«Белорусская лыжня-2018» и Масленица в Ушачах

Общество

Пакуль спартсмены з розных краін свету змагаюццца за медалі на зімовых Алімпійскіх гульнях у карэйскім Пхенчхане, ва Ушачах выяўлялі лепшых на традыцыйнай “Беларускай лыжні-2018”. Прычым, сёлета спартыўнае свята супала яшчэ і з Масленіцай.

У папярэднія гады такія спаборніцтвы праводзіліся ў раёне вуліцы Дружбы ці на стадыёне лясгаса. Сёлета ж ушацкія лыжнікі апрабавалі новую трасу каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”. Прыняць удзел і паспрабаваць свае сілы ў “Беларускай лыжні” пажадала ўсяго 7 каманд з розных прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

Пачалося спартыўнае свята з традыцыйнага ўзняцця сцяга (права зрабіць гэта было прадстаўлена мінулагоднім пераможцам – камандзе Ушацкай школы), а таксама пажаданняў паспяховых стартаў і лёгкай трасы. У састаў каманд уваходзіла па 4 чалавекі, спаборнічалі яны на розных дыстанцыях па ўзроставых групах. Прадстаўнікі кожнага калектыву старалася зарабіць як мага больш ачкоў, каб “выбіцца” ў лідары, нават тыя, хто казаў, што прыйшоў проста паўдзельнічаць, імкнуўся да перамогі, бо многіх з лыжнікаў можна было заўважыць на трэніроўках яшчэ за тыдзень да правядзення лыжні і абсалютная большасць удзельнікаў былі на трасе не навічкамі. У чарговы раз адстойвалі гонар сваіх калектываў ­Т.Гулевіч, Н.Шарыпа і Л.Корабава – ва ўзроставай катэгорыі звыш 50 гадоў яны ўтраіх выйшлі на старт і занялі прызавыя месцы ў такой жа паслядоўнасці. Сярод жа самых маладых удзельніц перамога дасталася таксама прадстаўніцы ЖКГ – К.Глебка, у катэгорыі 30-39 гадоў лепшай аказалася В.Первянёнак з “Лясных азёр”, а 40-49 – Т.Шышко з аб’яднанай каманды ТЦСАН і РАНС.

Трэба сказаць, што мужчын сярод удзельнікаў было больш, адпаведна барацьба за перамогу аказалася напружанай. Высокі вынік у катэгорыі 40-49 гадоў як заўсёды паказаў адзін з фаварытаў і пастаянны ўдзельнік лыжні К.Красноў з ЖКГ. Добры рэзультат сярод 18-29-гадовых у выратавальніка Р.Літвіна.

Далучыцца да спаборніцтваў у асабістым заліку мог любы жадаючы. Гэтай магчымасцю скарысталіся заўзятыя аматары лыжаў розных узростаў і менавіта яны паказалі самыя лепшыя вынікі і захапілі першынство ва ўсіх катэгорыях. Напрыклад, ніхто не сумняваўся ў спрыце В.Кашненкі, які пераадолеў дыстанцыю ў паўкіламетра менш чым за 2 хвіліны, упэўнена апярэдзіў сваіх маладых сапернікаў на адлегласці 1,5 кіламетра А.Федарэнка. А 15-гадовы вучань Ушацкай школы В.Байцоў, які вырашыў паспрабаваць свае сілы па-за конкурснай праграмай, прайшоў тую ж дыстанцыю за 6.32 хвіліны! Зайздросную хуткасць паказаў і Г.Малашчанка, у якога была вельмі актыўная група падтрымкі. “Моцныя аказаліся сёння сапернікі! – казаў нязменны капітан зборнай меліяратараў на лыжні М.Фядосенка. – Усяго 2 секунды саступіў старшыні райвыканкама У.Аўдошку!”

Прыемнай падтрымкай для лыжнікаў была прысутнасць родных і калег, яны сустракалі на фінішы, накідвалі на плечы курткі, паілі гарачым чаем і падбадзёрвалі цёплымі словамі. Не абышлося, канечне, і без лёгкіх траўм, падзенняў. Як гаварылі самі лыжнікі, для перамогі патрэбна не толькі майстэрства, але і ў пэўнай ступені вязенне. Як мог пераадольваў апошнія метры, каб не падвесці каманду, П.Пашкоў з ЖКГ, калі на трасе зламалася лыжная палка. “Для нас “Беларуская лыжня” – своеасаблівая рэпетыцыя перад абласной галіновай спартакіядай, на якую паедзем літаральна праз некалькі дзён. Але мы стараемся не прапускаць ніводных спартыўных спаборніцтваў у раёне”, – адзначыў Павел Мікалаевіч. Рэпетыцыя аказалася ўдалай, і менавіта камунальнікі сталі пераможцамі. Другое месца заваявала аб’яднаная каманда выратавальнікаў і ТЦСАН, а “бронза” спаборніцтваў дасталася “Лясным азёрам”.

Пасля фінішу на лыжні ўсе перамясціліся на пляцоўку, дзе задорнымі гукамі спеваў, спакуслівым пахам пачастункаў клікала людзей Масленіца. Адмысловы тавар, зроблены сваімі рукамі, выклалі на прылаўкі работнікі раённага Дома рамёстваў і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Цікавай праграмай парадавалі культработнікі: знайшлося ў ёй месца традыцыйным абрадавым спевам і танцам, прыпеўкам. Забаўляльную праграму падрыхтавалі спецыялісты раённага цэнтра дзяцей і моладзі, а найбольшую цікавасць у малых выклікала імправізаваная лоўля рыбы.

Ну а якая ж Масленіца без ласункаў? Народны клуб “Прысмакі” па традыцыі частаваў гасцей галоўным атрыбутам свята – блінамі з самымі рознымі начынкамі, на “ўра” разыходзілася і гарачая гарбата. Канкурэнцыю ж прызнаным кулінарам­аматарам склалі прафесіяналы з райспажыўтаварыства, ля палаткі якога можна было прысесці і перавесці дух за столікамі.

– Прыехалі ў выхадны дзень наведаць басейн, а трапілі яшчэ і на свята! Цікава было, нам спадабалася! – дзяліліся ўражаннямі нашы суседзі-лепяльчане.

Дарэчы, святкавалі Масленіцу і ў іншых населеных пунктах. Сапраўднае свята ў нядзелю разгарнулася ў прыгаданых вышэй “Лясных азёрах”. Праводзілі тут зіму масава і весела: вызначалі мацнейшых у перацягванні каната, самых спрытных падчас скачкоў у мяшках, хуткіх у “санным спорце” і іншых конкурсах. Не абышлося без смачных бліноў і зваранай на вогнішчы юшкі.

– Адпачынак на Ушаччыне запомніцца надоўга! Усё наладжана на высокім узроўні. Масленічныя ж забавы і провады зімы наогул прынеслі незвычайны зарад бадзёрасці і порцыю добрага настрою! – не хавала станоўчых эмоцый Ж.Гурэнка з Бабруйска і ад імя адпачываючых выказвала ўдзячнасць арганізатарам.

Напрыканцы ж па традыцыі ва Ушачах, Вашкове і ў іншых вёсках усе разам палілі чучала зімы. Згодна з народным павер’ем, разам з ім павінна “згарэць” усё нядобрае, што перашкаджае людзям радавацца жыццю, вясне, абнаўленню.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *