15 февраля — День памяти воинов-интернационалистов. Особенной является эта дата и для Николая Тараканова и Игоря Черкеса с агрогородка Глыбочка

Общество

“Першы час пасля вяртання дамоў Афган сніўся пастаянна. Зараз ужо радзей, ды ўсе ж раз-пораз прачынаешся ў халодным пату і кажаш самому сабе: супакойся, усё ў мінулым”, – прызнаюцца прадстаўнікі глыбачанскай “афганскай дыяспары” Мікалай Тараканаў і Ігар Чаркес (на здымку). У далёкім 1987-м хлопцаў з Апанаскавіч і Усвеі, якія прызываліся ў армію ў адзін дзень, звялі агульныя выпрабаванні, і загартаванае вайной сяброўства яны беражліва нясуць праз усё жыццё.

“Калі пісаць, дык толькі пра абодвух”, – агучыў свой “ультыматум” Мікалай Сяргеевіч, калі па тэлефоне дамаўляліся з ім пра сустрэчу. І знаёмства з мужчынамі ўпэўніла, як многа паміж імі агульнага. Найперш гэта сціпласць і нешматслоўнасць: выведаць у іх падрабязнасці гераічных афганскіх будняў аказалася справай амаль нерэальнай. “Мы ж вадзіцелямі былі, нічога надзвычайнага не рабілі – круцілі баранку па мясцовых дарогах”. Ды ўсё ж неўзабаве крыху разгаварыліся… Сваёй афганскай спецыялізацыяй хлопцы абавязаны вадзіцельскім курсам, якія скончылі пасля школы па накіраванні ваенкамата. Коля паспеў да арміі папрацаваць трактарыстам у “Савецкай Беларусі”, Ігар – шафёрам у “Глыбачанах”. Калі ж абодвух накіравалі ў вучэбку ў туркменскай Іалатані, стала зразумела, дзе давядзецца служыць. А вось у Афганістане іх баявыя шляхі разышліся. Ігар трапіў у Баграм у асобны батальён матэрыяльнага забеспячэння – не адну тысячу кіламетраў накруціў на восі КамАЗа, дастаўляючы ў месцы дыслакацыі савецкіх войскаў боепрыпасы, паліва, прадукты. Неаднойчы пераадольваў знакаміты перавал Саланг, што знаходзіцца амаль на 4-кіламетровай вышыні. “Узнімаешся ўверх па серпанціне і раптам бачыш пад сабой аблокі – незабыўныя ўражанні. Хвалююча было і ўпершыню пераязджаць тутэйшы трохкіламетровы тунэль: асабліва даставалася тым, хто рухаўся ў канцы калоны, бо ад выхлапных газаў, якія назапашваліся ў абмежаванай прасторы, літаральна не было чым дыхаць… Здаралася, што кулі маджахедаў прабівалі колы грузавіка – тады сябры бралі на сцэпку і цягнулі да блок-поста на абадах”.

На афганскіх дарогах смерць магла хавацца за любым паваротам. Аднойчы ледзь не прыбрала яна Мікалая Тараканава, які нёс службу ў Гардэзе ў батальёне аховы калон. Калі яго “Урал” падарваўся на міне, хлопца выкінула з кабіны выбуховай хваляй. “Памятаю, як адкрыў вочы і ўбачыў, што на перакуленым грузавіку круцяцца колы”, – прыгадвае Мікалай. У той дзень асколкамі яму прабіла рукі, калені і грудзі – параненага байца даставілі ў кабульскі шпіталь. Потым былі два месяцы лячэння і… уцёкі з бальнічнай палаты. “Хлопцы з нашага батальёна прыехалі ў сталіцу за прадуктамі, зайшлі мяне праведаць і я раптам зразумеў, што хварэць больш не хачу. Давялося пусціць у ход усё абаянне і дамовіцца з медсёстрамі, каб тыя выкралі мае дакументы, так я і збег са шпіталя зноў на вайну…”

Тым часам, зрэшты, яна набліжалася да заканчэння: надышла зіма 1989-га. Батальён, дзе служыў Мікалай, адправілі ў Саюз, але праз некалькі дзён узнялі па трывозе і зноў перакінулі ў Афганістан – было атрымана заданне забяспечыць выхад адтуль апошніх савецкіх войскаў. Такім чынам, ушацкія хлопцы, якія прымалі непасрэдны ўдзел у гэтай гістарычнай падзеі, вясной вярнуліся на радзіму – і дзень, калі аўтобус прывёз іх у родныя мясціны, безумоўна, стаў самым шчаслівым для двух сяброў і іх бацькоў.

Не сталі шукаць працавітыя вясковыя хлопцы шчасця ў гарадах, ды і хапіла ім далёкіх падарожжаў – засталіся на малой радзіме, уладкаваліся на мясцовае сельгаспрадпрыемства. Ігар Васільевіч спачатку быў вадзіцелем, а з 2000-га года – рабочым у Глыбачанскай школе, дзе настаўніцай малодшых класаў працуе яго жонка, разам з якой яны выгадавалі двух сыноў. У саўгасе і лясніцтве папрацаваў Мікалай Сяргеевіч, зараз жа месцам яго работы з’яўляецца Глыбачанская бальніца, персанал якой адгукаецца пра свайго вадзіцеля з вялікай цеплынёй. Дома ж мужчыну чакаюць любячая жонка і дачка. І хоць далёка ад райцэнтра жывуць сябры, штогод 15 лютага стараюцца прыехаць ва Ушачы, каб сустрэцца з былымі воінамі-афганцамі, аддаць даніну памяці тым, хто не вярнуўся з далёкай чужой зямлі, каго вайна не адпусціла і пасля вяртання дамоў. Сярод будзённых клопатаў пра гэта нельга забываць – такі закон афганскага брацтва.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *