Дарья Межуй — ответственный и коммуникабельный работник

Образование и молодежь

Дар’я Мяжуй адпрацавала ва УП ЖКГ Ушацкага раёна звыш пяці гадоў. Сюды яна ўладкавалася лабарантам адразу пасля заканчэння аграрна-тэхнічнага каледжа ў Лепелі па спецыяльнасці водазабеспячэнне і водаадвядзенне, ахова водных рэсурсаў. Здаецца, зусім нядаўна пра дзяўчыну з Казімірова мы прыгадвалі як пра маладога, а зараз гэта ўжо вопытны спецыяліст. Між тым, паўтара месяца таму Дар’я Мікалаеўна значна змяніла род дзейнасці.

Так атрымалася, што сустрэўшы новы год у вялікім дружным калектыве прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, з 12 студзеня частка службы перайшла пад кіраўніцтва “Наваполацкводаканала”. Новая структура, у якую ўвайшлі 33 чалавекі, размяшчаецца на базе ачышчальных збудаванняў ля паўночнага выезду з гарпасёлка. Цяпер Дар’я працуе кантралёрам па налічэннях плацяжоў за спажытыя кубаметры вады.

Аднак тарыфы – не адзіны клопат Д.Мяжуй. Штораніцы ёй трэба з’явіцца на працу раней астатніх: перад тым, як адправіцца на ўчасткі, брыгады водаканальшчыкаў праходзяць абавязковы алкатэст, які зараз “упаўнаважана” праводзіць дзяўчына.

– Праца машынных аператараў ці, напрыклад, слесараў утойвае шмат небяспечных момантаў, і парушэнне дысцыпліны можа прывесці да выхаду са строю абсталявання ці, яшчэ горш, траўм работнікаў, – расказвае спецыяліст. – Таму паказчык прыбора павінен быць нулявым. Пакуль, праўда, ні разу не даводзілася забараняць сваім супра­цоўнікам выходзіць на работу – турбот на гэты конт няма. Радуе, што людзі адказна ставяцца да свайго здароўя і даражаць працоўным месцам.

Разам з Дар’яй Мікалаеўнай перайшлі ў новую структуру і “старыя” функцыі. Яна супрацоўнічае з наваполацкімі спецыялістамі па лабараторным аналізе вады, якая паступае ў сістэму і выходзіць з яе. Праверкі вядуцца па шэрагу паказчыкаў: на перавышэнне ўтрымання фосфару, жалеза, нафтапрадуктаў, некаторых іншых рэчываў.

Акрамя выканання прафесійных абавязкаў ёсць у Дар’і і шэраг грамадскіх. Яна з’яўляецца адным з актывістаў райкама БРСМ і прымае ўдзел у многіх праектах маладзёжнага аб’яднання. Сябруе са спортам – у вольны час займаецца настольным тэнісам, вырасшы ў маляўнічым куточку Ушаччыны на беразе возера, любіць плаванне, зімой становіцца на лыжы. Камунікабельная і лёгкая на пад’ём, яна  з ахвотай удзельнічае і ва ўсіх культурных і спартыўных мерапрыемствах.

Вольга СЕВЕРЫНА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *