В Ушачах впервые состоялся матч чемпионата Республики Беларусь по баскетболу среди мужских команд

Cпорт

У наш райцэнтр у мінулую суботу прыйшоў вялікі баскетбол: на спарткомплексе “Юнацтва-Ушачы” была праведзена гульня Вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі паміж мужчынскімі камандамі “Рубон” (Віцебск) і “Цмокі-Мінск” (рэзерв). Трэба сказаць, што такі статусны паядынак ва Ушачах ладзіўся ўпершыню.

Дамашняй пляцоўкай рубонаўцаў з’яўляецца зала Віцебскага ЦСК, аднак, як кажуць, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло: памяшканню спатрэбіўся тэрміновы рамонт і клубу прыйшлося шукаць іншае месца. Менавіта гульнявая зала “Юнацтва-Ушачы” адпавядала высокім тэхнічным патрабаванням для правядзення матчаў Вышэйшай лігі – і вось у суботу наша пляцоўка на вачах пераўтварылася: выпрасталі магутныя плечы раскладныя канструкцыі баскетбольных кольцаў, перыметр упрыгожылі яркія рэкламныя шчыты, а тэхнічная брыгада федэрацыі нашпігавала судзейскую зону шматлікай электроннай апаратурай. Калі ж на паркет выйшлі ігракі, гледачы на трыбунах зазначалі, што ніколі не бачылі такі парад “гулівераў”.

Віцебскі баскетбольны клуб быў створаны ў 1995 годзе і спачатку называўся “Шыком”, бо яго спонсарам была аднайменная камерцыйная кампанія. Пазней назва мянялася на “Шыком-Лакаматыў” і “Лакаматыў-КіС”. Перад пачаткам сезона 2011/12 было прынята рашэнне зноў перайменаваць клуб: пасля абмеркавання з прадстаўнікамі віцебскіх СМІ і балельшчыкамі спыніліся на назве “Рубон” – менавіта так у старажытныя часы славяне называлі Заходнюю Дзвіну.

Галоўны трэнер віцябчан Руслан Байдакоў даваў апошнія парады падапечным, а на просьбу аб каментарыі для газеты ветліва зазначыў: “Абавязкова з вамі пагаворым пазней. Інтэрв’ю перад гульнёй – дрэнная прыкмета!” І такім чынам у нас з’явіўся яшчэ большы стымул хварэць за “Рубон” – каму ж хочацца, каб твой субяседнік быў у дрэнным настроі…
Суседства ў турнірнай табліцы (пераможца матча ўзнімаўся на другі радок) прадказвала роў­ную барацьбу, аднак паўночны клуб пачаў дамінаваць з першых хвілін і пасля паловы сустрэчы меў перавагу ў 12 ачкоў. Не змянілася карціна і ў астатні час: у выніку табло зафіксавала даволі нечаканыя і прыемныя для “Рубона” лічбы 103:80. Ушацкая пляцоўка аказалася шчаслівай: кольцы паслухмяна “праглыналі” мяч пасля кідкоў віцябчан, а аднойчы нават умяшаліся ў ход падзей і спынілі атаку “Цмокаў” – аранжавы снарад, здаецца, апускаўся ў кош, але засеў паміж шчытом і дужкай.

Р.Байдакоў дае ўказанні Д.Шыбаеву.

Баскетбалісты апладысментамі падзякавалі гледачам за падтрымку. На трыбуне, да слова, мы заўважылі і старшыню райвыканкама С.Садоўскага, які ў шчыльным графіку знайшоў час, каб далучыцца да адметнай спартыўнай падзеі. Зрэшты, гульнявыя віды Сяргею Сяргеевічу асабліва блізкія: у юнацкія гады ён займаўся валейболам, студэнтам гуляў за каманду ветакадэміі.

Ну а наша анансаваная размова з трэнерам віцебскага клуба пачалася з прадказальнага пытання пра ўражанні ад “Юнацтва-Ушачы”. Руслан Байдакоў – легенда беларускага баскетбола, пераможца маладзёжнага чэмпіянату свету, які паўтара дзесяцігоддзя вядзе да перамог баскетбалістаў роднага горада. “У вас выдатны спартыўны аб’ект. Канечне, мы былі засмучаны форс-мажорам, тым больш што два тыдні не мелі магчымасці трэніравацца… Але ўшачане аказалі нам цёплы прыём, і гульня прайшла на належным узроўні”, – зазначыў наш субяседнік. Закранулі мы і тэму асабістага кшталту – літаральна месяц таму Руслан Леанідавіч перанёс аперацыю на сэрцы, але не дазволіў сабе адпачынку і прыехаў на гульню. “Я вам больш скажу: ужо на трэці дзень пасля выпіскі я быў на трэніроўцы, – прызнаўся трэнер. – Канечне, даю сабе ўстаноўку менш хвалявацца, але ж у нас такі клуб – без праяўлення эмоцый хлопцаў не завядзеш!”

У бліжэйшую суботу віцебская каманда прыме лідара чэмпіянату – магілёўскі “Барысфен”. Разглядаецца варыянт таго, што і гэты матч можа быць праведзены на ўшацкім паркеце – рашэнне будзе прынята ў бліжэйшы час, так што сачыце за інфармацыяй у нашых сацсетках.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *