаюць правесці падобныя спаборніцтвы ўжо ў хуткім часе. Фармат зараз абмяркоўваецца, магчыма гэта будзе нават турнір у дзвюх лігах з наступным павышэннем і паніжэннем у класе .

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *