Выборы в местные Советы депутатов 28 созыва состоялись

Общество

Стала гісторыяй знамянальная падзея грамадска-палітычнага жыцця нашай краіны – 18 лютага ў Беларусі адбыліся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Актыўны ўдзел у іх прынялі жыхары нашага раёна: па папярэдніх даных, на выбарчых участках Ушаччыны прагаласавала 9413 чалавек, што складае 86,54 працэнта ад ліку выбаршчыкаў. Па выніках галасавання, дэпутатам Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Ушацкай выбарчай акрузе №35, куды акрамя тэрыторыі нашага раёна ўваходзіць і частка суседняга Докшыцкага, абраны генеральны дырэктар Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Аляксандравіч Даніловіч. У склад раённага Савета дэпутатаў увайшло 25 чалавек, дэпутатамі сельскіх Саветаў абраны 80 жыхароў раёна.

Па папярэдніх даных Цэнтрвыбаркама, у Беларусі прагаласавала 77,05 працэнта выбаршчыкаў, адметна, што традыцыйна самым актыўным рэгіёнам стала Віцебшчына – 84,49 працэнта, і гэта на 2 працэнты больш у параўнанні з мінулай выбарчай кампаніяй. Найменшая яўка зафіксавана ў Брэсцкай вобласці (79,16) і Мінску – 61,41 працэнта. Колькасць абраных дэпутатаў у мясцовыя Саветы склала 18110 чалавек. Выбарчая кампанія па краіне прайшла роўна і ў цэлым спакойна.

У нядзелю свае сустрэчы з выбаршчыкамі і членамі камісій мы вырашылі пачаць з вясковых участкаў для галасавання – як вядома, людзі на сяле прачынаюцца рана і не адкладваюць у доўгую скрыню галоўныя справы дня. Гэта цалкам пацвердзіў візіт у Двор Пліна, дзе галасавалі жыхары 10 населеных пунктаў Ушацкага сельсавета. Участак для галасавання №11, які ў папярэднія выбарчыя кампаніі размяшчаўся ў мясцовай школе, сёлета “пераехаў” у будынак Плінскага лясніцтва. “Сустрэлі нас тут гасцінна, у памяшканні цёпла, утульна, гаспадары дапамаглі ў забеспячэнні ўсім неабходным. Калі ж узнікалі пытанні па працэдуры выбараў – змястоўныя кансультацыі атрымлівалі ў раённай выбарчай камісіі, многія моманты дапамог высветліць адмысловы трэнінг, што праводзіўся перад выбарамі”, – адзначае сакратар вясковай выбарчай камісіі І.Г.Марковіч. “Будынак лясніцтва знаходзіцца ля дарогі, побач з паштовым аддзяленнем, думаецца, што менавіта гэта паспрыяла таму, што 40,6 працэнта нашых выбаршчыкаў прагаласавалі датэрмінова, – працягвае размову старшыня камісіі В.В.Падгол. – Сярод іх, напрыклад, – амаль усе работнікі комплексу “Маяк-Ушацкі”, шмат людзей сталага ўзросту, якія прыходзілі на пошту за пенсіяй і спадарожна галасавалі”. А вось жыхар Двор Пліна Андрэй Валяр’янавіч Бутоўскі, які працуе вартаўніком у дзіцячым садзе, прыйшоў на ўчастак у асноўны дзень, які быў для яго выхадным. “З задавальненнем аддаў свой голас за кандыдата ў дэпутаты райсавета па нашай акрузе Міхаіла Пятровіча Хоміча. Нават за невялікі час, які ён з’яўляецца старшынёй сельвыканкама, стала зразумела, што чалавек ён талковы, зацікаўлены, можа аказаць рэальную дапамогу ў вырашэнні нашых праблем”, – пракаменціраваў свой выбар мужчына.

Даволі ажыўлена было ў ранішні час і на Арэхаўскім участку для галасавання. Тут дэпутатаў у раённы Савет выбіралі па трох выбарчых акругах. “Усе нашы кандыдаты – Ларыса Аляксандраўна Булаўка, Сяргей Міхайлавіч Ільюшэвіч, Сяргей Яўгенавіч Аваднёў – людзі добра вядомыя і аўтарытэтныя, тое ж датычыцца і кандыдата ў Віцебскі абласны Савет С.А.Даніловіча, які шмат зрабіў для нашага раёна, кандыдатаў у дэпутаты сельскіх Саветаў – таму вяскоўцы галасуюць з энтузіязмам”, – адзначыла намеснік старшыні выбарчай камісіі С.В.Лісоўская. З 677 зарэгістраваных на ўчастку №9 выбаршчыкаў каля 200 выказалі жаданне зрабіць свой выбар па месцы знаходжання – у адным толькі Ваўчо такіх аказалася 71. У час нашага візіту члены камісіі Антон Кучынскі і Яўгенія Пацэйка якраз вярнуліся з аб’езду і расказалі, што вяскоўцы чакалі іх з нецярплівасцю, загадзя расчышчалі ад снегу дарожкі, запрашалі даўжэй пабыць у гасцях.

Тыя ж жыхары невялікіх населеных пунктаў, якія мелі такую магчымасць, дабіраліся на выбарчыя ўчасткі самі – так, на ўласным транспарце прыехаў у Арэхаўна з Лутава Валерый Антонавіч Чумак, з Ціханят – Ірына Сяргееўна Хамічонак. Адным з першых нядзельнай раніцай на Ільюшынскі ўчастак для галасавання прыбыў з Качаноў Васіль Сяргеевіч Марковіч, з Жар прыехалі Мікалай Пятровіч і Таццяна Іванаўна Пасах.

“Не разумеем тых, хто не прыходзіць галасаваць: выбіраем жа ўладу для сябе”, – патлумачылі сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю жыхаркі Ільюшына Людміла Мікалаеўна Ягадка і Наталля Мяфодзьеўна Аксёнава. “Хоць жыву ва Ушачах нядаўна, але хачу прымаць непасрэдны ўдзел у фарміраванні новага саставу органаў мясцовай улады”, – адзначыў Вячаслаў Леанідавіч Пыцьеў, які наведаў участак для галасавання №3, размешчаны ў дзіцячай школе мастацтваў, разам са спадарожніцай жыцця Таісай Васільеўнай Сімановіч.

Увогуле вельмі многія жыхары раёна прыходзілі на выбары сем’ямі, бралі з сабой дзетак. У суправаджэнні аж трох малышоў, пакінуўшы дома пад наглядам родных яшчэ двух меншых, прыбылі на Ільюшынскі ўчастак мнагадзетныя бацькі Кацярына і Юрый Бука. З вельмі сур’ёзным відам дапамагалі Аляксандру і Наталлі Клачкам апусціць бюлетэні ў празрыстую урну на ўчастку для галасавання №1 у Доме Саветаў маленькі сынок і дачушка. А выканаўшы адказную місію, з задавальненнем глядзелі разам з бацькамі ў вестыбюлі выступленне хору народнага клуба “Ветэран”. Прынамсі, канцэртныя праграмы, прызваныя ўмацаваць атмасферу свята, традыцыйна ладзіліся амаль на ўсіх участках: так, напрыклад, арэхаўскім выбаршчыкам мясцовыя культработнікі прапанавалі двухгадзінны канцэрт “З любоўю да Беларусі”, а ў школе мастацтваў радавалі слых ушачан музыканты калектыву “Джаzzі”. На некаторых участках быў арганізаваны выязны гандаль.

У цэлым можна канстатаваць, што выбары на Ушаччыне прайшлі арганізавана і без значных эксцэсаў. Хіба што некаторыя грамадзяне прасілі дазволу прагаласаваць не на сваіх участках (матывуючы гэта тым, што, напрыклад, прыехалі ва Ушачы ў краму ці ў царкву) – на гэта, вядома ж, яны атрымалі адмову.

Да слова, 18 лютага для многіх нашых суайчыннікаў было двайным святам – дзень выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў супаў з дараванай нядзеляй, калі, па хрысціянскім звычаі, варта прабачаць адзін аднаму крыўды. Будзем спадзявацца, што ў абранага ў гэты дзень дэпутацкага корпусу не ўзнікне падстаў прасіць прабачэння ў выбаршчыкаў за нявыкананыя наказы, што новыя народныя абраннікі цалкам апраўдаюць высокі давер людзей.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Удзел у датэрміновым галасаванні прынялі 3409 ушачан. У дзень выбараў у памяшканнях для галасавання аддалі свае галасы за кандыдатаў 2900 чалавек,  3104 выбаршчыкі прагаласавалі па месцы знаходжання.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *