Комиссии по делам несовершеннолетних Витебщины отметили 100-летие службы

Юбилейные даты

Пры згадванні камісіі па справах непаўналетніх большасць бацькоў з аблягчэннем уздыхаюць: ні ім, ні іх дзецям на яе пасяджэннях бываць не даводзілася. Але ёсць мамы і таты, што з крыўдай успамінаюць, як члены камісіі журылі іх за неналежнае выхаванне малых, і тыя, хто ўдзячны спецыялістам за тое, што наставілі іх на годны жыццёвы лад, дапамаглі пачуць і зразумець сваіх сыноў і дачок.

Тыя, хто некалі непахісна адстойваў правы дзяцей і хто працягвае абараняць на Ушаччыне іх законныя інтарэсы, на мінулым тыдні сабраліся разам на знакавае мерапрыемства – святкаванне 100-гадовага юбілею камісіі па справах непаўналетніх. Гэта значная дата стала добрай падставай успомніць, як усё пачыналася і як зараз арганізавана дзейнасць калегіяльнага органа ў нашым раёне.

Камісіі па справах непаўналетніх былі створаны Дэкрэтам Савета Народных Камісараў 14 студзеня 1918 года. Гэта была вымушаная мера – у разгар грамадзянскай вайны ў краіне з’явілася шмат дзяцей-беспрытульнікаў. Асноўнай задачай камісіі стала прафілактыка “ранніх” правапарушэнняў і на працягу наступных гадоў функцыі органа ўдакладняліся, пашыраліся яго паўнамоцтвы. Так, з 1931-га камісіі вялі барацьбу з беспрытульнасцю, абаранялі правы непаўналетніх, разглядалі справы аб здзейсненых правапарушэннях і нават давалі згоду на смяротнае пакаранне юных злачынцаў. У маі 1935-га названы орган ліквідаваны – яго ролю пачалі выконваць дзіцячыя пакоі міліцыі. Аднак пасля Вялікай Айчыннай вайны работа камісій па справах непаўналетніх была адноўлена.

Сёння гэта дзяржаўны орган, які каардынуе дзейнасць усіх ведамстваў, упаўнаважаных забяспечваць абарону правоў і інтарэсаў дзяцей. Таксама на яе ўскладзены выхаваўчая і прафілактычная работа, кантроль за дзецьмі, якія ўступілі ў канфлікт з законам.

– Ахова дзяцінства – адзін з прыярытэтных накірункаў палітыкі краіны. І важнасць нашай агульнай справы нельга недаацэньваць, – адзначыла падчас сустрэчы за круглым сталом намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч, якая зараз узначальвае раённую камісію па справах непаўналетніх.

Дзякуючы намаганням спецыялістаў, апошнім часам палепшылася сітуацыя з падлеткавай злачыннасцю, паспяхова рэалізуюцца палажэнні Дэкрэта Прэзідэнта краіны №18 па абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях. Аддзел адукацыі, спорту і турызму, сацыяльна-педагагічны цэнтр, райаддзелы міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, цэнтральная раённая бальніца і многія іншыя суб’екты прафілактыкі вядуць сумесную плённую работу. У ёй няма раўнадушных, бо часам даводзіцца прымаць рашэнні, якія патрабуюць глыбокіх разваг і перажыванняў за лёс дзяцей і сямей. Але трэба памятаць, што яны накіраваны на фарміраванне будучыні ўсёй дзяржавы.

Алена Васільеўна шчыра падзякавала ганаровым гасцям свята, былым намеснікам старшыні райвыканкама Ніне Міхайлаўне Дук, Уладзіміру Іванавічу Петражыцкаму, Вользе Іванаўне Карчэўскай, Наталлі Мікалаеўне Марковіч, якія ў розныя часы займалі пасаду старшыні камісіі, а таксама іх памочнікам Таццяне Леанідаўне Свірко (Бухалка), Алене Мікалаеўне Малашчанка, Зінаідзе Іванаўне Саўчанка і Сняжане Мікалаеўне Бункевіч. Менавіта гэтыя людзі ў свой час стварылі фундамент той камісіі, якая сёння існуе і паспяхова дзейнічае. Ганаровыя граматы райвыканкама ўручаны ветэранам працы з найбольшым стажам ва ўзгаданай сферы: В.І.Карчэўскай (з 1998 па 2014) і З.І.Саўчанка (з 1992 па 2007). А падарункі ў гэты дзень атрымалі абсалютна ўсе прадстаўнікі раённай камісіі па справах непаўналетніх, ад чыёй работы залежыць сацыяльны дабрабыт грамадства і мацуюцца пазіцыі інстытута здаровай сям’і.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *