Родители юных футболистов Ушаччины организовали приятный сюрприз детям

Cпорт Общество

Адна справа – ганяць па полі мяч у звычайнай футболцы, і зусім іншая – выйсці на гульню ў сапраўднай форме з замацаваным за табой нумарам і ўласным прозвішчам на спіне. І каб гэты момант павышэння футбольнага статусу стаў для самых юных выхаванцаў футбольнай секцыі раённага фізкультурна-спартыўнага клуба яшчэ больш запамінальным, іх бацькі і трэнер Раман Мікалаевіч Фядосенка вырашылі падрыхтаваць з такой нагоды невялікае спартыўнае свята.

І хоць называлася яно “Тата. Мама. Сын.”, на трыбунах спарткомплексу былі заўважаны і бабулі, і браты з сёстрамі – ну а на пляцоўцы панаваў сапраўдны спартыўны запал. Пачалася праграма са спартландыі, і хоць бацькі не сталі паддавацца дзецям, тыя ўсё ж аказаліся крыху больш шпаркімі і спрытнымі. Пасля такой размінкі надышоў самы ўрачысты момант: футбалісты атрымалі новенькую яркую форму, якая, дарэчы, прыбыла па заказе з Еўропы.

У малодшай групе займаюцца сямі-васьмігадовыя хлопчыкі, і трэнер сцвярджае, што літаральна ва ўсіх праглядаецца неблагі патэнцыял. Проста не мог не прыйсці ў спорт Дзяніс Красілевіч, мама якога выкладае ў школе фізічную культуру. Актыўна выступаюць на спаборніцтвах за каманду лясгаса бацькі Мацвея Пацэйкі і, канечне, горача падтрымліваюць захапленне сына. Вітаюць спорт у сем’ях Ягора Плігаўкі, Арсенія Антуновіча, Ягора Грака, Арцемія Трошына, Мікіты Рубаніка, Вячаслава Кавалеўскага, Арцёма Федуковіча, Міхаіла Кудраўцава, Рамана Петухова. А як прыемна было бачыць у страі Антона Качынскага, які некалькі год змагаўся з цяжкай хваробай, і сам яго выхад на пляцоўку – ужо вялікая перамога. “Гэты дзень нашаму сыну запомніцца надоўга. Ведаеце, ён нават ноччу некалькі разоў прачынаўся, бо хваляваўся перад такой значнай для сябе падзеяй”, – расказвалі мама і тата Назара Курбакі, робячы памятныя фотаздымкі. “А гэта – наш будучы Месі!” – выдаў трэнер шчодры аванс самаму маленькаму футбалісту Уладу Пугачу (на здымку).

“Абкатаць” новую амуніцыю дзеці змаглі адразу ж, бо завяршаў свята футбольны паядынак паміж сынамі і бацькамі. І калі ад татаў усе чакалі добрага валодання мячом, то дастойная тэхнічная падрыхтоўка мам стала прыемным сюрпрызам. У выніку дарослыя ўзялі рэванш за спартландыю, а дзеці паабяцалі, што будуць яшчэ больш трэніравацца і паквітаюцца з бацькамі ў наступны раз – тым больш што ўсе вырашылі зрабіць сямейны футбольны фэст традыцыйным.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *