Мороз и солнце — день спортивный!

Cпорт

– У першы раз сёлета сталі на лыжы, ці хтосьці ўжо паспеў распачаць сезон? – запыталася ў чацвёртакласнікаў Ушацкай школы, якія падчас урока фізкультуры з радасным гоманам высыпалі на заснежаны стадыён.

– Я ў бабулі ў вёсцы ў выхадныя каталася! – пахвалілася Ксюша Хамёнак.

– А мы – толькі на каньках, а на лыжах яшчэ не паспелі, – паведамілі Віка Пятніца, Лана Касцюковіч і Ліза Лісіца.

У аўторак дзень выдаўся, як у класіка – марозным і сонечным, адным словам – цудоўным. Такім жа быў і агульны настрой. “Дзеці вельмі любяць урокі на вольным паветры, не маглі дачакацца, пакуль выпадзе снег, – расказвае настаўнік па фізічнай культуры Аляксандр Сяргеевіч Тарасеня. – Калі дазваляе тэмпература, ставім на лыжы вучняў, пачынаючы з другога класа. На жаль, зараз далёка не ў кожнага дома ёсць гэты спартыўны інвентар, таму некаторыя дзеці адкрываюць для сябе лыжны адпачынак толькі на ўроках”.

За вучэбную гадзіну маленькія лыжнікі паспелі праехаць некалькі кругоў па стадыёне, асвоіць тэхніку ўзняцця ў гару “лесвічкай” і нават атрымаць першыя гарналыжныя навыкі. І думаецца, што многія з іх ужо папрасілі бацькоў купіць ім лыжы, каб працягваць умацоўваючы здароўе занятак і ў вольны час.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *